Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны вырасьлі, экспарт упаў, узялі новыя крэдыты. Беларуская эканоміка-2019 у лічбах


У канцы году Свабода паглядзела, што там з ВУП, як вырасьлі цэны, ці павысіўся экспарт і што ўсё гэта значыць.

Цэны

За год спажывецкія цэны на харчовыя тавары вырасьлі на 5% у параўнаньні зь леташнім лістападам. На нехарчовыя тавары — на 3,2%. Найбольш падаражэлі за год паслугі — на 7,3%.

Адносна сьнежня 2018 году інфляцыя ў Беларусі склала 4,2%. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі і прагнозаў Нацбанку, інфляцыя ў 2019 годзе мусіць скласьці ня больш за 5%. Паводле Белстату, найбольш у 2019 годзе беларусы расходавалі на харчы — 37,2% усіх выдаткаў. На паслугі ЖКГ ідзе 9,4% усіх выдаткаў, на транспарт — 9,5%. Найменш беларусы траціліся на адукацыю — (1,2%) і на гатэлі, рэстараны і кавярні (2,8%).

З 15 сьнежня зноў вырасьлі цэны на паліва, гэта 26-е за год павелічэньне. Цяпер цана бэнзіну АІ-92-К5-Эўра складае 1,62 рубля за літар, АІ-95-К5-Эўра — 1,72 рубля, АІ-98-К5-Эўра — 1,94 рубля, дызэльнага паліва — 1,72 рубля за літар.

Экспарт

За пэрыяд са студзеня па кастрычнік экспарт зь Беларусі ўпаў на 1,5%, а імпарт вырас на 3%. Агулам замежнагандлёвы абарот за студзень—кастрычнік склаў 59 мільярдаў даляраў.

У кастрычніку прэм’ер Беларусі Сяргей Румас выказаў незадаволенасьць тэмпамі росту экспарту. Тады, па яго падліках, ён складаў 96,9% ад леташняга. Гэта зьвязана з экспартам нафтапрадуктаў у краіны ЭЗ, які запаволіўся ад паставак на беларускія НПЗ бруднай расейскай нафты. Як падлічылі беларускія чыноўнікі, страты ад гэтага — мінімум 100 мільёнаў даляраў. Налета ў Беларусі ўпершыню за 6 гадоў прыняты дэфіцытны бюджэт. Гэта значыць, што расходы ў ім перавышаюць даходы.

Курс даляра

За год курс даляра амаль не зьмяніўся. 16 сьнежня 1 даляр каштаваў — 2,1 беларускага рубля. Летась у сьнежні ён каштаваў 2,12 рубля.

Дзяржаўны доўг

На 1 лістапада гэтага году Беларусь вінаватая іншым краінам і міжнародным арганізацыям 16,5 мільярдаў даляраў. Летась замежны дзярждоўг складаў 16,7 мільярда даляраў. За год Беларусь узяла:

  • 601,8 мільёна даляраў ва ўраду і банкаў Расеі;
  • 150,5 мільёна — гэта аблігацыі, разьмешчаныя на замежных фінансавых рынках;
  • 79,3 мільёна даляраў у Міжнародным банку рэканструкцыі і разьвіцьця;
  • 62,8 мільёна ў Экспартна-імпартнага банку Кітая;
  • 28,6 мільёна даляраў у Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Паўночнага інвэстыцыйнага банку.

За год Беларусь пагасіла 1,3 мільярда даляраў пазык.

У сьнежні стала вядома, што Беларусь узяла ў Кітая крэдыт памерам 500 мільёнаў даляраў. Сёньня Беларусь вінаватая кітайскім банкам 3,4 мільяра даляраў, а Расеі і расейскім банкам — 7,9 мільярда.

Даходы і расходы беларусаў

У кастрычніку 2019 году ў сярэднім беларусы зараблялі 1123,4 рубля, год таму — 999,7 рубля. Грашовыя даходы беларусаў у студзені—верасьні ў разьліку на адну гаспадарку — 1341,4 рубля на месяц. Расходы — 1274,2 рубля на месяц. 74,7% выдаткаў — гэта спажывецкія расходы (харчы, нехарчовыя тавары, камуналка).

Калі ўзяць усіх жыхароў Беларусі і падзяліць іх на колькасьць даходаў беларусаў, то атрымаецца, што палова беларусаў (51,7%) за месяц маюць суму да 500 рублёў. 20,6% беларусаў маюць на месяц рэсурс у 400-500 рублёў. Больш за 800 рублёў маюць толькі 15,8%. Такія падлікі прыводзіць Белстат.

Высновы і прагнозы

Са студзеня па кастрычнік гэтага году ВУП Беларусі вырас толькі на 1,1%, што гаворыць пра нізкі тэмп разьвіцьця эканомікі. На гэта зьвяртае ўвагу Вадзім Іосуб, старшы аналітык «Альпары».


«Фінансавая стабільнасьць у стабільным курсе: даляр і эўра каштуюць таньней, чым у пачатку году. Гэта вынік нізкай інфляцыі. Але зваротны бок мэдаля — вельмі нізкі эканамічны рост, 1,1% ВУП. Такі рост не дае шанцаў скараціць адставаньне ва ўзроўні жыцьця ад больш разьвітых суседзяў. Гэтая фінансавая стабільнасьць — вынік працы Нацбанку. А нізкі рост — вынік нежаданьня рабіць структурныя рэформы», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Наступны год ён прагназуе «падобным»: нізкі рост ВУП пры адсутнасьці рэформаў.

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, 2019-ы для Беларусі — год страчаных магчымасьцяў.


«Улада рабіла выгляд, што нешта адбываецца, што ўсё пад кантролем. Урад казаў, што будзе 4% росту ВУП. Няма ні стратэгіі разьвіцьця, ні нейкіх плянаў. Эканамічная палітыка нагадвае сытуацыю перад развалам Савецкага Саюзу», — кажа эканаміст.

Паводле яго, наступны год нясе падзеньне ВУП, памер якога залежыць ад крэдытаў, якія будзе браць улада: «Бо наступны год — год выбараў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG