Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Бяляцкага. XLІII. Прававая дапамога менскаму рэжыму


Вільня

Вільня

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Тлумачэньняў, перапрашэньняў, здагадак, папрокаў, заяваў і спэкуляцый у адказ на пытаньне Галіны Дзячэнкі было шмат. Зь літоўскага і польскага бакоў. Зь Менску. Было глыбокае зьдзіўленьне і расчараваньне гэтым неабачлівым крокам літоўскіх і польскіх чыноўнікаў у Польшчы і Літве, а таксама ў іншых краінах Эўразьвязу.

У Літве і Польшчы арышт Бяляцкага выклікаў палітычныя скандалы, слуханьні ў парлямэнтах, публікацыі ў СМІ, службовыя расьсьледаваньні і адстаўкі. У СМІ прагучалі здагадкі пра палітычныя альбо карупцыйныя матывы ў дзеяньнях чыноўнікаў гэтых дзьвюх краін Эўразьвязу.

Кіраўніца дэпартамэнту міжнароднага права Міністэрства юстыцыі Літвы Аўшра Бярнацене, пэрсанальна адказная за выдачу зьвестак пра Бяляцкага, 18 жніўня пакінула пасаду. Але неўзабаве яе прынялі на працу ў Нацыянальную судовую адміністрацыю. Пазьней літоўскія СМІ выказалі падазрэньне наконт карупцыйных матываў яе ўчынку. Яны выявілі, што муж Бярнацене мае ў Менску адвакацкую кантору, якая кансультуе бізнэсоўцаў у справе прыбытковых інвэстыцыйных праектаў у Беларусі. Газэта Lietuvos žinios 26 жніўня ў артыкуле «За галаву дысыдэнта мільённыя інвэстыцыі?»* напісала, што за некалькі дзён да выдачы Літвою зьвестак на Бяляцкага ўлады Беларусі ўхвалілі інвэстыцыйны праект у Магілёўскай вобласьці на суму 77 мільёнаў эўра. Літоўскіх бізнэсоўцаў кансультавала юрыдычная фірма мужа Аўшры Бярнацене — Bernotas & Dominas Glimstedt… Але афіцыйнай рэакцыі на гэтую публікацыю не было.

Дырэктар Віленскага інстытуту грамадзянскай супольнасьці Дарыюс Куоліс у размове са мною назваў падазрэньні газэты Lietuvos žinios «вельмі сур’ёзнымі»:

Дарыюс Куоліс

Дарыюс Куоліс

«Падазрэньні маюць падставы, але нашае правасудзьдзе, нашыя спэцслужбы іх не праверылі і не адказалі, што ж тут было. І калі нашыя спэцслужбы, палітыкі, камітэт парлямэнту ў справах нацыянальнай бясьпекі маўчаць, значыць, ня ўсё добра ў літоўскай дзяржаве».

Спадар Куоліс пасьля арышту Бяляцкага зьбіраў подпісы пад лістамі літоўскіх інтэлектуалаў да прэзыдэнта Грыбаўскайце, Сэйму Літвы з патрабаваньнем асабістай і палітычнай адказнасьці службовых асобаў, вінаватых у выдачы інфармацыі пра Алеся. Але выніку ад гэтых лістоў не было, канстатуе Куоліс:

«Улада маўчыць, зьмястоўнага адказу не было. Выдача Бяляцкага так і застаецца ў Літве цёмнай гісторыяй. Ёсьць меркаваньні, але яснасьці няма. Тое, што Літва і яе ўрад зганьбіліся, — гэта факт. Але як гэта адбылося, чаму быў выданы Бяляцкі, — нашыя спэцслужбы і палітыкі ня выявілі. Ня мелі палітычнай волі і патрэбнасьці гэта зрабіць».

Спадар Куоліс не выключае, што быў у справе выдачы Бяляцкага і «сьлед літоўскіх спэцслужбаў альбо палітыкаў, якія гандлявалі з рэжымам Лукашэнкі».

Развагі пра магчымыя палітычныя ці эканамічныя матывы грунтаваліся на тым, што на той момант у дачыненьнях уладаў Беларусі і Літвы склалася пэўнае паразуменьне, якое дазваляла рабіць высновы, што Вільня — свайго роду адвакат Менску ў Эўразьвязе.

У эканамічных адносінах Літвы і Беларусі ў 2011 годзе былі выгадныя для Вільні зрухі. Экспарт беларускіх калійных угнаеньняў цалкам перайшоў з латыскага Вэнтсьпілса ў літоўскую Клайпеду, Беларуская нафтавая кампанія падпісала найбуйнейшы ў гісторыі кантракт на пастаўкі нафтапрадуктаў празь літоўскі тэрмінал Klaipėdos Nafta — на 2,5 мільёна тон мазуту, вырабленага на Мазырскім НПЗ і Наваполацкім «Нафтане». Генэральны дырэктар Klaipėdos Nafta Рокас Масюліс назваў гэты кантракт, які дазволіў літоўскай кампаніі цалкам запоўніць партфэль заказаў на 2012 год, «гістарычным пагадненьнем».

Літва настойліва выступала супраць эканамічных санкцыяў Эўразьвязу адносна рэжыму ў Беларусі. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце некалькі разоў сустракалася з Аляксандрам Лукашэнкам і размаўляла зь ім прыязна, а беларускую апазыцыю, наадварот, жорстка крытыкавала.

13 верасьня 2011 году ў інтэрвію Літоўскаму радыё яна заявіла:

Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце

«Калі прыгледзецца больш уважліва, то некаторых зь дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль. Калі гутарыш ці чуеш, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, то мы часьцей за ўсё ня чуем, што іх прыярытэт і мэта — незалежная Беларусь. Гэтага амаль ня чуем. Часьцей за ўсё чуем, што трэба больш грошай і што Расея, у прынцыпе, — сябар. Гэта, несумненна, выклікае ў нас пэўную занепакоенасьць, бо нацыянальным інтарэсам Літвы адпавядае незалежны сусед, незалежная краіна».

Беларускія дзяржаўныя СМІ падсумавалі яе словы так: «Беларускую апазыцыю цікавяць толькі грошы».

Самая масавая літоўская газэта Lietuvos rytas у рэдактарскай рубрыцы «Знакі часу» ацаніла гэтую заяву вельмі красамоўна: «Вуснамі Грыбаўскайце гаварыў сам Лукашэнка»:

«Пасьля такога яе пляўка, які пакрыў ганьбай усю Літву, дэмакратычнаму сьвету толькі і застаецца думаць, што выдача беларускіх апазыцыянэраў Міністэрствам юстыцыі была заканамернай, можа, нават загадзя сплянаванай — чыноўнікі проста паводзілі сябе так, як падабаецца літоўскаму прэзыдэнту».

16 верасьня галоўны рэдактар Lietuvos rytas Рымвідас Валатка зноў вярнуўся да гэтай тэмы і зазначыў на старонках газэты: «Прэзыдэнт Грыбаўскайце прапусьціла цудоўную нагоду прамаўчаць».

«Ці прасіў Бяляцкі ў Грыбаўскайце грошай? Неяк цяжка паверыць. Калі не прасіў, дык ці павінна прэзыдэнт Літвы, якая лічыць сябе прававой дэмакратычнай дзяржавай, так цынічна зьдзекавацца з чалавека, які толькі з-за халуйства і інфантыльнасьці літоўскіх чыноўнікаў, калі не назваць гэта яшчэ дакладней, мусіць бавіць час у лукашэнкаўскай турме?

Нават калі б тое, што, гледзячы з пагардай на цкаваных Лукашэнкам, зьбіваных дома і на вуліцы нават за воплескі, катаваных у турмах беларускіх апазыцыянэраў і іх блізкіх, сказала пра іх Грыбаўскайце, было праўдай, гэта ні на кроплю ня зьменшыла б злачынства, учыненага нашымі дзяржаўнымі ўстановамі, найперш міністэрствамі юстыцыі і замежных спраў, якія выдалі аднаго-адзінага Бяляцкага».

Газэта канстатавала, што за гэты прыкры інцыдэнт у Літве так ніхто і ня быў пакараны, што скандал імкнуліся «замяць», а расьсьледаваньне міжведамаснай працоўнай групы «было ператворанае ў фарс».

Дарыюс Куоліс пазыцыю Грыбаўскайце называе няяснай:

«Прэзыдэнт тут самаўхілілася, зразумелай пазыцыі ў яе не было. А тыя папрокі на адрас беларускай апазыцыі сталіся для яе ганьбай. Паводле нашых законаў прэзыдэнт мае ўплыў на спэцслужбы. Ці скарысталася яна гэтым у выпадку з расьсьледаваньнем выдачы Бяляцкага, мы ня ведаем, як ня ведаем і пра ролю літоўскіх спэцслужбаў у самой выдачы. Я б не адкінуў і такой думкі, што яны садзейнічалі КДБ Беларусі. Ёсьць іншыя выпадкі дзіўных паводзін нашых спэцслужбаў (у прыватнасьці, перасьлед імі чачэнскай сям’і Гатаевых, перасьлед расейскіх дысыдэнтаў), якія мяне падштурхоўваюць да такой думкі».

Віленскі палітоляг, экспэрт незалежнага Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў Віціс Юрконіс, камэнтуючы на маю просьбу выдачу Літвой Бяляцкага, адной зь яе прычын назваў тое, што рашэньні беларускага рэжыму больш прадказальныя, чым рашэньні Эўразьвязу і Літвы, якія, «прайшоўшы ўвесь бюракратычны ланцуг, практычна сыходзяць на нішто»:

Віціс Юрконіс

Віціс Юрконіс

«Трэба ясна зразумець, што ў Беларусі ёсьць дыктатар і рэжым, які будзе выкарыстоўваць усе прававыя і пазаправавыя сродкі, каб нанесьці шкоду абаронцам правоў чалавека і актыўным грамадзянам, якія выступаюць за дэмакратычную Беларусь. У Літве ж шараговыя бюракраты разглядаюць Беларусь, як, напрыклад, Латвію».

Спадар Юрконіс прызнае, што, сапраўды, шыхты вэртыкалі, у якой за крок улева, крок управа — пакараньне, могуць эфэктыўна дзейнічаць пры выкананьні палітычных замоваў, у той час як у дэмакратычных краінах кожны чыноўнік мае свае паўнамоцтвы, абапіраецца на законы і дамовы, якія можна часам па-рознаму трактаваць. Арганізаваныя аўтарытарныя структуры могуць карыстацца зь «недысцыплінаванасьці» дэмакратыяў, якія не адчуваюць варожага атачэньня, у якіх няма рэпрэсіяў і свае правы можна абараніць у судзе.

Віціс Юрконіс перакананы, што ніякай зацікаўленасьці ў выдачы дакумэнтаў на Бяляцкага на дзяржаўным узроўні не было.

«Гэта выключана. Я гэтую справу разглядаю як вельмі трагічную, але памылку. Літва і Польшча — саюзьнікі дэмакратыі ў Беларусі, і інтарэс да Беларусі ў Эўразьвязе вельмі вялікі. Польшча зь Літвой — дзьве важныя краіны ў эўрапейскіх перамовах наконт Беларусі. Я ўвесь гэты інцыдэнт разглядаю чыста як правакацыю рэжыму Лукашэнкі супраць дзьвюх краін, якія ў 2011 годзе старшынявалі ў АБСЭ (Літва) і Эўразьвязе (Польшча). Гэтай правакацыяй улады Беларусі выключылі Літву і Польшчу з гульні ў самы складаны момант для менскага рэжыму за ўвесь час яго існаваньня. І ўся міжнародная ўвага пайшла на справу Бяляцкага. На жаль, ні Літва, ні Польшча не змаглі супрацьстаяць гэтай правакацыі. І гэта толькі паказвае, што як у Літве і Польшчы, гэтак і ў Эўразьвязе ў цэлым мы толькі рэагуем на выклікі зь Беларусі, няма нармальнай стратэгіі: што і як рабіць».

Віціс Юрконіс мяркуе, што беларускі рэжым таемна працуе ў суседніх краінах, шукае паплечнікаў. Але ён перакананы, што нельга дазволіць сабе раскошу шукаць у гэтай справе вінаватых у Польшчы і Літве, шукаць там нейкую змову супраць беларускай дэмакратыі, бо гэта будзе працай на карысьць Лукашэнкі.

Такой самай думкі трымаюцца паплечнікі Алеся Бяляцкага ў «Вясьне» Валянцін Стэфановіч і Ўладзімер Лабковіч.

«Злосьці на Літву і Польшчу ў мяне няма ніякай. Мне падаецца, што ўсе зрабілі з таго, што адбылося, правільныя, слушныя высновы», — напісаў мне з гэтай нагоды сам Бяляцкі.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG