Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXІI. Чаму ня зьехаў?


Алесь Бяляцкі, фота fidh.org
Алесь Бяляцкі, фота fidh.org

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

У ліпені 2011 году Алесь Бяляцкі ня раз выяжджаў за межы Беларусі. Безь перашкодаў. Здавалася б, пераканаўся ў безнадзейнасьці спробаў давесьці нешта падаткоўцам, у тым, што справа замоўленая на самым версе ўлады і што распрацоўваюць яе насамрэч спэцслужбы, а не фінансавыя органы. Здавалася б, мог не аднойчы застацца за мяжою. Але не застаўся.

Калегі зь «Вясны» раілі Алесю зьехаць на нейкі час у Вільню, адкуль ён мог бы працягваць кіраваць арганізацыяй.

«Усе сыходзіліся на тым, што будзе крымінальны перасьлед. І Алесь гэта добра разумеў. Мы ўсе прапаноўвалі яму зьехаць, і я, і Валянцін Стэфановіч, і Тацяна Равяка, і паасобку, і разам, але ён катэгарычна адмовіўся. Алесь ведаў, што яго могуць у любы момант арыштаваць, і рыхтаваў нас да гэтай сытуацыі», — згадвае Ўладзімер Лабковіч.

«Алесь адмовіўся. Ён сказаў, што гэта тое, чаго ўлады і жадаюць: яны дамагаюцца, каб я зьехаў, таму і прадэманстравалі гэтыя паперы і даюць час… Трэцяга жніўня я бачыў яго апошні раз перад арыштам, я ехаў у Вільню ў праваабарончую школу, а потым хацеў паехаць адпачыць на Балтыйскае мора. Мы зь ім разьвіталіся, пажартавалі, я сказаў, што 15 гадоў „Вясны“ мы так і не адзначылі», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Юсьцінас Каросас
Юсьцінас Каросас
Літоўскі палітык Юсьцінас Каросас прыгадвае, што палітыкі Літвы таксама засьцерагалі Бяляцкага ад вяртаньня ў Беларусь пасьля таго, як банкаўская інфармацыя на яго была перададзеная зь Вільні ў Менск. «У той час Бяляцкі быў у Літве, і рашэньне аб вяртаньні ў Беларусь належала выключна яму. Я чуў, як Бяляцкі адказваў, што ён грамадзянін і патрыёт Беларусі і што ягонае месца там».


У сям’і Бяляцкіх магчымы ад’езд сур’ёзна не абмяркоўваўся. І ніякіх захадаў, каб неяк абараніцца ад магчымых наступстваў, схаваць нейкія дакумэнты, Алесь не рабіў. Натальля Пінчук кажа:

«Тут усё было адназначна, у нас было такое маўклівае пагадненьне, што ён нікуды ня зьедзе, што ў нас усё канфіскуюць, што гэта можа выліцца ў сем гадоў турмы. Я моўчкі пагадзілася, ён зразумеў, што я яго падтрымліваю, і ўсё».
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Стакгольме. У цэнтры Марцін Угла. Фота Östgruppen.
Акцыя ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Стакгольме. У цэнтры Марцін Угла. Фота Östgruppen.




Марцін Угла, старшыня швэдзкай ініцыятывы за дэмакратыю і правы чалавека Östgruppen, на пытаньне, ці ня лепш было б Бяляцкаму зьехаць за мяжу, чым трапіць за краты, адказаў:

«Гэта вельмі мужнае рашэньне. Вядома, нас усіх вельмі хвалюе сытуацыя і тое, што пагражае Алесю. Я магу толькі сказаць, што ягонае рашэньне паказвае, наколькі ён гатовы ахвяраваць сабою для свабоды Беларусі».

Палітычная эміграцыя за час праўленьня Лукашэнкі стала ў Беларусі звыклай справай: дзясяткі, калі ня сотні чалавек скарысталі такую магчымасьць, у тым ліку людзі, якія прэтэндавалі на ролю грамадзкіх лідэраў, але мусілі ратавацца ад перасьледу ўладаў. Чарговую хвалю палітычнай эміграцыі выклікалі нечуваныя рэпрэсіі пасьля разгону Плошчы-2010. Алесь таксама меў магчымасьць пазьбегнуць турмы, але не скарыстаў яе. Чаму?

Спадзеву на выпадак, на тое, што «пранясе», не засталося. Арышт быў немінучы, але ён не выглядаў для Бяляцкага поўным крахам жыцьцёвых плянаў. Зьвязаныя з арыштам пэртурбацыі Алесь успрымаў як тое, што ён мусіць перажыць, як абавязак. Памятаеце ўжо цытаваныя ягоныя словы ў лісьце з турмы? «Знаходжуся там, дзе і павінен быць праваабаронца пры такой сытуацыі ў краіне».

Падобным чынам павёў сябе расейскі бізнэсовец Міхаіл Хадаркоўскі, які стаў галоўным палітвязьнем Уладзімера Пуціна. Хадаркоўскі меў магчымасьць не вярнуцца ў Расею, але вярнуўся і на доўгія гады трапіў у турму.

«Чаму Міхаіл вярнуўся ў Расею, хоць разумеў, што чакае яго ў краіне? Ці вы як бацькі не шкадуеце, што ён не падумаў пра сям’ю?» — спытаўся журналіст польскага часопіса Wprost у ягоных маці і бацькі.

«Ён мае такі характар. Не ўцякае ад цяжкасьцяў, наадварот: сам іх да сябе прыцягвае. Гэта страшны выбар: паміж свабодай і сумленьнем. Міхаіл мяне калісьці спытаў: а што б ты зрабіла? Я адказала, што зрабіла б гэтаксама», — адказала маці. А бацька дадаў: «Калі б у свой час ён уцёк, то мы б мелі да яго прэтэнзіі з гэтай нагоды».

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG