Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеру Ціханоўскаму ў Гомлі прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту за менскія пратэсты


Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе
Блогер Сяргей Ціханоўскі на судзе

За дзень да меркаванага вызваленьня гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага (Youtube-канал «Страна для жизни»), якому прысудзілі 15 сутак арышту за ўдзел у мітынгу ў Менску, нечакана адбыўся новы суд.

Па выніках разгляду чарговай адміністрацыйнай справы 10 студзеня судзьдзя суду Савецкага раёну Гомля Аляксандр Мохараў пакараў Ціханоўскага новым адміністрацыйным тэрмінам у 15 сутак — за «актыўны ўдзел» у несанкцыянаваным мітынгу супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі 20 сьнежня.

Судзьдзя зачытаў паказаньні сьведак, супрацоўнікаў сталічнай міліцыі. Паводле іх, гомелец размахваў сьцягам, выкрыкваў лёзунг «Жыве Беларусь!» і актыўна выказваў сваё меркаваньне.

Ранкам 11 студзеня блогера зьбіраліся сустракаць з ізалятара часовага ўтрыманьня, а 10 студзеня актывісты выпадкова даведаліся, што Ціханоўскага павезьлі на новы суд. Паводле адваката, які 9 студзеня быў у судзе і сустракаўся ў ІЧУ з Ціханоўскім, аб новым судзе нічога не было вядома. Самому блогеру таксама не паведамілі загадзя аб чарговым пратаколе.

Ціханоўскі патлумачыў у судзе, што прыехаў у Менск, каб зьняць на відэа мітынг «за незалежнасьць Беларусі». Але не прымаў актыўнага ўдзелу ў мерапрыемстве, сьцягам не размахваў і лёзунгаў не выкрыкваў, як гаворыцца ў паказаньнях сьведкаў-міліцыянтаў. У якасьці доказу прапанаваў паглядзець яго відэаблог, у якім зафіксавана кожная сэкунда ягонага знаходжаньня на Кастрычніцкай плошчы.

Усе хадайніцтвы, акрамя допыту сьведкі, які прысутнічаў у залі, і прагляду відэаблога Ціханоўскага ад 20 сьнежня, суд адхіліў. З дапамогай свайго запісу гомелец аспрэчыў сьведчаньні міліцыянтаў аб «актыўным удзеле» ў мітынгу. А таксама даказаў, што міліцыянты прадставілі ілжывыя доказы — ягоны здымак у сьветлы час сутак, хоць мерапрыемства праходзіла ўвечары.

Аднак суд прызнаў блогера вінаватым і пакараў максымальным тэрмінам адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, Ціханоўскі адседзіць у ІЧУ 30 сутак запар.

Акрамя Ціханоўскага, яшчэ на 15 сутак пасьля папярэдняга арышту за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй 10 сьнежня асудзілі сустаршыню БХД Паўла Севярынца і актывіста «Эўрапейскай Беларусі» блогера Зьмітра Казлова.

«Дзяржаўныя тэлеканалы не паказвалі мітынг, але дзякуючы незалежнай прэсе і блогерам, многія людзі даведваюцца праўду. Таму ўлады ваююць таксама і са мной», — сказаў Сяргей Ціханоўскі Свабодзе пасьля прысуду.

Таксама ён паведаміў, што ў ІЧУ не працуе тэлефон-аўтамат, што яму не перадавалі ніякіх паштовак і лістоў, якія дасылалі актывісты і падпісчыкі. Паводле блогера, у ізалятары «жахлівыя ўмовы», а Новы год там ніякім чынам не адзначалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG