Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXVІІ. Праваабаронца


Алесь Бяляцкі на апазыцыйным мітынгу. Менск, 1998 год. Фота Ўладзімера Сапагова.

Алесь Бяляцкі на апазыцыйным мітынгу. Менск, 1998 год. Фота Ўладзімера Сапагова.

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

У Алеся Бяляцкага быў асаблівы шлях у праваабарончай дзейнасьці — некабінэтны, публічны, вулічны і мітынговы. То Алесь раздае тэксты Дэклярацыі правоў чалавека каля будынка КДБ, то ён у «акрываўленай» футболцы ў часе акцыі супраць сьмяротнага пакараньня, то разам з калегамі, седзячы на падлозе ў залі пасяджэньняў, пратэстуе ў Вярхоўным судзе супраць закрыцьця «Вясны»...

У адной са сваіх кніг Бяляцкі склаў сапраўдны гімн мітынгам:

* Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера. Менск, 2006. С. 129.
«Мітынгі — рухавік зьменаў. Я бясконца люблю мітынгі, я захапляюся імі, бо ведаю, што бязь мітынгаў не запаліць людзкі настрой. Толькі на мітынгах гэтыя маленькія індывідуальнасьці, заціснутыя ўласнымі праблемамі, забабонамі і пэсымізмам, прыдушаныя спадчынай савецкага дэтэрмінізму, якія амаль заўсёды адчуваюць сябе тымі, ад каго ніколі нічога не залежыць, пераўтвараюцца ў магутную моц, у няспынную стыхію, якая ломіць сацыяльныя каркасы дзяржаваў, абяззбройвае войскі і прымушае дыктатараў у страху і адчаі адступаць»*.

Ня менш як пяць разоў Бяляцкі за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах адседзеў у турме на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, а затрымлівалі яго, у тым ліку і як праваабаронцу, дзясяткі разоў, калегі нават ня могуць падлічыць усе такія эпізоды.
Даведка аб арышце Алеся на 10 сутак у 1999 годзе

Даведка аб арышце Алеся на 10 сутак у 1999 годзе


У разуменьні Алеся грамадзкі пратэст, мітынг, яркая вулічная акцыя могуць зрабіць для абароны правоў чалавека значна больш, чым рэзалюцыі і звароты.
Алеся затрымліваюць на Кастрычніцкай плошчы Менску. 2006 год. Фота з архіву «Вясны»

Алеся затрымліваюць на Кастрычніцкай плошчы Менску. 2006 год. Фота з архіву «Вясны»


У 1998 годзе Алесь разам са Зьмітром Бандарэнкам быў арганізатарам вялікай дэманстрацыі ў Менску, накіраванай супраць нэафашызму. Сам Алесь згадваў пра тую падзею:

* Наша Вясна. Праваабарончы цэнтр «Вясна». Гісторыя ў асобах. Вільня: Gudas, 2012. С. 19.
«На той час РНЕ набіраў сілу ў Беларусі, і нават былі выпадкі зьбіцьця людзей прыхільнікамі гэтага руху. На гэтую дэманстрацыю сабралася некалькі тысяч чалавек, і ў выніку я атрымаў 10 сутак зьняволеньня як арганізатар. Можна ганарыцца, у прынцыпе, што я атрымаў „суткі“ за антыфашысцкую акцыю»*.

Часам мітынговыя жарсьці бралі верх, нават калі Алесь ня быў заяўнікам і арганізатарам акцыі. У 2001 годзе на сьвяткаваньні Дня Волі ў Менску Бяляцкі нечакана ўзяў на сябе кіраўніцтва дэманстрацыяй, уступіўшы ў спрэчку зь міністрам унутраных спраў Уладзімерам Навумавым.

* Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера. Менск, 2006. С. 123.
«Я забыўся пра сваю праваабарончую назіральніцкую місію, ня першы раз апынуўшыся ў падобнай сытуацыі, калі нечакана даводзілася браць адказнасьць на сябе, выхапіў у некага з маладафронтаўцаў мэгафон і пачаў крычаць у запале: „На курган! На курган! Усім зьвярнуць направа!“ Генэрал Навумаў падскочыў да мяне і... схапіўся за мэгафон. Каля яго мітусіўся зьбялелы высокі прапаршчык, мабыць, з аховы. Я моцна ірвануў мэгафон на сябе і зноў закрычаў: „На курган!“ І вось моладзь тарганулася апошні раз і паваліла праз вуліцу на курган. Справа была зробленая. Іх было ўжо не спыніць. Амапаўцы закешкаліся на праспэкце, і пакуль іх перагрупавалі і падагналі да кургана, мітынг ужо амаль скончыўся»*.

Пасьля гэтай акцыі суд пакараў Бяляцкага 10 суткамі арышту.

На пачатку сваёй праваабарончай кар’еры Бяляцкі бараніў абвінавачаных у справе аб забойстве паплечніка Лукашэнкі Яўгена Мікалуцкага, які загінуў у 1997 годзе ад выбуху ў пад’езьдзе свайго дома ў Магілёве. Доказы на арыштаваных былі сумнеўныя, і Бяляцкі сабраў прэсавую канфэрэнцыю, на якую прывёў іх сваякоў. Іх потым паказалі па расейскіх тэлеканалах. Урэшце абвінавачаным ня вынесьлі сьмяротны прысуд, які ім пагражаў. Адзін зь іх неўзабаве прыйшоў з жонкай у «Вясну» падзякаваць, што выратавалі яму жыцьцё.

Разам з Алегам Воўчакам Бяляцкі арганізаваў дапамогу сем’ям ахвяраў трагедыі на станцыі мэтро «Няміга» ў Менску, калі ў 1999 годзе ў цісканіне ў падземным пераходзе загінулі 53 чалавекі. Грамадзкі камітэт па расьсьледаваньні прычынаў трагедыі даручыў тады «Вясьне» стаць працоўным органам камітэту. Супрацоўніцы «Вясны» Тацяна Равяка і Паліна Сьцепаненка напісалі кнігу пра гэтую трагедыю.
Тацяна Равяка і Паліна Сьцепаненка на прэзэнтацыі кнігі «Трагедыя на Нямізе: факты, сьведчаньні, камэнтары». 2000

Тацяна Равяка і Паліна Сьцепаненка на прэзэнтацыі кнігі «Трагедыя на Нямізе: факты, сьведчаньні, камэнтары». 2000


За 15 гадоў дзейнасьці «Вясны» Бяляцкі асабіста заступаўся за дзясяткі нявінна асуджаных палітыкаў, журналістаў, вязьняў Плошчы, арганізоўваў кампаніі незалежнага назіраньня на выбарах, публічна пратэставаў, шукаў адвакатаў, дапамагаў сем’ям палітвязьняў, выходзіў на пікеты, бараніў правы чалавека ў Беларусі праз ААН і іншыя міжнародныя арганізацыі... Менавіта таму такой хваляй салідарнасьці адказала беларускае грамадзтва на арышт Алеся.
Праваабарончая школа «Вясны». Чарнігаў. 2006. У цэнтры з навучэнцамі Мечыслаў Грыб і Тацяна Равяка

Праваабарончая школа «Вясны». Чарнігаў. 2006. У цэнтры з навучэнцамі Мечыслаў Грыб і Тацяна Равяка


У Беларускай праваабарончай школе Алесь выкладае курс дзеяньняў у абарону правоў чалавека, у якім дзеліць праваабарончыя дзеяньні на чатыры катэгорыі: прававыя, палітычныя, грамадзка-інфармацыйныя і асьветніцкія, а таксама распавядае пра прынцыпы праваабароны і дзейнасьць праваабаронцаў як у Беларусі, так і ва ўсім сьвеце.
Вясноўскі агляд парушэньняў правоў чалавека

Вясноўскі агляд парушэньняў правоў чалавека


Алесь ініцыяваў падрыхтоўку «Вясною» бюлетэню «Права на волю», што выходзіць з 1998 году, а таксама аглядаў-хронік парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і аналітычных справаздач «Вясны», кніг пра лёсы палітвязьняў, навучальных дапаможнікаў, праваабарончых выданьняў і публікацый дакумэнтаў. Сайт «Вясны» ў інтэрнэце spring96.org, які публікуе навіны на беларускай, расейскай і ангельскай мовах, зрабіўся адной з самых апэратыўных і аўтарытэтных крыніц інфармацыі пра факты парушэньня правоў чалавека, гэткім сучасным аналягам хронікі «Аб усім, што баліць» Міколы Ермаловіча, якая выходзіла ў 1970-я гады.

У 2009 годзе на «Форуме Свабоды» ў Осла Алесь Бяляцкі распавядаў пра свой шлях у праваабарончую дзейнасьць:

«Я ўсё жыцьцё марыў вывучаць беларускую літаратуру, і калісьці ў 80-х гадах, седзячы ў спэцыяльным закрытым фондзе бібліятэкі Акадэміі Навук у Менску, я налічыў дзясяткі і сотні невядомых грамадзтву прозьвішчаў беларускіх літаратараў, гісторыкаў, мастакоў, публіцыстаў, журналістаў, якія загінулі ў сталінскія 30-я гады, а іх творчасьць была надзейна схаваная ўладамі з-за „няправільных“ грамадзкіх поглядаў. Культурная інтэлігенцыя ў тыя гады была амаль цалкам зьнішчаная, і стала зразумела, адкуль у нашым грамадзтве ўзялося даўняе пабойваньне ўсяго беларускага і дэмакратычнага. Людзі памяталі начны гул „варанкоў“, у якіх вывозілі „ворагаў народу“, і масавыя расстрэлы ў прыгарадных лясах... У 80-х гадах студэнцкая моладзь аб’ядналася ў нефармальныя аб’яднаньні. Мы прагнулі свабоды, дэмакратыі, павагі да правоў чалавека, гэтыя прынцыпы былі запісаныя ў статутах нашых падпольных арганізацыяў. І ніхто тады ня ведаў, чым скончыцца гэтая барацьба з уладай: чарговымі рэпрэсіямі ці зьмяненьнем палітычнага ладу, у што тады верылі толькі такія маладыя, як мы».

Выступ Алеся праходзіў у перапоўненай канфэрэнц-залі ў Grand Hotel, што ў цэнтры Осла. Яго асьвятляла каля сотні журналістаў, фае было аформленае фатаздымкамі зь Беларусі, беларускія мэлёдыі граў скрыпічны ансамбль з удзелам Аляксандра Рыбака, беларуса з Нарвэгіі, які пазьней стане пераможцам Эўрабачаньня-2009.

«Мы, людзі розных прафэсіяў — настаўнікі, юрысты, інжынэры, журналісты, — узялі гэта на сябе стыхійна, з-за існуючай патрэбы, бо адчувалі, што грамадзтва павінна самаарганізавацца і дапамагаць сабе з мэтай супрацьстаяць гвалту з боку ўладаў, — працягваў Бяляцкі сваю прамову з трыбуны ў Осла. — Праца ў „Вясьне“ на доўгія гады стала для мяне тым заняткам, які забірае ўвесь мой час... Калі нам было па 20 гадоў і мы пачыналі небясьпечную гульню супраць савецкай таталітарнай сыстэмы, перад намі ў Беларусі амаль нікога не было. А цяпер за намі тысячы і дзясяткі тысяч маладых людзей, якім патрэбная дапамога больш сталых і дасьведчаных, мы нясем адказнасьць за моладзь, якая паверыла ў магчымасьць трансфармацыі нашага грамадзтва, паверыла ў нашы ідэі пабудовы незалежнай дэмакратычнай Беларусі. Гэтая адказнасьць — асноўны пасыл, які надае мне сілы і прымушае далей ісьці абраным шляхам. Я з аптымізмам гляджу ў будучыню, я ўпэўнены, што прыйдзе час і плаціна страху і маны, якую мэтадычна збудавала цяперашняя ўлада, ня вытрымае і разваліцца пад ціскам хвалі ідэй правоў чалавека, дэмакратыі і свабоды».

У траўні 2012 году на чарговым «Форуме Свабоды» ў Осла, на які праваабаронцы ўсяго сьвету зьбіраюцца, каб абмеркаваць сытуацыю ў краінах, дзе парушаюцца правы чалавека, абмяжоўваецца свабода слова, прагучала справаздача старшыні Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Б’ёрна Энгесланда — пра справу Бяляцкага.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG