Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Бяляцкага. XXXV. Музэй Багдановіча


Музэй Максіма Багдановіча ў Менску, якім кіраваў Бяляцкі

Музэй Максіма Багдановіча ў Менску, якім кіраваў Бяляцкі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Алесь Бяляцкі стаў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча ў 1989 годзе. На хвалі перабудовы на заводах і ва ўстановах працоўныя калектывы сталі самі выбіраць дырэктараў. У конкурсе ў музэі ўдзельнічалі чатыры чалавекі. Нечакана для Мінкульту дырэктарам абралі Бяляцкага, 28-гадовага малодшага навуковага супрацоўніка. Празь месяц ваганьняў пасьля гэтых выбараў міністар культуры Беларусі Яўген Вайтовіч махнуў рукой — хай так і будзе! Алесь адпрацаваў дырэктарам музэю Багдановіча дзесяць гадоў — да 1998-га.

Пад яго кіраўніцтвам была адкрытая экспазыцыя самога музэю і трох яго філіялаў — гэта «Беларуская хатка», фальварак «Ракуцёўшчына» і экспазыцыя, прысьвечаная Багдановічу, у расейскім горадзе Яраслаўлі, дзе паэт жыў.
Блянк музэю Багдановіча з Пагоняй і надпісамі кірыліцай і лацінкай

Блянк музэю Багдановіча з Пагоняй і надпісамі кірыліцай і лацінкай


Экспазыцыя галоўнага музэю была адкрытая для наведнікаў 8 сьнежня 1991 году — да стагодзьдзя з дня нараджэньня паэта. Бел-чырвона-белы сьцяг у музэі вісеў яшчэ да таго, як яго дазволілі ўлады, і пасьля таго, як яго забаранілі.

Музэй праводзіў навуковую працу, выдаваў кнігі, у ім праходзілі літаратурныя імпрэзы і сьвяты.
Супрацоўнікі музэя і іх сябры: Вольга Насякайла, Паліна Качаткова, Людміла Жалязьняк, Васіль Сегень, Тацяна Равяка, Усевалад Рагойша. 25 траўня 1996 году.

Супрацоўнікі музэя і іх сябры: Вольга Насякайла, Паліна Качаткова, Людміла Жалязьняк, Васіль Сегень, Тацяна Равяка, Усевалад Рагойша. 25 траўня 1996 году.


Калі Алесь стаў дырэктарам, музэй толькі ствараўся, былі патрэбныя новыя супрацоўнікі. У 1990 годзе на працу ў музэй прыйшлі Алена Кісялевіч (пазьней Лапцёнак) і Паліна Качаткова (пазьней Сьцепаненка), якая пазнаёмілася зь Бяляцкім яшчэ ў 1983 годзе ў Гомелі. Сьледам за Палінай у музэй прыйшлі яе сяброўка-аднакурсьніца Тацяна Равяка.

Паліна распавяла мне:

Паліна Качаткова

Паліна Качаткова

«Алесь вучыўся ў Гомельскім унівэрсытэце ў маіх бацькоў, якія там былі выкладчыкамі гісторыі. Аднойчы, калі я была яшчэ цяжкім падлеткам, маці мне неяк сказала: паводзь сябе прыстойна, не грубі, бо да нас зойдзе студэнт, які будзе гаварыць па-беларуску. Ён сапраўды прыйшоў, калі я была дома, і я яго сустрэла. Я напрасілася папрысутнічаць пры размове дарослых. Ён быў вельмі прыгожы, падобны да польскага актора Даніэля Альбрыхскага. І я з ходу закахалася ў беларускую мову і Бяляцкага. Пазьней ён парэкамэндаваў мне паступаць на філфак БДУ ў Менск, казаў, што мы там сустрэнемся».

У 1985 годзе Паліна паступіла на беларускую філялёгію ў БДУ. Студэнткай яна дапамагала Алесю раздаваць улёткі БНФ, клеіць на слупах абвесткі пра адзначэньне Дзядоў у 1988 годзе, працавала ў музэі і ў «Вясьне». Дзявочае захапленьне Паліны Алесем перарасло ў любоў да беларушчыны. Алесь і Паліна сталіся сябрамі на ўсё жыцьцё.
Сход у сядзібе БНФ. Уладзімер Кармілкін, Алесь Бяляцкі, Паліна Сьцепаненка. Менск, 1998 г. Фота з архіву «Вясны»

Сход у сядзібе БНФ. Уладзімер Кармілкін, Алесь Бяляцкі, Паліна Сьцепаненка. Менск, 1998 г. Фота з архіву «Вясны»


Усяго ў музэі працавала 10 навуковых супрацоўнікаў і 10 тэхнічных. Былыя супрацоўнікі музэю згадваюць Алеся як дэмакратычнага кіраўніка, які прыслухоўваўся да думак супрацоўнікаў, не накідаў свайго меркаваньня, умеў наладзіць паважлівыя і сяброўскія дачыненьні ў калектыве. Супольныя рашэньні і агульная адказнасьць за іх выкананьне сталіся падставай для посьпеху. Для калектыву Алесь арганізоўваў пад Новы год падарункі, завозіў харчовыя наборы супрацоўнікам у самыя галодныя гады, згадвае Паліна Сьцепаненка:

«У нас ніхто не хадзіў галодны. А калі ў каго не было лекаў, Алесь даваў нам бальзам Бітнэра».

Калектыў музэю сталеў у цікавы для Беларусі час, быў у віры падзей першых гадоў нацыянальнага адраджэньня, станаўленьня незалежнай дзяржавы. Алесь і ягоныя супрацоўнікі і самі былі ініцыятарамі шмат якіх праектаў.

«Тое музэйнае жыцьцё адпавядала настроям эпохі, калі ўсе былі маладыя і была маладая незалежнасьць Беларусі, калі ўсе імкнуліся да творчай працы. Да таго ж музэй рабіў столькі цікавага і незвычайнага, у тым ліку міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі і выданьне зборнікаў, адкрыцьцё новых экспазыцыяў. Была нейкая сьмеласьць, як у Алеся, так і ва ўсяго калектыву, жыць адкрытым культурным жыцьцём, не баяцца выказваць свае погляды», — распавяла мне іншая былая супрацоўніца музэю Тацяна Равяка.
Музэй Багдановіча сустракае Данчыка, амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня. Фота з сайту vytoki.net

Музэй Багдановіча сустракае Данчыка, амэрыканскага сьпевака беларускага паходжаньня. Фота з сайту vytoki.net



Паліна Сьцепаненка ўспамінае, што калі стваралі філію музэю Багдановіча ў Ракуцёўшчыне, Алесь прапанаваў супрацоўнікам пасадзіць там лес:

«Паводле апісаньняў, калі ў гэтым фальварку ў 1911 годзе жыў Максім Багдановіч, там былі густыя лясы, але іх зьнішчылі ў часе Другой сусьветнай вайны, і ў 1970-я гады на месца лесу звозілі плястмасу і нейкія прамысловыя адкіды. Бяляцкі нас два разы вывозіў туды, і мы садзілі лес. Ехаў воз з канём, на возе былі сосны, елкі, ядловец, і мы за гэтым канём з рыдлёўкамі ішлі і садзілі гэты лес. Хацелі вярнуць краявід».

У музэі было цікава ня толькі супрацоўнікам і наведнікам. Музэй Багдановіча ў часы дырэктарства Бяляцкага быў цэнтрам беларускага жыцьця. Алесь Бяляцкі згадваў:

* Тамковіч Аляксандар. Лёсы. Санкт-Пецярбург: Невский Простор, 2010. С. 215.
«Я разглядаў музэй як нацыянальную пляцоўку, а ня сховішча мёртвых рэчаў, таму там больш за год месьцілася дубаўцоўская „Наша Ніва“, тулілася нейкі час герменчукоўская „Свабода“, праводзіліся сходы Ўправы і Сойму БНФ, адбывалася сьвяткаваньне ўніяцкіх Калядаў, зьбіралася Беларуская каталіцкая грамада, былі зарэгістраваныя дзясяткі няўрадавых арганізацый. Адным словам, музэй быў напоўнены сучасным беларускім жыцьцём»*.

У сярэдзіне 90-х з абраньнем на прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачыналася новая эпоха, на якую не маглі не адрэагаваць Алесь Бяляцкі і ягоныя паплечнікі. У 1996 годзе ў музэі Багдановіча зьбіралі перадачы першым беларускім палітвязьням, каб завезьці ў адміністрацыйную турму на вуліцы Акрэсьціна. Куплялі прадукты ў суседняй краме, наразалі і раскладалі ў пакеты зь лягатыпам музэю.

У 1998 годзе Бяляцкага выклікалі ў Міністэрства культуры.

* Вячаслаў Ракіцкі. Сто адрасоў свабоды 1980–2010. Радыё Свабода, 2011. С. 72.
«Пытаньне ў міністэрстве было пастаўленае рубам: ці, як яны тады казалі, мы займаемся палітыкай, ці культурай? Я напісаў заяву па ўласным жаданьні й сышоў з музэю»*, — згадваў той момант Бяляцкі.

Увосень 2011 году, калі Бяляцкі ўжо сядзеў у турме, да 120-х угодкаў з дня нараджэньня Максіма Багдановіча выйшла энцыкляпэдыя, прысьвечаная паэту, у якой быў ацэнены і ўнёсак Алеся ў фармаваньне экспазыцыі музэю і ягоных філіяў. Укладальнік энцыкляпэдыі Мікалай Трус, які ў 1998 годзе замяніў Алеся на пасадзе дырэктара музэю, напісаў пра Бяляцкага:

* Максім Багдановіч. Энцыкляпэдыя. Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2011. С. 117.
«БЯЛЯЦКІ Алесь (Аляксандар Віктаравіч; н. 1962), беларускі літаратуразнавец, грамадзкі і культурны дзеяч. У 1989–98 дырэктар Літ. музэю М.Багдановіча. Пачатак працы А.Бяляцкага ў музэі супаў з інтэнсіўнай падрыхтоўкай экспазыцыі „Беларускай хаткі“ і цэнтральнага будынка Літаратурнага музэю М.Багдановіча. Прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 100-годзьдзю з дня нараджэньня Багдановіча, якія праводзіліся ў Беларусі, а таксама ва Ўкраіне і ў Расеі. Пад яго кіраўніцтвам у першай палове 1990-х гадоў праводзілася будаўніцтва і адбылося адкрыцьцё філіялу музэю ў вёсцы Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёну Менскай вобласьці і музэю М.Багдановіча ў Яраслаўлі. Ініцыятар выданьня архіўных зборнікаў, прысьвечаных публікацыі матэрыялаў пра жыцьцё Багдановіча, яго родных і знаёмых, выданьня ўспамінаў бацькі паэта А.Я.Багдановіча. Дасьледуе публіцыстычныя матывы ў паэзіі Багдановіча, аўтар артыкулаў пра жыцьцё і творчасьць Багдановіча. У музэі за час яго кіраўніцтва праводзіліся навуковыя канфэрэнцыі, сьвяты паэзіі і песьні ў Ракуцёўшчыне»*.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG