Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў пазычыла ў беларусаў 650 мільёнаў даляраў


У студзені-ліпені 2019 году Міністэрства фінансаў Беларусі разьмясьціла на ўнутраным рынку дзяржаўныя аблігацыі на суму каля 650 млн даляраў у эквіваленце: 449,7 млн даляравых аблігацый і 179 млн — аблігацый у эўра.

Такія зьвесткі сьведчаць пра тое, што Мінфін працягвае пазычаць замежную валюту на ўнутраным рынку, піша БелаПАН.

Бюджэт на 2019 год прадугледжваў, што ў бягучым годзе ўлады пазычаць на ўнутраным рынку 370 млн даляраў. Аднак у канцы чэрвеня міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч сказаў у размове з журналістамі, што дзяржава пазычае ў гэтым годзе на ўнутраным рынку больш, чым плянавала.

Беларускія ўлады пачалі актыўна пазычаць валюту на ўнутраным рынку на фоне рашэньня Расеі прыпыніць выдачу дадатковых крэдытаў Беларусі. Паводле Ермаловіча, расейскі бок гатовы разглядаць пытаньне выдзяленьня Беларусі крэдыту на 630 мільёнаў даляраў пасьля таго, як будуць урэгуляваныя інтэграцыйныя пытаньні.

​Каб замясьціць расейскія рэсурсы, Беларусь мае намер прыцягнуць да канца 2019 году 500 млн даляраў у Банку разьвіцьця Кітаю.

Новыя пазыкі Беларусь прыцягвае для частковага рэфінансаваньня плацяжоў па зьнешнім і ўнутраным дзяржаўным доўгу. Агулам Беларусь у 2019 году павінна накіраваць на выплаты па дзярждоўгу больш за 8,7 млрд рублёў (зь іх 5,8 млрд — на замежную запазычанасьць, 2,9 млрд — на ўнутраны дзярждоўг). На 1 ліпеня дзяржаўны доўг Беларусі склаў 43,1 млрд рублёў.

У наступныя гады значныя плацяжы Беларусі па дзярждоўгу захаваюцца — гэта вынікае з прэзэнтацыі Міністэрства фінансаў, прадстаўленай у ліпені расейскім пакупнікам беларускіх дзяржаблігацый. У ёй гаворыцца, што ў 2019 годзе Беларусь павінна накіраваць на выплаты па валютным дзярждоўгу 3,2 млрд даляраў, у 2020-м — 3,5 млрд, у 2021-м — 3,3 млрд, у 2022-м — 3,4 млрд, у 2023-м — 3,8 млрд, у 2024 годзе — 2,7 млрд даляраў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG