Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтара славутага эсэ «Незалежнасьць — гэта...» Уладзімера Арлова аштрафавалі за мітынг у абарону незалежнасьці


Уладзімер Арлоў на судзе

Уладзімера Арлова, аўтара эсэ 1990 году «Незалежнасьць — гэта...», судзілі ўпершыню ў жыцьці. За тое, што выйшаў на плошчу абараняць незалежнасьць Беларусі. Рашэньне суду — штраф 20 базавых (540 рублёў)

Паводле пратаколу, Уладзімер Арлоў прысутнічаў на мітынгу 8 сьнежня, трымаў бел-чырвона-белы сьцяг і выкрыкваў «Жыве Беларусь!».

У самым пачатку працэсу над Уладзімерам Арловым судзьдзя Аляксей Кісьляк адмовіўся выслухаць у якасьці сьведкі літаратара Лявона Баршчэўскага. Пра гэта перад судом хадайнічаў сам Арлоў. Адмоўнае рашэньне суду некаторыя прысутныя ў залі сустрэлі сьмехам.

Уладзімер Арлоў не прызнаў віны, хаця пацьвердзіў, што прысутнічаў і выступаў на мітынгу ў абарону незалежнасьці.

«Так, я быў у той час на плошчы, але сьцяга ў руцэ ў мяне не было, я нічога не выкрыкваў, а толькі прачытаў свой твор — эсэ «Незалежнасьць — гэта...» Паводле Ўладзімера Арлова, ён сьвядома выступаў на мітынгу ў падтрымку незалежнасьці краіны, бо лічыць, што бараніць краіну — гэта абавязак усіх грамадзян. Пісьменьнік спаслаўся на словы Аляксандра Лукашэнкі пра абарону незалежнасьці Беларусі.

У сваім тлумачэньні пісьменьнік прачытаў эсэ «Незалежнасьць — гэта...», якое было напісана ў 1990 годзе. 8 сьнежня гэтае эсэ Ўладзімер Арлоў чытаў на Кастрычніцкай плошчы для ўдзельнікаў мітынгу ў падтрымку незалежнасьці Беларусі. Пасьля зачытваньня эсэ заля апладзіравала Ўладзімеру Арлову.

Што казалі сьведкі-амапаўцы?

Сьведка міліцыянт Андрэй Герасімовіч згадаў, што ў канцы сваёй прамовы Арлоў выкрыкнуў «Жыве Беларусь!» і чытаў свой артыкул «пра незалежнасьць». Што Ўладзімер Арлоў трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг, сьведка не пацьвердзіў.

Другі сьведка, амапавец Андрэй Штоп, таксама не пацьвердзіў, што Арлоў трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг. Што пісьменьнік, як запісана ў пратаколе, выступаў супраць інтэграцыі з Расеяй, сьведка ня памятае, але настойвае на дакладнасьці пратаколу. Бо «мітынг быў супраць інтэграцыі, а Арлоў на ім прысутнічаў».

Падчас суду
Падчас суду

Сёньняшні працэс над пісьменьнікам Уладзімерам Арловым быў для яго першым у жыцьці.

«У пачатку 2000-х было, што мяне затрымалі пасьля мітынгу, але тады празь некалькі гадзінаў сядзеньня ў пастарунку адпусьцілі. Афіцэр міліцыі, які вывучаў мой пратакол, прызнаўся, што вучыўся па маіх кнігах. Паглядзім, ці чыталі іх у судзе», — казаў перад працэсам Уладзімер Арлоў. Пасьля суду пісьменьнік так пракамэнтаваў пастанову: «Я быў гатовы да любога прысуду, у тым ліку арышту. Таму браў з сабой том Мантэня, свайго ўлюбёнага аўтара».

Пасьля суду Ўладзімер Арлоў падзякаваў тым, хто прыйшоў яго падтрымаць, і пачаставаў людзей сушкамі, якія браў на выпадак арышту. Калі выйшаў з суду, ён дадаў, што зычыць посьпехаў усім, каго судзяць за мітынгі ў абарону незалежнасьці.

«Мы ўсё роўна мусім быць гатовыя абараніць незалежнасьць, і я веру, што мы пераможам», — сказаў пісьменьнік.

Падтрымаць Уладзімера Арлова ў суд прыйшлі больш за 30 чалавек, у тым ліку пісьменьнікі, грамадзкія і палітычныя актывісты, праваабаронцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG