Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі міністар: Інтэграцыя зь Беларусьсю ідзе паводле прынцыпу «дзьве дзяржавы — адна эканоміка»


Міністар эканамічнага разьвіцьця Расіі Максім Арэшкін.
Міністар эканамічнага разьвіцьця Расіі Максім Арэшкін.

Паглыбленая інтэграцыя з Беларусьсю ідзе па прынцыпе «дзьве дзяржавы — адна эканоміка», заявіў міністар эканамічнага разьвіцьця Расеі Максім Арэшкін на сустрэчы ў Савеце Фэдэрацыі расейскага парлямэнту, паведамляе БелаПАН.

«Апошнія некалькі месяцаў прайшлі пад знакам працы з нашымі беларускімі партнэрамі. На даручэньне прэзыдэнта і старшыні ўраду займаюся падрыхтоўкай праграмы эканамічнай інтэграцыі, — адзначыў Арэшкін, які ўзначальвае расейскую частку рабочай групы па пытаньнях інтэграцыі. — У нас падрыхтавана 31 дарожная мапа. У нас проста вось такі сьпіс дакумэнтаў (паказаў рукамі таўшчыню. — Рэд. ) цяпер з канкрэтнымі захадамі ў ключавых сфэрах, якія будуць набліжаць нас, мы так прынцып называем «дзьве дзяржавы — адна эканоміка».

Арэшкін так патлумачыў гэты прынцып:

«Гэта значыць згладжваньне ўсіх адрозьненьняў у рэгуляваньні, у выкарыстаньні розных інфармацыйных сістэм, маркіроўка, Адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сыстэмы. Шмат-шмат такіх пытаньняў, якія мы стараемся зьвесьці, для таго каб тут далей у нас разьвіцьцё праходзіла на адзінай плятформе, для таго каб і чалавек, і кампанія, створаныя яны ў Расеі ці ў Беларусі, адчувалі сябе аднолькава і мелі аднолькавыя магчымасьці», — заявіў Арэшкін.

Паводле Арэшкіна, у гэтым кірунку бакі вельмі сур’ёзна прасунуліся:

«Пэўная колькасьць няўзгодненых пытаньняў застаецца. У нас перамовы спачатку прэмʼер вёў каля сямі гадзін. Прэзыдэнт больш за пяць гадзін правёў у перамовах з Аляксандрам Рыгоравічам. Паступова рухаемся наперад».

Паводле Арэшкіна, 20 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу будзе чарговая сустрэча двух прэзыдэнтаў. 10 і 13 сьнежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пасьля 20 сьнежня могуць спатрэбіцца яшчэ сустрэчы з Пуціным для вырашэньня неўрэгуляваных пытаньняў.

«Паглыбленьне інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Што важна ведаць

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, ліпень 2019
  • Урады Беларусі і Расеі зьбіраліся ўзгадніць 31 стратэгічны плян інтэграцыі. Паволе расейскага прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьзведзева, няўзгодненым застаўся 1 плян — пра наднацыянальныя органы.
  • Што менавіта зьбіраюцца падпісаць Лукашэнка і Пуцін, а таксама на што пагадзіліся ўрады ў стратэгічных плянах, публічна не агучваецца.
  • Тэма «паглыбленьня інтэграцыі» пачалася зь перамоваў пра кампэнсацыю «падатковага манэўру». Але ў «праграме інтэграцыі» няма кампэнсацыі «падатковага манэўру», бюджэт разьлічылі безь яе.
  • У канцы 2018 году Мядзьведзеў заявіў, што Расея гатовая «праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня» толькі тады, калі будуць выкананыя ўмовы пагадненьня аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году — а гэта агульныя валюта, суд і мытня.
  • Гэтыя ўмовы празвалі «ўльтыматумам Мядзьведзева». Аляксандар Лукашэнка тады адказаў жорстка: маўляў, «шантажаваць марна. Разумею намёкі — уступайце ў склад Расеі. Гэтага ня будзе ніколі».
  • 19 сьнежня 2019 году Ўладзімір Пуцін заявіў, што зь Беларусьсю абмяркоўваюць стварэньне наднацыянальных органаў — кантрольнага і эмісійнага. 23 сьнежня Мядзьведзеў паўтарыў, што без наднацыянальных органаў ня будзе кампэнсацыі «падатковага манэўру» і іншай дапамогі Беларусі.
  • 17 лістапада Лукашэнка абурыўся тым, што расейцы «кожны раз падсоўваюць новыя ўмовы, у выніку мы ў эканоміцы нешта страчваем», і рытарычна спытаў: «На храна патрэбен такі саюз?».
  • Шэраг беларусаў лічаць, што «паглыбленьне інтэграцыі» ўсё ж можа прывесьці да страты незалежнасьці Беларусі. Палітыкі і культурныя дзеячы прынялі 1 сьнежня сумесную заяву «Аб пагрозе Незалежнасьці Беларусі», а 4 сьнежня супраць інтэграцыі выступілі беларускія Telegram-каналы і суполкі «Ўкантакце».
  • Акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі прайшлі ў Менску ​7, 8, 20 і 21 сьнежня. А таксама ў Горадні, Пінску, Лідзе. За мяжой — у Польшчы, Украіне, Літве, Чэхіі, Вугоршчыне, Бэльгіі, Ізраілі, ЗША, Канадзе.
  • Агульная сума штрафаў пратэстоўцам — каля 65 тысяч даляраў. Таксама ўдзельнікам акцый прысудзілі агулам 375 сутак арышту.

  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што акцыі супраць «паглыбленьня інтэграцыі» не былі масавымі («400 чалаек — гэта наша ядро апазыцыі»), і «нехта падказаў, аплаціў, фонды ім даюць прыстойныя грошы». Лукашэнка дадаў, што сам ня пойдзе на тое, «ад чаго яны спрабуюць усьцерагчы беларускі народ», і назваў сябе «галоўны абаронца сувэрэнітэту і незалежнасьці».

Спэцпрапект «Чаму Беларусь не Расея»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG