Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. VII. Абвінавачаньне і допыт


Судзьдзя, Алесь Бяляцкі, пракурор, адвакат, канваір

Судзьдзя, Алесь Бяляцкі, пракурор, адвакат, канваір

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Пасьля ўсіх хадайніцтваў і адводаў, якія судзьдзя збольшага адхіляў, суд перайшоў да чытаньня абвінавачаньня. Пракурор Сайкоўскі ўзяў працэс у свае рукі. Тэкст абвінавачаньня склаў 6 старонак дробным шрыфтам. Бяляцкага вінавацілі ў тым, што

«шляхам ухіленьня ад прадстаўленьня падатковай дэклярацыі за 2007 год, а таксама наўмыснага заніжэньня падатковай базы і ўнясеньня ў прадстаўленую ў інспэкцыю Міністэрства па падатках і зборах РБ па Першамайскім раёне гораду Менску падатковую дэклярацыю па разьліку падаходнага падатку за 2008, 2009, 2010 гады заведама ілжывых зьвестак, ухіліўся ад выплаты сум падаходнага падатку з даходаў, атрыманых у 2007–2010 гадах у выглядзе грашовых сродкаў у суме 567 721 эўра 9 эўрацэнтаў, гэта значыць 2 мільярды 70 мільёнаў 970 тысяч 110 беларускіх рублёў паводле курсу Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды дзяржаве ў памеры 352 мільёны 274 тысячы 360 рублёў, што ў 10064 разы перавышае памер устаноўленай базавай велічыні, якая складае 35 тысяч беларускіх рублёў, а гэта значыць — у асабліва буйным памеры».

Зыходзячы з гэтага, Бяляцкага абвінавацілі ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу, паводле якога пагражае пакараньне да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Усе паступленьні грошай на рахункі Бяляцкага ў Літве і Польшчы арытмэтычна паскладалі і без разбору аднесьлі да ягоных даходаў, зь якіх ён нібыта мусіў плаціць падаткі Рэспубліцы Беларусь. Тлумачэньні абвінавачанага, што ён не выкарыстоўваў гэтыя грошы сам, што пералічваў іх трэцім асобам і арганізацыям для праваабарончай дзейнасьці, у тым ліку для праектаў па-за межамі Беларусі, для арганізацыі сэмінараў і друкаваньня кніг праваабарончай тэматыкі, сьледзтва да ўвагі не прыняло, і ў дакумэнт яны не ўвайшлі.

Калі абвінавачваньне было зачытанае, Алесь Бяляцкі заявіў, што не прызнае сябе вінаватым, што сутнасьць абвінавачаньня яму зразумелая, але незразумела, якія сумы сьледзтва лічыць ягонымі даходамі. Тое, што да ягоных прыбыткаў аднесеныя ўсе сумы, якія пераводзіліся на рахункі, незалежна ад таго, на што яны траціліся, Бяляцкі назваў пазбаўленым усялякай лёгікі і заявіў пра палітычныя матывы ягонай крымінальнай справы:

«Я перакананы, што мяне перасьледуюць за мае палітычныя погляды, за праваабарончую дзейнасьць, за тое, што я крытыкую дзейныя ўлады. Я быў уладальнікам рахункаў, але грошы ішлі на дзейнасьць „Вясны“ і нашых партнэраў у Беларусі. Я не распараджаўся гэтымі сродкамі, на іх расходаваньне складаліся адпаведныя дамовы. Апроч іх, існавалі іншыя дакумэнты. Я ня быў уладальнікам гэтых грошай, а быў перадатачным зьвяном. Гэтыя сродкі тычыліся працы рэгіянальных грамадзкіх прыёмных Праваабарончага цэнтру „Вясна“, яны перадаваліся ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Нашым міжнародным партнэрам накіроўваліся справаздачы па расходаваньні сродкаў — квіткі, друк, выданьне бюлетэняў, дапамога рэпрэсаваным. Апрача таго, ня ўсе гэтыя грошы расходаваліся ў Беларусі, частка зь іх выкарыстоўвалася за мяжой — на друк, на навучаньне. Я ня бачу сваёй карысьці з гэтых сродкаў, я асабіста іх у Беларусь ня ўвозіў».

У часе допыту Алесь патлумачыў, чаму грошы на праваабарончую дзейнасьць, на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў ішлі на ягоныя пэрсанальныя рахункі. Прычына ў тым, што з 2003 году грамадзкае аб’яднаньне «Вясна» ня мае легальнага статусу, яно было ліквідаванае Вярхоўным судом. Шматлікія спробы заснаваць новую праваабарончую арганізацыю пад новай назвай не далі выніку, нягледзячы на тое, што Камітэт ААН па правах чалавека ў 2007 годзе прызнаў ліквідацыю «Вясны» незаконнай, назваў гэта парушэньнем фундамэнтальнага права грамадзян Беларусі на свабоду асацыяцыяў ды абавязаў улады зарэгістраваць аб’яднаньне. Але ўлады РБ ня выканалі рашэньне Камітэту ААН.

У 2009 годзе пасьля трэцяй няўдалай спробы рэгістрацыі «Вясны» яе актывісты вырашылі дзейнічаць безь легальнага статусу, усьведамляючы магчымасьць перасьледу з боку ўладаў. Але, ня маючы рэгістрацыі ў Беларусі, «Вясна» ня можа тут адкрываць рахункі. Таму было вырашана для дзейнасьці арганізацыі ў фактычна падпольных умовах адкрыць рахункі за мяжой на імя старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Я выступаў як гарант, што гэтыя грошы будуць накіраваныя туды, куды яны былі прызначаныя фундатарамі

«Каб праводзіць праваабарончую працу, мною як старшынёй былі адкрытыя два рахункі ў Польшчы і Літве для атрыманьня сродкаў... Я выступаў як гарант, што гэтыя грошы будуць накіраваныя туды, куды яны былі прызначаныя фундатарамі. Я асабіста не распараджаўся гэтымі грашыма, а толькі ажыцьцяўляў кантроль над гэтым», — заявіў падсудны.

У часе допыту Бяляцкі пацьвердзіў, што сродкі на ягоныя рахункі пералічвалі Швэдзкі Хэльсынскі камітэт, які пазьней ператварыўся ў міжнародную арганізацыю Сivil Rights Defenders; Нарвэскі Хэльсынскі камітэт; МЗС Галяндыі. Аднак ці адпавядаюць сапраўднасьці перададзеныя суду раздрукоўкі руху грошай па рахунках, Алесь пацьвердзіць ня змог. Прычына ў тым, што гэтыя дакумэнты не былі завераныя банкам, а потым Мін’юст Літвы афіцыйна адклікаў іх зь Беларусі. (Польшча сваіх зьвестак пра Алеся не адклікала, але на знак пратэсту супраць перасьледу Бяляцкага выйшла з пагадненьня аб спрошчаным парадку абмену інфармацыяй паміж пракуратурамі Беларусі і Польшчы).

Некаторыя назвы арганізацыяў, якія пералічвалі «Вясьне» грошы, у матэрыялах справы ў першы дзень працэсу не былі перакладзеныя з замежных моваў, таксама як і суправаджальныя запісы пра мэты пераводу грошай. Гэта выклікала іранічную заўвагу Бяляцкага пракурору Сайкоўскаму: «Што ж вы так?»
Пракурор Валерый Сайкоўскі

Пракурор Валерый Сайкоўскі


Сайкоўскі распытваў Бяляцкага пра тое, якім чынам грошы пераводзіліся ў Беларусь, каму ён пералічваў іх далей, і нават называў прозьвішчы магчымых атрымальнікаў. Алесь адмаўляўся адказваць на гэтыя пытаньні, бо не хацеў, каб перасьледавалі і гэтых людзей, перш за ўсё — ягоных калегаў па працы ў «Вясьне»: «Гэтая справа ініцыяваная КДБ, і таму я не магу ствараць базу для перасьледу іншых асобаў», — казаў на гэта Бяляцкі.

Даючы паказаньні, а гэта доўжылася амаль тры гадзіны, Алесь увесь час стаяў, трымаючы ў руках дакумэнты. Тыя, хто вёў допыт, сядзелі. За ўвесь першы дзень працэсу Бяляцкаму не прынесьлі абед, нават не далі вады. Міжнародныя назіральнікі, якія зафіксавалі гэтыя факты, ацанілі іх як парушэньне і жорсткае абыходжаньне з абвінавачаным.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG