Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XVIІІ. Цень агента Ананіма


Перад выбарамі прэзыдэнта 2010 года КДБ Беларусі заслаў у «Вясну» завэрбаванага агента, які па матэрыялах справы паходзіў пад мянушкай «Ананім».

Перад выбарамі прэзыдэнта 2010 года КДБ Беларусі заслаў у «Вясну» завэрбаванага агента, які па матэрыялах справы паходзіў пад мянушкай «Ананім».

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Калі 3 лістапада 2011 года на працэсе Алеся Бяляцкага дапытвалі ў якасьці сьведкі праваабаронцу з Магілёва Аляксея Колчына, пракурор Валеры Сайкоўскі прадэманстраваў узятыя са справы фатакопіі расьпісак аб атрыманьні ім у «Вясьне» грошай. Сам Колчын адмовіўся нешта тлумачыць, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі, а адвакат Бяляцкага Зьміцер Лаеўскі заявіў пратэст: ні сьледчыя на папярэднім сьледзтве, ні пракурор на працэсе дакумэнтальна не патлумачылі, як былі здабытыя гэтыя матэрыялы, чым парушылі Крымінальна-працэсуальны кодэкс.

Цень на фатакопіях


Вясноўцы выявілі, што фатакопіі былі здабытыя так званым апэратыўна-агентурным шляхам. Карацей, расьпіскі сфатаграфаваў агент КДБ. Дзіўна, што гэтыя матэрыялы ўвогуле трапілі ў справу: відаць, «органы» надта ўжо разьняволіліся і зусім не зважаюць на прававыя рамкі, — абураецца Валянцін Стэфановіч.
Нумар «СБ. Беларусь Сегодня» з выкрывальніцкім матэрыялам пра Плошчу

Нумар «СБ. Беларусь Сегодня» з выкрывальніцкім матэрыялам пра Плошчу


Адразу пасьля Плошчы гэтыя фатакопіі былі апублікаваныя ў газэце «СБ. Беларусь Сегодня», куды на даручэньне Лукашэнкі спэцслужбы перадалі дакумэнты пра арганізацыю «дзяржаўнага перавароту» 19 сьнежня 2010 году. Прапагандысцкая публікацыя мелася «выкрыць» апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі як ворагаў дзяржавы і народу. Згадваліся там і Алесь Бяляцкі, і «Вясна». Фатакопіі ў газэце суправаджаліся подпісам: «Так Запад финансово поддерживает „борцов“. Сын арестован за хулиганство, мать щедро субсидируется»*.

Тая самая публікацыя ў «СБ. Беларусь Сегодня»

Тая самая публікацыя ў «СБ. Беларусь Сегодня»

Паказвалі гэтыя фатакопіі і на дзяржаўных тэлеканалах. Праваабаронцы «Вясны» прыгледзеліся і заўважылі на іх цень таго, хто здымаў. «Гэта значыць, здымкі рабіліся ўначы, пры лямпах, а ня дзённым асьвятленьні», — зрабіў выснову Валянцін Стэфановіч.

Стэфановіч прызнае, што па ценю пазнаць было немагчыма, але па датах дакумэнтаў, якія на кароткі час заставаліся ў офісе, па графіку начных дзяжурстваў і іншых дэталях было нескладана вылічыць, хто гэта мог зрабіць. «Небясьпечна тое, што ў сфатаграфаваных дакумэнтах „Вясны“ былі бачныя прозьвішчы людзей, якія атрымлівалі дапамогу. Яны маглі пацярпець ад перасьледу ўладаў», — кажа Валянцін.

У органах не хавалі, што «Вясна» — пад пільным вокам спэцслужбаў, супрацоўнікі КДБ у 2010 і 2011 гадах праводзілі ў офісе арганізацыі ператрусы. Алесь Бяляцкі, які прааналізаваў матэрыялы сваёй крымінальнай справы, у тым ліку перапіску КДБ з Камітэтам дзяржкантролю, выказваў на працэсе думку, што ў КДБ ёсьць некалькі супрацоўнікаў-куратараў «Вясны», і нават называў прозьвішчы імаверных куратараў.

Актывісты арганізацыі таксама лічаць, што спэцслужбы імкнуліся ўкараніць у «Вясну» сваіх людзей.

Касьцяк «Вясны» — людзі, якія працуюць разам зь Бяляцкім 15–20 гадоў і добра ведаюць адны адных. Але знайшлося ў арганізацыі і слабое месца. Як выявілася, менш за паўгода ў 2010–2011 гадах у «Вясьне» папрацаваў «інсайдэр». Яго вылічылі адразу пасьля публікацыі ў «СБ» фатакопіяў зь ценем.

Офіс арганізацыі ў Менску звычайна вартавалі па начах, і за гэта браліся розныя маладыя людзі. Адзін зь іх паддаўся на ціск «органаў». Як выявілася пазьней, начамі ён некалькі разоў узломваў шафы і рабіў фатаздымкі дакумэнтаў. У матэрыялах справы ён праходзіў як «Ананім».

Прозьвішча маладога чалавека, які пакінуў цень на фатаграфіях, паплечнікі Бяляцкага не называюць. Яны кажуць, што пагутарылі з гэтым хлопцам, той спачатку адмаўляў, а потым замкнуўся. Яму сказалі, што ня будуць агучваць ягонае прозьвішча і ня будуць рабіць нічога, што магло б папсаваць ягоную будучыню. У канцы размовы папрасілі: «Але зрабі высновы з гэтай гісторыі». Пазьней гэты малады чалавек зьехаў зь Беларусі.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG