Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. X. Самыя сумныя Каляды


У суботу 24 сьнежня 2011 года, не дачакаўшыся спатканьня з сынам Алесем, Віктар Усьцінавіч Бяляцкі памёр. На 83-м годзе жыцьця.

Старому Бяляцкаму стала блага ў канцы жніўня, ужо пасьля таго, як арыштавалі Алеся. Спачатку лекары падазравалі запаленьне лёгкіх. Дыягназ «рак» яму паставілі 11 кастрычніка 2011 году. Да гэтага бацька трымаўся нядрэнна, яшчэ працаваў на лецішчы ў Ракаве, а жыў у Алесевай сястры Вольгі ў Менску. Пасьля 4 жніўня, калі арыштавалі Алеся, ад Віктара Ўсьцінавіча нейкі час хавалі гэтую сумную навіну, стараліся адцягнуць ад тэлевізара, каб часам не пачуў, што пра гэта расказвае дзяржаўнае тэлебачаньне. Але Віктар Усьцінавіч чытаў незалежную прэсу, таму доўга ў таямніцы для яго гэты факт застацца ня мог.

Да арышту Алеся і прысуду яму Віктар Усьцінавіч паставіўся рэзка адмоўна, у размовах зь нявесткай Натальляй ён станавіўся на бок сына, але больш ні з кім асабліва не абмяркоўваў гэтую тэму. Боль ён насіў у сабе.
Бацька Алеся Бяляцкага Віктар Усьцінавіч з унукам Адамам
Бацька Алеся Бяляцкага Віктар Усьцінавіч з унукам Адамам

«Апошняя размова ў нас была за тыдзень да сьмерці. Я была ў яго ў нядзелю 18 сьнежня. Бацька яшчэ сеў, хапіла сіл на гэта. Спытаўся, як там што. Я яму кажу: „Бацька, вы ж ведаеце, што па-другому нельга было…“ Ён кажа: „Я ўсё, Наташа, разумею“. Ён цалкам апраўдваў, ведаў, што іначай Алесь ня мог учыніць, што зьехаць яму проста нельга было, — распавядае Натальля. — Бацька ўсё разумеў, але гэта не зьмяншала ягонага болю за сына».

Алесь Бяляцкі даведаўся пра бацькаву хваробу за некалькі дзён да суду, зь ліста жонкі. Калі Натальля прыйшла па выкліку ў суд у якасьці сьведкі, першае яго пытаньне да Натальлі было: «Як бацька?»

Пасьля 24 сьнежня зноў трэба было прасіць дазволу. Але ўжо не на спатканьне, а на пахаваньне. Натальля адразу пасьля навіны пра сьмерць сьвёкра паехала ў МУС. Там па выходных ідзе прыём наведнікаў у экстраных выпадках. Але яе не дапусьцілі да супрацоўніка, які вёў гэты прыём. Тады Натальля накіравалася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, напісала заяву з просьбай даць дазвол на ўдзел Алеся ў пахаваньні бацькі. Заяву прынялі і паабяцалі прыслаць адказ поштай. У панядзелак 26 сьнежня Натальля пакінула такія ж заявы ў Генэральнай пракуратуры, МУС і судзе. У Першамайскім судзе 26 сьнежня выдалі дазвол Алесю прысутнічаць на хаўтурах у Сьветлагорску, дзе сваякі вырашылі пахаваць Віктара Ўсьцінавіча побач зь ягонай жонкай. У гэты дакумэнт судзьдзя Высоцкая нарэшце ўпісала распараджэньні даставіць Алеся на пахаваньне — на адрас ГУУС Менску, абласной управы міліцыі і Жодзінскай турмы.

«Начальніку ГУУС Менгарвыканкаму, начальніку УУС Менаблвыканкаму, начальніку ПУ „Турма № 8“. Аб дазволе на вываз абвінавачанага зь СІЗА…
Яны так і не сказалі, што Алеся прывязуць на пахаваньне

Суд Першамайскага раёну гораду Менску дазваляе вываз Аляксандра Віктаравіча Бяляцкага пад канвоем з турмы № 8 гораду Жодзіна для ўдзелу ў пахаваньні бацькі 27 сьнежня 2011 году ў горадзе Сьветлагорску зь вяртаньнем яго неадкладна ў гэты ж дзень у ПУ „Турма № 8 гораду Жодзіна“ безь зьмяненьня яму меры стрыманьня пры ўмове забесьпячэньня аховы і бясьпекі ў часе шляху сьледаваньня і мерапрыемства».

Атрымаўшы гэты дакумэнт, Натальля патэлефанавала ў менскую міліцыю. Там сказалі: «Нічога ня ведаем, ператэлефануйце праз паўгадзіны». І так некалькі разоў. Яснасьці, ці адпусьцяць Алеся, не было да канца дня. Увечары міліцыянты шэсьць разоў тэлефанавалі ў кватэру да сястры Алеся, у тым ліку ўдакладнялі, хто ў ёй жыве. Заходзіў таксама ўчастковы — нібыта шукаў сьведак, як у двары пабілі шыбу ў машыне.

«Яны так і не сказалі, што Алеся прывязуць на пахаваньне, але я пасьля ўсяго гэтага зразумела, што разьвітаньне з бацькам рыхтуецца», — згадвае Натальля.

Раніцай 27 сьнежня, у дзень пахаваньня, Натальля прыехала ў менскі морг разам зь сястрой Алеся Вольгай і ягоным братам Уладзімерам.

Каля брамы іх спынілі тры супрацоўнікі ў цывільным, спыталі: «Вы хто?», але дакумэнты не правяралі і прапусьцілі далей. У двары моргу стаяў міліцэйскі мікрааўтобус і машына суправаджэньня ДАІ.
У гэтай машыне Алеся прывезьлі на разьвітаньне з бацькам
У гэтай машыне Алеся прывезьлі на разьвітаньне з бацькам

Непадалёк ад уваходу ў морг стаяла група мужчын у цывільным, чалавек пяць. Натальля падышла да іх, спадзеючыся ўбачыць Алеся. Адзін зь іх, старэйшы за астатніх, гадоў каля сарака, сказаў:

— Разьвітаньне з бацькам адбылося… Тое, чаго вы хацелі.

— Ну як так можна… Бацька ў труну не пакладзены, не накрыты, не падрыхтаваны… Гэта вы з халадзільніка дасталі цела? І гэта апошняе, што запомніць сын, разьвітваючыся з бацькам… Як так бесчалавечна можна ўчыніць?
Гэта вы з халадзільніка дасталі цела? І гэта апошняе, што запомніць сын, разьвітваючыся з бацькам…

Каб неяк стрымацца і не заплакаць, Натальля разьвярнулася і сышла.

Празь некалькі хвілін той самы супрацоўнік у цывільным паклікаў Натальлю і спытаў пра труну, ці тут яна. Потым даў дазвол, каб машыну з труной прапусьцілі ў двор моргу, і сказаў: «Няхай пакладуць бацьку ў труну, мы вам дамо нейкі час разьвітацца зь ім разам з Алесем». Калі супрацоўнікі моргу ў рытуальнай залі паклалі бацьку ў труну, накрылі цела, Натальлі, Вользе і Ўладзімеру дазволілі зайсьці, а праз хвіліну Алеся ўвялі з вуліцы. Без кайданкоў, але ў суправаджэньні аднаго ахоўніка. У рытуальную залю зайшла і тая група апэратыўнікаў у цывільным.

Алесь, калі заходзіў, заўважыў, што ягоны старэйшы брат Уладзімер, які прыехаў на пахаваньне зь Сібіры, у здранцьвеньні ня зьняў шапкі каля нябожчыка. Алесь абняўся з братам і зьняў яму шапку… У сямейным коле пры труне некалькі хвілін пагутарылі пра апошнія дні бацькі. Апэратыўнікі між тым здымалі ўсё гэта на відэа, камэру часам падносілі вельмі блізка да саміх прысутных. Хвілін празь дзесяць Алесю сказалі, што пара сыходзіць.

Разьвітваючыся з жонкай, ён сказаў: «Абдымацца будзем потым. Хутка ўжо». Але тады Натальля гэтых словаў нават не пачула, толькі потым іх пераказала Алесева сястра Вольга. На само пахаваньне ў Сьветлагорск Алеся з турмы не адпусьцілі.

Пазьней у лісьце жонцы за 5 студзеня Алесь напісаў, што сустрэча пры бацькавай труне была вельмі сумная: «Але добра, што так атрымалася, іначай я б адчуваў сябе вельмі кепска. Я і так адчуваю сябе вінаватым, што ня змог быць на пахаваньні. Ды нічога ня зробіш».

Як выявілася на разьвітаньні ў моргу, пра сьмерць бацькі Алесь даведаўся толькі ў дзень пахаваньня, яму пра гэта паведамілі раніцай 27 сьнежня перад ад’ездам у морг.

25 лютага 2008 году, калі памерла Ірына Казуліна, жонка іншага беларускага палітвязьня Аляксандра Казуліна, яго адпусьцілі на пахаваньне на тры дні. Алесю ж на разьвітаньне далі менш за гадзіну. Розьніца фармальна тлумачыцца тым, што Казулін у той момант быў у статусе асуджанага і скарыстаў працэдуру, прадугледжаную Крымінальна-выканаўчым кодэксам, а Алесь на момант сьмерці бацькі быў асобай, якая ўтрымліваецца пад вартай, бо ягоны прысуд у законную сілу не ўступіў. Для гэтай катэгорыі грамадзян такая працэдура законам не прадугледжаная наогул.
Разьвітаньне зь Віктарам Бяляцкім у Сьветлагорску
Разьвітаньне зь Віктарам Бяляцкім у Сьветлагорску

На разьвітаньне зь Віктарам Бяляцкім у Сьветлагорску прыйшло шмат сваякоў, суседзяў, сяброў. Пераважна пажылыя людзі. Гаварылі пра тое, як паўплываў на здароўе нябожчыка арышт ягонага сына, шкадавалі, што Алесю не далі разьвітацца зь яшчэ жывым бацькам.
Магілы бацькоў Алеся Бяляцкага
Магілы бацькоў Алеся Бяляцкага

Пахавалі Віктара Бяляцкага на сьветлагорскіх могілках побач з жонкай Нінай Аляксандраўнай. Маці Алеся памерла ў 1994 годзе пасьля інсульту. Гэта здарылася паміж першым і другім турамі першых выбараў прэзыдэнта Беларусі, калі стала зразумела, што ў Беларусі зьявіцца новы кіраўнік. Згадваючы свой душэўны стан у той пэрыяд у кнізе «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», Алесь Бяляцкі абраў слова «спустошанасьць».

Мая перапіска з галоўным героем гэтай кнігі пачалася ў красавіку 2012 году, калі ён ужо больш за паўгода правёў у турме. Я дасылаў Алесю пытаньні, ён дасылаў падрабязныя адказы. Сьведчаньні «зь першых вуснаў» істотна дапаўнялі агульную карціну, стваралі эфэкт прысутнасьці, тлумачылі тое, што мог патлумачыць толькі Алесь.

Пра сваіх бацькоў Алесь напісаў у лісьце з Бабруйскай турмы:

«Калі антыкамунізм у маці быў прыродным і стыхійным, выходзіў з рэаліяў праўды жыцьця — яна не любіла камуністаў так, як ня любіць просты чалавек любое начальства, — то ў бацькі гэтая пазыцыя мела ўнутранае ідэалягічнае абгрунтаваньне. Ён успрымаў калектывізацыю як катастрофу адладжанага дабрабыту ягонай сям’і, ён прынцыпова не ўступаў у камуністычную партыю, хаця я памятаю, як да нас у кватэру ў Сьветлагорску прыходзілі і ўгаворвалі яго туды ўступіць. Ён па жыцьцёвых абставінах, маючы адукацыю ўсяго 8 клясаў, быў чалавекам унутрана інтэлігентным, з пэўнымі маральнымі правіламі. Яны вельмі добра жылі з маці, душа ў душу. Ён ніколі на яе нават голасу не павысіў. Пасьля сьмерці маці ў 1994 годзе бацька так і застаўся адзін.

Калі я заняўся грамадзянскай дзейнасьцю, ён заўсёды падтрымліваў мяне. Гэтак жа ён падтрымліваў мяне і пасьля арышту. Ён лічыў усё слушным, што я рабіў у апошнія гады, і лічыў, што мяне арыштавалі несправядліва з-за маёй грамадзкай праваабарончай дзейнасьці. І для мяне ягоная падтрымка ў турме была вельмі важнаю. Я лічу, што многія рысы характару да мяне перайшлі па спадчыне і крыві ад бацькі».

Бацька і маці Алеся Бяляцкага Віктар і Ніна (у дзявоцтве Кавальчук) пазнаёміліся і пажаніліся ў Расеі, у Карэліі, куды іхнія сем’і паехалі па савецкай вярбоўцы. Але абое паходзілі з Гомельшчыны, Віктар — са шляхецкага роду Бяляцкіх зь мястэчка Гарадзец Рагачоўскага раёну, Ніна — зь вёскі Буда-Красноўская Нараўлянскага раёну (вёску адсялілі пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС).

*Віталь Цыганкоў. Алесь Бяляцкі: «У беларусаў існуе калектыўны інстынкт страху». «Свободные новости плюс». 01.09.2010
«Сям’я майго бацькі ў 1940 годзе выехала з Рагачоўскага раёну на забраныя Савецкім Саюзам у Фінляндыі карэльскія землі. Выехалі, уцякаючы ад калгасаў і калектывізацыі. Тады ў Беларусі не было чаго есьці і дзеці проста пухлі ад голаду. Як распавядаў мой бацька, яны апынуліся ў Карэліі ў такім перадкалгасным раі. Іх расьсялілі па хутарах карэлаў, якія так хутка ўцякалі ад СССР, што пакінулі ўсё, што было ў хаце», — пераказваў гісторыю сваёй сям’і Алесь Бяляцкі ў інтэрвію газэце «СН плюс»*.

Маці Алеся Ніна Аляксандраўна ў Карэлію трапіла ўжо пасьля Другой сусьветнай вайны, калі ёй было 18 гадоў. Яна была другая па старшынстве ў сям’і. Старэйшы брат застаўся ў вёсцы, там і пражыў сваё жыцьцё, а малодшыя ўсе паехалі за Нінай, выходзілі замуж, жаніліся і разьяжджаліся ў розныя бакі.

Алесь Бяляцкі нарадзіўся ў Карэліі, у мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну 25 верасьня 1962 году. Назвалі яго ў гонар дзеда па матчынай лініі, які загінуў на вайне.

Алесю было два з паловай гады, калі бацькі вярнуліся ў Беларусь. Яны ўсё жыцьцё працавалі на Сьветлагорскім хімзаводзе: бацька — брыгадзірам сьлесараў, маці — доўгі час апаратчыцай, а перад пэнсіяй — круцільшчыцай.

«Нягледзячы на тое, што бацька больш за 20 гадоў жыў у Карэліі, ён і ягоныя сёстры і браты заўсёды марылі вярнуцца ў Беларусь. У 60-я ў Беларусі пачалі будаваць вялікія прамысловыя аб’екты, набіралі працоўных, частка беларусаў вярталася на радзіму. Калі перад маёй сям’ёй у 1964 годзе паўстаў выбар — Сьветлагорск ці Салігорск, — то бацькі выбралі Сьветлагорск, бо ён быў бліжэй да радзімы і бацькі, і маці», — распавядаў Алесь газэце «СН-плюс».

У Сьветлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5, а ў 1979 годзе паступіў у Гомельскі ўнівэрсытэт на беларуска-расейскае аддзяленьне гісторыка-філялягічнага факультэту.

Суэр Белхасэн падчас пікету за вызваленьне Бяляцкага каля беларускай амбасады ў Парыжы
Суэр Белхасэн падчас пікету за вызваленьне Бяляцкага каля беларускай амбасады ў Парыжы
Суэр Белхасэн, намесьнікам якой у Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека зьяўляецца Бяляцкі, выказваючы ў лісьце спачуваньні Алесю, успомніла, як за год да гэтага падчас іх сумеснай місіі ў Кіргізстане Алесь падтрымаў яе, калі прыйшла сумная вестка з Тунісу, што памёр яе бацька:

«Страта бацькі — гэта страшны парог у жыцьці кожнага. Але як уявіць сабе боль пасьля гэтай страшнай весткі, атрыманай у зьняволеньні, удалечыні ад блізкіх і родных, сярод бяздушных турэмшчыкаў і глухіх сьцен, у краіне, улада якой даўно забылася ня толькі пра справядлівасьць і законнасьць, а проста пра элемэнтарную чалавечнасьць? За тваю прынцыповую пазыцыю і дабро, якое ты зрабіў столькім людзям, рэжым працягвае помсьціць. Помсьціць нізка і подла, але і балюча… Словы — нішто ў такі момант. Але ўсё ж мне хацелася б, каб ты ведаў: ні ў тваім горы, ні ў тваёй штучна створанай адзіноце насамрэч ты не самотны! Мы ўсе з табой у гэты цяжкі час».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG