Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісты, якія прыходзяць у турму з волі, для палітвязьня значаць нашмат больш, чым для звычайнага «зэка». Апроч вестак з дому і ад сяброў, яны нясуць пасыл салідарнасьці. Ты ўсьведамляеш сваю невінаватасьць, і лісты падтрымкі ад тых, хто для цябе аўтарытэт, і нават проста ад незнаёмых людзей, робяць цябе ўпэўненым і дужым перад несправядлівасьцю і выпрабаваньнямі.

Алесю Бяляцкаму пішуць шмат. 6 студзеня 2012 году ён атрымаў асаблівы ліст — навагодняе віншаваньне ад Вацлава Гавэла, якое чэскі драматург, былы дысыдэнт і прэзыдэнт сваёй краіны напісаў 15 сьнежня, за тры дні да сьмерці. Ліст, падпісаны «фірменным знакам» Гавэла — сэрцайкам — стаў апошнім тэкстам вялікага гуманіста.

Гавэл выказвае салідарнасьць зь беларускімі палітвязьнямі і намер выкарыстоўваць і надалей усе магчымасьці, каб прыцягваць увагу міжнароднай супольнасьці да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі: «Жадаю вам усяго добрага і свабоды вашай краіне».

Алесь атрымаў гэтае віншаваньне празь некалькі тыдняў пасьля сьмерці Гавэла, і гэта яго моцна ўразіла. У лісьце да сяброў ён назваў допіс з Чэхіі «вялікім суцяшэньнем пасьля нядаўняй страты бацькі»:

«Гэты ліст падтрымкі з подпісам Вацлава Гавэла — зараз самае каштоўнае, што ёсьць са мною тут... Як зьнікаюць вялікія зоркі і сьвятло ад іх ідзе яшчэ доўгія гады, асьвятляючы цемру, так і ліст Вацлава Гавэла да мяне зьявіўся такім жывым промнем ужо пасьля ягонай сьмерці».

Алесь быў знаёмы з Гавэлам, у 2005 годзе ён сустракаўся зь ім у складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая наведвала Прагу, у 2006-м Бяляцкі атрымаў з рук Вацлава Гавэла прэмію Homo homini.
Вацлаў Гавэл і Алесь Бяляцкі. Прага. 1 сакавіка 2006 году, фота з сайту vytoki.net.

Вацлаў Гавэл і Алесь Бяляцкі. Прага. 1 сакавіка 2006 году, фота з сайту vytoki.net.


Алесь казаў, што лічыць Гавэла сваім духоўным настаўнікам. З Жодзінскай турмы ў лісьце паплечнікам ён аддаў пашану памяці вялікага чэха:

«За што я яго паважаў і паважаю — за сапраўдную, не каньюнктурную салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі, зь беларускім народам. Я проста на духоўным узроўні пры сустрэчы адчуваў, што мы зь ім адной крыві. Гэта як зь іншымі праваабаронцамі, няважна зь якой краіны ці кантынэнту. Такое я адчуваў і ў Расеі, і на Кубе, і ў Тунісе, і ў Францыі. Нягледзячы на тое, што ён быў два тэрміны прэзыдэнтам Чэхіі, улада не сапсавала яго. Я, вядома, паважаў яго за інтэлігентнасьць, за тое, што ён быў сусьветна вядомым пісьменьнікам, і за той стаіцызм, зь якім ён пераносіў рэпрэсіі ў дачыненьні да яго. Ён выступаў за правы чалавека і перасьледаваўся ў значна больш жорсткія часы. Але ў яго была высокая непахісная вера ў тое, што ён мае рацыю і што чэскі народ варты лепшага. На жаль, зь ягонай сьмерцю ў беларусаў, у дэмакратычна настроеных грамадзянаў, на аднаго сябра ў сьвеце стала меней.

Я таксама спачуваю чэскаму народу, які страціў выдатную і вялікую постаць, чалавека, які рэальна паўплываў на пазытыўныя зьмены ў гісторыі Чэхіі»...

У форме перапіскі з актывісткай «Вясны» Аленай Лапцёнак Алесь піша і перасылае на волю для публікацыі ўспаміны пра свой удзел у адраджэнскіх падзеях 1980–90-х гадоў. Іх друкуе незалежная менская газэта «Народная воля». Да суду выйшлі тры публікацыі ўспамінаў Алеся, якія ён напісаў на «Валадарцы», у менскім сьледчым ізалятары нумар 1. Судовы працэс прыпыніў мэмуары, але пасьля суду, у сьнежні 2011 — студзені 2012 году, ужо з Жодзінскай турмы Алесь даслаў яшчэ два лісты з успамінамі.

У турме ён напісаў таксама прадмову да публікацыі ў «Дзеяслове» падборкі раней невядомых вершаў свайго сябра Анатоля Сыса. У прадмове Алесь кажа пра горкую іронію лёсу — пісаць пра сябра і паэта, які найбольш у жыцьці цаніў свабоду, яму даводзіцца з турмы:
«Расьнічкі» на вокнах жодзінскай турмы

«Расьнічкі» на вокнах жодзінскай турмы


«Жалезныя дзьверы і ваконныя краты густа захіснутыя жалезнымі гарызантальнымі палоскамі, якія тут ласкава называюць „расьнічкамі“, за імі ў шчыліны праглядаецца расьпілаванае бяздоннае верасьнёўскае неба і белыя ватныя аблокі. Колькі разоў ужо, стоячы ля вакна і ўглядаючыся ў заманлівую сінечу неба, я паўтараў сам сабе: „Вось воблака, сяду і ў сьвет палячу!“ Калі ня целам, дык думкамі і душою».

Гэта цытата са знакамітага верша Анатоля Сыса «Маналёг Апанаса Філіповіча»:

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу...

Апісваючы ў лісьце да мяне з Бабруйскай турмы свой побыт, Алесь зноў прыгадаў неба: «Ну, а неба ж над намі — вольнае! Я заўсёды любіў і зараз люблю глядзець на неба — так шмат у ім колераў і адценьняў неперадавальных. Вось і зараз гляджу...»

Жонцы Натальлі Алесь піша амаль кожны дзень. Спачатку нават спрабаваў нумараваць лісты, каб было ясна, што нейкія зь іх не прайшлі турэмнай цэнзуры, але потым заблытаўся. У верасьні-кастрычніку 2011 году, перад судом, быў пэрыяд, калі ягоныя лісты з «Валадаркі» не прапускалі ажно дваццаць дзён. Узьняўся шум у прэсе, і тады ў адзін дзень Натальлі пераслалі адразу тры лісты ад Алеся. У сваіх лістах ён імкнецца быць аптымістам, шкадуе і супакойвае родных і сяброў, цікавіцца іхнімі справамі.

25 верасьня 2011 году Алесь Бяляцкі сустрэў у турме свой 49-ты дзень нараджэньня. З гэтай нагоды «Вясна» разгарнула цэлую грамадзянскую акцыю «Павіншуй Бяляцкага з днём нараджэньня», падчас якой віншавальныя паштоўкі падпісвалі грамадзкія ды палітычныя дзеячы. А ў дзень народзінаў Алеся актывісты «Вясны» зрабілі вулічную акцыю — прасілі мінакоў падпісваць паштоўкі Алесю проста на вуліцы. Падпісалі тады больш за 100 паштовак.

А невядомыя актывісты ў гэты дзень каля сьцен «Валадаркі» зладзілі для Алеся салют — паблізу турмы запусьцілі фаервэрк, які можна было бачыць і з-за кратаў.



Алесь адказваў кожнаму, хто яго павіншаваў. Гомельскаму актывісту Ўладзімеру Кацору ён напісаў: «У мяне ўсё збольшага нармальна. Нічога асаблівага тут няма. Галоўнае, каб здароўе было, а ўсё астатняе падолеем. Гляджу на прэсу, што і па той бок плоту нічога асаблівага не адбываецца. Таму — не вялікая розьніца, дзе быць».

За час зьняволеньня да Алеся прыйшло столькі лістоў і паштовак, што ў яго ўжо не хапала часу на ўсе адказваць, і ён прасіў жонку і калегаў зь «Вясны» пераказваць усім ягоную ўдзячнасьць за падтрымку.

«Я літаральна пахаваны пад лістамі, віншавальнымі паштоўкамі на Новы год і лістамі спачуваньня ў сувязі са сьмерцю майго бацькі. Я не магу адказаць на ўсе, але я дзякую ўсім вам за так вялікую для мяне вашу падтрымку», — напісаў ён пасьля 1 студзеня 2012 году.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

XS
SM
MD
LG