Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. VIII. Віза ў суд


Чарга ў судовую залю працэсу над Бяляцкім
Чарга ў судовую залю працэсу над Бяляцкім

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

На працэс Алеся Бяляцкага не змаглі трапіць прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, у тым ліку і тых, якія пералічвалі гранты на дзейнасьць «Вясны», а таксама кіраўніцтва Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (МФПЧ), віцэ-прэзыдэнтам якой зьяўляецца Алесь.

Афіцыйны Менск адмовіўся даць візы прэзыдэнтцы МФПЧ Суэр Белхасэн і ганароваму прэзыдэнту гэтай арганізацыі Патрыку Бадуэну. Апрача іх, у склад дэлегацыі салідарнасьці з Алесем першапачаткова была ўключаная і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру 2003 году Шырын Эбадзі, іранская юрыстка і праваабаронца.

Аляксандра Кулаева
Аляксандра Кулаева



«Мы накіравалі ліст у беларускую амбасаду ад нашай фэдэрацыі як міжнароднай арганізацыі з просьбай аб візах для назіраньня за судом. У іншых амбасадах нам заўсёды даюць візы на падставе такога ліста, але зь беларускай гэта не спрацавала. Нам сказалі падаваць дакумэнты на агульных падставах і запатрабавалі прадставіць шмат дакумэнтаў», — сьведчыць супрацоўніца МФПЧ Саша Кулаева.

Сярод іншага, консульства РБ у Парыжы запатрабавала афіцыйнага запрашэньня ад зарэгістраванай у Беларусі арганізацыі, ліста з францускага Міністэрства замежных спраў у падтрымку візавых заявак, а таксама рэкамэндацыйнага ліста непасрэдна ад судзьдзі Бандарэнкі. Такім чынам выходзіла, што сам судзьдзя мусіў бы выдаць ім візу на працэс, хоць такія лісты зусім не ўваходзяць у афіцыйны пералік дакумэнтаў для атрыманьня візы, і гэта можна спраўдзіць на сайце амбасады Беларусі ў Францыі.

Праваабаронцы не пагадзіліся на патрабаваньні наконт рэкамэндацыйных лістоў ад МЗС ды судзьдзі і падалі толькі тыя дакумэнты, якія вызначаныя афіцыйным пералікам.

31 кастрычніка 2011 году яны даслалі дзьве тэрміновыя заяўкі на атрыманьне візаў для прэзыдэнта і ганаровага прэзыдэнта МФПЧ. Сабраць усе запатрабаваныя дакумэнты для Шырын Эбадзі не ўдалося. У адказ консульства РБ паведаміла пра чарговыя складанасьці: да 1 лістапада яно нібыта мусіць апрацаваць больш за 200 заявак — ад дзьвюх каманд францускіх спартоўцаў і ад групы журналістаў.

«Прыярытэтам для нас зьяўляюцца спартовыя сувязі», — цытуе заяву прадстаўніка беларускага консульства Саша Кулаева. Але заяўкі прынялі.
1 лістапада ў фэдэрацыю патэлефанавалі з амбасады: «Прыяжджайце, дакумэнты гатовыя». Аднак на рукі Суэр Белхасэн і Патрыку Бадуэну выдалі ня візы, а адмовы, якія былі праштампаваныя 31 кастрычніка.

Прэзыдэнту МФПЧ Суэр Белхасэн у беларускай візе адмовілі другі раз. Першы раз ёй не далі візу ў 2009 годзе, калі яна хацела трапіць на суд у сувязі зь нерэгістрацыяй цэнтру «Вясна». У пасольстве тады ёй патлумачылі, што яна кантактуе зь людзьмі ў Менску, якія «даюць ёй неаб’ектыўныя ацэнкі сытуацыі ў краіне». Гэтым разам ніякіх тлумачэньняў не было.

Імкнуліся, але ня трапілі ў Менск на працэс Бяляцкага віцэ-старшыня ірляндзкай арганізацыі Front Line Эндру Андэрсан, кіраўніца праграм праваабарончай арганізацыі Сivil Right Defenders са Швэцыі Мары Мэнсан, праваабаронцы з Нарвэгіі Ане Бондэ і Дайвэ Петкевічуце, якія прадстаўляюць Фонд дамоў правоў чалавека, прадстаўніца Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Бэрыт Ліндэман, Марыяне Роча з арганізацыі Partnership for Human Rights (Бэльгія) і Рэйчэл Дэнбэр з арганізацыі Human Rights Watch...

Усяго не атрымалі беларускіх візаў на працэс Бяляцкага 15 прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, падлічыў юрыст «Вясны» Ўладзімер Лабковіч. Змаглі прыехаць толькі тыя зь іх, хто меў пашпарт Расеі, Украіны ці іншых краін, зь якімі ў Беларусі бязьвізавы рэжым. І то ня ўсе, а толькі тыя, хто ня быў раней дэпартаваны з РБ за праваабарончую дзейнасьць.

Замежныя праваабаронцы вымушаныя былі канстатаваць, што «недапушчэньне на суд міжнародных назіральнікаў з Эўропы шляхам нявыдачы ім віз з надуманых прычын супярэчыць міжнародным абавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь». З такой заявай выступіла Міжнародная назіральная місія за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. А Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў (сумесная праграма МФПЧ і Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў) назвала візавыя бар’еры для міжнародных назіральнікаў на суд Бяляцкага «абуральнай дэманстрацыяй страху, што незалежнае назіраньне за судом будзе мець сваім вынікам паведамленьні аб парушэньнях належнага выкананьня правасудзьдзя»*.

* Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Кароткі агляд першага дня судовага пасяджэньня ў справе Алеся Бяляцкага.


Віцэ-старшыня арганізацыі Front Line Defenders Эндру Андэрсан, даведаўшыся пра адмову ў беларускай візе, выступіў зь відэазваротам на сайце Youtube, у якім шкадаваў, што ня зможа асабіста падтрымаць Алеся, ягоную сям’ю і беларускіх праваабаронцаў: «Няспынныя спробы перасьледу любога, хто выступае ў абарону правоў чалавека ў Беларусі, — знак адчаю з боку беларускіх уладаў»*, — заявіў Андэрсан.



Імкнуўся на суд у Менск і кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў, даўні знаёмец Бяляцкага. Яго, расейскага праваабаронцу, дэпартавалі зь Беларусі 16 сакавіка 2011 году і забаранілі ўезд у краіну на 5 гадоў.

Андрэй Юраў
Андрэй Юраў
«Я быў бы абавязкова на гэтым працэсе, калі б гэта было мэтазгодна. Мы абмяркоўвалі з калегамі, ці трэба гэта рабіць, бо зразумела, што гэта завершыцца маім арыштам. Гэта магло б быць у добрым сэнсе правакацыяй перад пачаткам працэсу, але гэта дадало б працы мясцовым праваабаронцам. І яны мяне папрасілі гэтага не рабіць, бо ў іх і так шмат працы было, а тут яшчэ са мной прыйдзецца важдацца. Я ж проста не знаходзіў сабе месца ад думкі, што я не магу там быць», — згадвае Андрэй Юраў.

На момант суду над Бяляцкім больш за дзесяць прадстаўнікоў місіі, якую ўзначальвае спадар Юраў, былі ў статусе неўязных у Беларусь. Многіх яе актывістаў цягам 2010–2011 гадоў беларускія памежнікі і міліцыя здымалі зь цягнікоў або дэпартавалі зь Беларусі, забараняючы ўезд у краіну на 5 гадоў.

У місію ўваходзяць пераважна праваабаронцы з краін СНД, яна была заснаваная адразу пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2011 году. Місія паведамляла пра суды і рэпрэсіі, якія масава адбываліся ў Беларусі, уздымала голас пратэсту, працуючы ў экстрэмальных умовах, пад пільным назіраньнем КДБ, яе перасьледавалі і перашкаджалі ёй распаўсюджваць інфармацыю.
Не заўсёды маючы магчымасьць накіраваць сваіх прадстаўнікоў у суд, місія «акрэдытавала» на працэсе Бяляцкага свае дыктафоны, карыстаючыся дапамогай мясцовых назіральнікаў. Яе прадстаўнікі не афішавалі сябе, каб пазьбегнуць дэпартацыі і дабыць у Беларусі да канца працэсу. З кожнага судовага дня яны рыхтавалі справаздачы, якімі карысталіся і тыя праваабаронцы, якія не змаглі трапіць у Менск на працэс.

«Віза ў суд» не спрацавала, інфармацыя пра парушэньні ў працэсе разышлася далёка за межы залі пасяджэньняў, перакананы Андрэй Юраў:

«Гэты працэс не адпавядаў стандартам справядлівага правасудзьдзя ў адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ні паводле зьместу, ні паводле працэдуры».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG