Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XLIX. Беларуская рэакцыя


Чарнобыльскі шлях-2012 у Менску.

Чарнобыльскі шлях-2012 у Менску.

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Пра наступствы і вынікі справы Бяляцкага для Беларусі я папрасіў выказацца самога Алеся і аўтарытэтных у беларускім грамадзтве людзей.

Алесь Бяляцкі ў лісьце з турмы ад 21 траўня 2012 году:

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

«Нас не ўдалося выціснуць на маргінэс. Так атрымалася, што ў праваабароне ў Беларусі працуюць ці не найбольш эфэктыўныя і дасьведчаныя ў грамадзкім сэктары людзі і арганізацыі. Не заўважаюць слабых і няздольных, а нас, і ў прыватнасьці мяне, бачыш як заўважылі. Думаю, што мы паўплывалі і працягваем уплываць на адносіны ў нашым грамадзтве да разуменьня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. І гэта самае істотнае […] Адзінае, пра што даводзіцца шкадаваць, гэта тое, што ў мяне было зусім недастаткова часу на сям’ю. Але ў такі час мы жылі і жывем. Час вельмі важны і вызначальны для нашага грамадзтва, які патрабуе нашых вялікіх намаганьняў, а часам і ахвярнасьці».

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Філёзаф Валянцін Акудовіч называе Алеся Бяляцкага змагаром, сымбалем беларускага грамадзянскага супраціву:

«Напэўна, былі ў нас больш яркія фігуры, якія знаходзіліся больш навідавоку, былі больш мэдыйныя фігуры нашага супраціву. Аднак някідкая праца Алеся, але такая ўпартая, сьвядомая, засяроджаная, ягоная самаахвярная праца дае падставы пэрсаніфікаваць менавіта празь яго беларускі супраціў. Там, дзе ён упэўнены і ў чым упэўнены, ён спакойна і рашуча, без залішняй рыторыкі рухаецца ў тым кірунку і йдзе да канца. У ім ёсьць вельмі моцны ўнутраны стрыжань, цэласнасьць. Ён сустракае перашкоды і цяжкасьці, якія зараз выпалі яму, зь нейкім ясным спакоем, з упэўненасьцю ў тым, што той шлях, які ён абраў, не выключае і турмы, што гэта нармальна — сядзець за сваю дабрадзейнасьць у беларускай турме».

Валянцін Акудовіч зь вялікай павагай ставіцца да самаахвярнага ўчынку Алеся, які, маючы магчымасьць зьехаць з краіны, вырашыў прайсьці праз судовы перасьлед і турму:

«Што датычыць грамадзкага плёну ад гэтай ахвярнасьці, то тут няма адназначнага адказу. Чым такі крок каштоўны, дык гэта тым, што чалавек яго робіць не таму, што з гэтага будзе станоўчы вынік, а таму, што ён яго не зрабіць ня можа. І я ня ўпэўнены, што гэтыя ахвяры зьмяняюць нешта ў нас. Можа, сума іх, большых і меншых ахвяраў, стварае нейкую крытычную масу, якая пакрысе, далёка не раўназначна гэтым ахвярам, штосьці зьмяняе ў кожным з нас. Але ня ў гэтым я бачу іх каштоўнасьць, а ў тым, што ёсьць людзі, здольныя на падобныя крокі. Калі ў грамадзтве такіх людзей няма, калі яны раз-пораз не зьяўляюцца, то такое грамадзтва сапраўды мае мала шанцаў на будучыню».

Валянцін Акудовіч лічыць, што арышт Бяляцкага быў задуманы як чарговае зьвяно ў дзейнасьці рэпрэсіўнай сыстэмы ўлады, якая толькі пасьля шырокага міжнароднага розгаласу з гэтай нагоды зразумела, што пралічылася. Магчыма, гэта прымусіць больш не садзіць праваабаронцаў. Такім чынам, Алесь прыкрыў сабою праваабарончы рух, мяркуе Валянцін Акудовіч.

Пётра Садоўскі

Пётра Садоўскі

Першы амбасадар Беларусі ў ФРГ, мовазнаўца і культуроляг Пётра Садоўскі трымаецца больш пэсымістычнай думкі:

«Ня думаю, што ўлады Беларусі нешта адчулі. Я не мяркую, што яны думаюць, што перабольшылі і апякліся. Наадварот, яны зразумелі, што выбіваньне з гульні такіх ключавых фігур для іх надзвычай плённае. Улады не шкадуюць, яны нічога не зьбіраюцца мяняць і будуць ісьці ў рэпрэсіўным кірунку. Што да апазыцыі, то адсутнасьць Бяляцкага і яго дапамогі нашымі дэмакратычнымі сіламі вельмі адчуваецца».

Аляксей Марачкін

Аляксей Марачкін

Мастак Аляксей Марачкін прычыны арышту і асуджэньня Бяляцкага бачыць у прыродзе гэтай улады:

«Рэжым ненасытны. Алесь ніякага ўрону не зрабіў дзяржаве, ён абараняў людзей, тых, хто змагаецца за незалежнасьць, свабоду, за чалавечую годнасьць і хто пацярпеў ад рэжыму. І ўлады ў гэтым убачылі небясьпеку, не даравалі. Ці ацэніць гэты чын Алеся беларускае грамадзтва? Думаю, што ў цэлым наш народ сьпіць, апутаны павуціньнем замшэласьці і дзяржаўнай прапаганды. Але актыўная частка грамадзтва, безумоўна, ацаніла ўчынак Алеся. Ягоныя пакуты, як пакуты Някляева, Саньнікава, іншых палітвязьняў набліжаюць час вызваленьня ад гэтых путаў. Дарэмна гэта не праходзіць».

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Сябра Алеся з раньніх 80-х Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што справа супраць Алеся Бяляцкага не завершаная, што яго працягваюць перасьледаваць, узьнікаюць новыя справы за выплату пені са штрафаў, працягваюцца працэсы наконт канфіскацыі маёмасьці Бяляцкага і офіса «Вясны».

«Ён праваабаронца, ён ня кідаў выкліку цяперашняму рэжыму ў якасьці палітычнай альтэрнатывы, ён законна дамагаўся выкананьня правоў чалавека. У гэтым сэнсе ягоны арышт — гэта новая ступень жорсткасьці рэжыму: тое, што ён выдатнага праваабаронцу дэманстратыўна пасадзіў у турму.

Чаму менавіта Бяляцкі? Рэч у ягонай асобе. Я яго ведаю з 1982 году. Алесь — цэльны чалавек з выпакутаваным сьветапоглядам, які з савецкіх часоў мае прынцыпы, дзейнічаў у антыкамуністычным падпольлі, які ў самыя гарачыя гады барацьбы за свабоду і незалежнасьць нашай краіны быў сярод заснавальнікаў БНФ. Ён неканьюнктурны чалавек, які да скону пранясе свае прынцыпы. Гэтым тлумачыцца ягоны аўтарытэт сярод палітычна актыўных людзей і праваабаронцаў, гэтым тлумачыцца нянавісьць да яго рэжыму».

Уладзімер Арлоў

Уладзімер Арлоў

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў згадаў паездку ў вёску Смаляны Аршанскага раёну, дзе ў канцы траўня 2012 году ён прэзэнтаваў сваю кнігу «Пакуль ляціць страла»:

«Я зразумеў, што там людзі ведаюць, хто такі Бяляцкі, прынамсі настаўнікі. А пасьля сустрэчы ў мяне пра Алеся спыталася адна старшаклясьніца: „Скажыце, як там справы ў Бяляцкага, я чытаю ў інтэрнэце пра яго, а што насамрэч?“ І гэта мяне вельмі ўсьцешыла. Тое, што дзяўчынка з занядбанага цяпер мястэчка ведае Бяляцкага, было для мяне істотным сыгналам. У мяне нават настрой узьняўся».

Уладзімер Арлоў перакананы, што справа Бяляцкага — безумоўна палітычная, гэта працяг яго змаганьня за Беларусь:

«Ведаючы Бяляцкага яшчэ зь яго студэнцкіх гадоў, калі ён прыяжджаў да мяне ў Полацак, хачу сказаць, што гэта чалавек, які калісьці абраў сабе шлях і ня збочваў зь яго. Ён знайшоў сваю радзіму — Беларусь і вырашыў служыць ёй. Спачатку рабіў гэта ў аб’яднаньні маладых літаратараў „Тутэйшыя“, потым — на пасадзе дырэктара музэю Максіма Багдановіча, пазьней — як праваабаронца. У самых розных іпастасях мы яго ведалі, але гэта быў адзін і той жа Алесь Бяляцкі».

Праваабаронцы спатрэбяцца Беларусі яшчэ доўга, і найперш такія, як Бяляцкі, кажа Ўладзімер Арлоў. Ён, як і іншыя мае суразмоўцы, перакананы, што турма ня зломіць Алеся:

«Такія людзі, як Бяляцкі, у няволі толькі загартоўваюцца. Уздымаюцца на іншы ўзровень, па новых прыступках зьдзяйсьняюць сваё духоўнае ўзыходжаньне. Думаю, што з турмы ён выйдзе больш самазаглыбленым, нават набудзе іпастась філёзафа».

Вінцук Вячорка ня хоча гадаць, калі вызваляць Алеся, але ён перакананы:

«Пасьля турмы ён будзе тым жа самым Алесем, які ані на мілімэтар ня здаў сваіх каштоўнасьцяў і не капітуляваў… Па-другое, незалежна ад ступені міжнароднага ўдзелу ў ягоным лёсе, ягоны аўтарытэт у краіне вырасьце. Гэта нягледзячы на тое, што ў беларусаў увязьненьне ня надта спрыяе папулярнасьці грамадзкага дзеяча або палітыка».

Своеасаблівай рэакцыяй уладаў на справу Бяляцкага сталіся «антырэвалюцыйныя папраўкі» ў Крымінальны кодэкс і іншыя законы. Яны былі ўхваленыя ў кастрычніку 2011 году. Гэтыя зьмены забараняюць і караюць атрыманьне замежных грантаў на дзейнасьць недзяржаўных аб’яднаньняў.

Міжнародная арганізацыя Frontline Defenders выказала перакананьне, што гэтыя папраўкі былі ўключаныя ў сувязі са справай Алеся Бяляцкага.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» дапоўнены палажэньнем:

«Рэспубліканскім і мясцовым грамадзкім аб’яднаньням, іх саюзам забараняецца захоўваць грашовыя сродкі, каштоўныя мэталы і іншыя каштоўнасьці ў банках і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў».

Аналягічныя палажэньні былі ўнесеныя і ў закон аб палітычных партыях. А ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь было ўнесенае дапаўненьне, якое варта працытаваць цалкам:

«Артыкул 369-2. Атрыманьне замежнай бязвыплатнай дапамогі ў парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Атрыманьне, а таксама захоўваньне, перамяшчэньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або фінансаваньня палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый, падрыхтоўкі або правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, адкліканьня дэпутата, члена Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, арганізацыі або правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня, забастовак, вырабу або распаўсюджваньня агітацыйных матэрыялаў, правядзеньня сэмінараў або іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва, учыненыя на працягу году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня за такія ж парушэньні, — караюцца штрафам, або арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на тэрмін да двух гадоў».

Судзіць праваабаронцаў і апазыцыянэраў за нясплату падаткаў — надта нязручна, дый не дадуць болей уладам Беларусі банкаўскай інфармацыі з-за мяжы. Новы артыкул Крымінальнага кодэксу дазваляе саджаць у турму толькі за атрыманьне грантаў.


Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG