«Прававая ініцыятыва» 3 студзеня зьвярнулася з адкрытым лістом да міністра ўнутраных справаў Юрыя Караева і старэйшага памочніка пракурора Менску Мікалая Герашчанкі з нагоды парушэньня правоў арыштаванага Станіслава Шашка.
Хто такі Шашок?
Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, актывіст кампаніі за дэкрыміналізацыю лёгкіх наркотыкаў Legalize Belarus.
Шашка затрымалі ўвечары 27 сьнежня за ўдзел у акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. 28 сьнежня Шашка арыштавалі на 15 сутак і зьмясьцілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
Што адбылося?
Ад 30 сьнежня па 3 студзеня да Шашка не пускалі адвакатаў. Прычынай нядопуску супрацоўнікі ізалятару называлі занятасьць пакояў для спатканьняў з адвакатамі.
Праваабаронцы і сваякі ня ведаюць, што адбываецца з Шашком і хвалююцца за яго жыцьцё і здароўе.
Што ў лісьце?
Праваабаронцы папрасілі Караева і Герашчанку выправіць сытуацыю і:
- наведаць Шашка ў ізалятары;
- забясьпечыць сустрэчу Шашка і адваката.
Акрамя Шашка за пратэсты супраць інтэграцыі арыштавалі яшчэ некалькі чалавек — Паўла Севярынца, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля, Леаніда Кулакова, Дзяніса Урбановіча, Максіма Урбановіча, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Чахольскага, Алену Таўстую. Большасьць зь іх сустрэла Новы год за кратамі.