Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXІІI. Дзяды-88


Мітынг на Дзяды-88. Выступае Ўладзімер Арлоў. Фота з сайту <a href="http://vytoki.net/">vytoki.net</a>

Мітынг на Дзяды-88. Выступае Ўладзімер Арлоў. Фота з сайту <a href="http://vytoki.net/">vytoki.net</a>

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Ноч на роздум. Каго пасадзілі?


Пракурор Валеры Сайкоўскі ў адным са сваіх выступаў на працэсе заявіў, што Бяляцкі — «чалавек адукаваны і ў некаторых колах грамадзтва нават паважаны». Выснову з гэтага ён зрабіў такую: менавіта таму Бяляцкі добра разумеў, што трэба плаціць падаткі.

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу.

У гэтай краіне ня маю я долі,
вось посах і торба і сотні дарог.
Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

У гэтай краіне ня маю я Бога,
ушчэнт разапселі яго сьвятары:
дзе церні павінны насіць — носяць рогі,
які ж тагды Бог, калі служкі зьвяры?

У гэтай краіне ня маю я роду,
забыўся народ мой найменьня дзядоў,
і сьвету ня бачыць далей азяроду,
і дзецям ня дорыць на шчасьце падкоў.

У гэтай краіне ня маю я песьні,
якая б народнай была і маёй,
якую б сябрына запела ў Бярэсьці,
а рэха ўзышло за Дняпром, за Дзьвіной…

У гэтай краіне ня маю я дому,
вось воблака — сяду і ў сьвет палячу
над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
ні грошай, ні славы — я волі хачу,
бо ў гэтай краіне ня маю я волі…


Анатоль Сыс. Маналёг Апанаса Філіповіча. 1987 год.


Сапраўды, Алесь Бяляцкі добра вядомы і паважаны ў Беларусі і за мяжой чалавек. Інтэлектуал, лідэр, ініцыятар і стваральнік, адзін зь піянэраў беларускага адраджэнскага руху, літаратуразнаўца, дырэктар музэю Максіма Багдановіча, палітык, дэпутат Менскага гарадзкога савету, адзін з кіраўнікоў першай апазыцыйнай партыі — Беларускага Народнага Фронту, праваабаронца, грамадзкі дзяяч, адзначаны шматлікімі міжнароднымі прэміямі.

Каб апісаць ролю Бяляцкага ў найноўшай гісторыі Беларусі, патрэбная асобная кніга.


Дзяды-88


У сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску і ў Жодзінскай турме Бяляцкі пачаў пісаць успаміны з часоў маладосьці — сваёй і незалежнай Беларусі. Гэтыя ўспаміны ён дасылае ў выглядзе лістоў, на якіх стаіць пячатка турэмнай цэнзуры, сваёй сяброўцы, актывістцы «Вясны» Алене Лапцёнак. Алена рэдагуе і друкуе іх у газэце «Народная Воля».

«Мы былі амбітнымі і не баяліся думаць за ўсю Беларусь», — згадвае ў гэтых успамінах Алесь 80-я гады ХХ стагодзьдзя.

У 1987 годзе ў Менску ўпершыню пачулі слова «Дзяды». З падручнікаў і этнаграфічных манаграфій яно выходзіла на вуліцу. Якраз на той год прыпаў сумны юбілей — 50-я ўгодкі масавага расстрэлу беларускіх пісьменьнікаў, дзеячоў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадзкіх дзеячоў у 1937 годзе, калі ў адзін дзень 29 кастрычніка ў падвалах унутранай турмы НКВД (цяпер КДБ) у Менску былі забітыя больш за сто прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты, у тым ліку 22 — літаратары. Алесь Бяляцкі стаў ініцыятарам (падаў заяўку ў гарвыканкам) першай акцыі ў памяць сталінскіх ахвяраў, якая прайшла 30 кастрычніка 1987 году ў дзень памінаньня продкаў — Дзяды — каля помніка Янку Купалу ў Менску. На мітынг-рэквіем тады прыйшло каля сотні чалавек.

У 1988 годзе ў газэце «Літаратура і мастацтва» Зянон Пазьняк і Яўген Шмыгалёў апублікавалі артыкул «Курапаты — дарога сьмерці», які меў вялізны рэзананс у грамадзтве. Летам пасьля гэтай публікацыі адбылося першае шэсьце ў Курапаты. А ў верасьні моладзевыя нефармальныя суполкі «Тутэйшыя» і «Талака» пачалі падрыхтоўку да новых Дзядоў, таксама антысталінскіх. Літаратурная суполка «Тутэйшыя», кіраўніком якой быў Бяляцкі, мела пэўны легальны статус, бо дзейнічала «пры Саюзе пісьменьнікаў Беларусі». Таму заяўку на Дзяды падавалі, як і ў 1987 годзе, ад яе імя Анатоль Сыс і Алесь Бяляцкі. Яны зноў папрасілі ва ўладаў пляцоўку каля помніка Янку Купалу ў Менску.

Менскія ўлады не дазволілі акцыю на ранейшым месцы, а прапанавалі пляцоўку каля Ўсходніх могілак. Арганізатары пагадзіліся.

Неўзабаве, аднак, улады адмовіліся ад свайго рашэньня і заявілі, што дазволу на акцыю ня будзе ў сувязі з 60-годзьдзем камсамолу. Сапраўдная ж прычына была ў тым, што незадоўга да Дзядоў былі ўтвораныя грамадзкае аб’яднаньне «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту. Стварэньне БНФ шакавала ўлады і выклікала ў іх жаданьне заціснуць гайкі.

«Урэшце, калі ў другой палове кастрычніка ўсе спробы дамовіцца з уладамі скончыліся нічым, мы вырашылі, што ўсё роўна Дзяды будзем ладзіць, зьбіраем, запрашаем народ, нягледзячы ні на што. Мы ўпарта працягвалі падрыхтоўку, дамовіліся і патаемна надрукавалі на інстытуцкай памнажальнай машыне, на шэрхлай каляровай паперы некалькі тысяч абвестак-запрашэньняў на Дзяды, разрэзалі аркушы і заклеілі імі пад’езды», — згадвае той момант Алесь Бяляцкі ў сваіх пісаных у турме мэмуарах.

Падтрымаў акцыю і аргкамітэт БНФ на чале зь Зянонам Пазьняком.

Дадатковую рэкляму маніфэстацыі зрабілі заклікі ўладаў праз газэты і радыё не хадзіць на «несанкцыянаванае» мерапрыемства.

«А за пару дзён да 30 кастрычніка, абранай даты Дзядоў, мяне выклікаў да сябе гарадзкі пракурор, — працягвае Алесь. — Ён абвясьціў мне афіцыйнае папярэджаньне, уручыў адпаведную паперку і прыгразіў, што калі адбудуцца беспарадкі, мне пагражае зьняволеньне да трох гадоў… Але я не вагаўся ні хвіліны. Адступаць у гэтай сытуацыі было для мяне — адмовіцца ад самога сябе».
Павязка, якую насілі арганізатары Дзядоў-88, фота vytoki.net

Павязка, якую насілі арганізатары Дзядоў-88, фота vytoki.net


Мітынг на Дзяды-88. Выступае Зянон Пазьняк. Фота vytoki.net

Мітынг на Дзяды-88. Выступае Зянон Пазьняк. Фота vytoki.net

30 кастрычніка да Ўсходніх могілак прыйшлі тысячы людзей. Міліцыя падрыхтавалася да разгону і яшчэ на падыходах хапала арганізатараў і актывістаў.

«Там упершыню ў новай гісторыі Беларусі адкрыта быў узьняты бел-чырвона-белы сьцяг. Як сказаў Зянон Пазьняк, на Дзяды ў тым годзе ішоў натоўп, а вяртаўся ўжо беларускі народ», — згадвае Алесь Бяляцкі. Сам ён мітынгу ня бачыў, бо яшчэ на пачатку акцыі яму пырснулі ў твар сьлезацечным газам, схапілі пад рукі і запхнулі ў міліцэйскі «ўазік».

Напрыканцы 1988 году, у самвыдатаўскім бюлетэні «Кантроль» — нефармальным органе «Тутэйшых», гэтыя падзеі апісваліся так:

* Цыт. паводле публікацыі: Алесь Аркуш. «Вяртаньне ў «Тутэйшыя».
«Яшчэ да пачатку Дзядоў пачаўся „хапун“. Людзі ў цывільным тыцкалі пальцам у мастакоў Міколу Купаву і Аляксея Марачкіна. Была спроба затрымаць старшыню „Мартыралёгу Беларусі“ Зянона Пазьняка. Ратуючы яго, „заляцелі“ адразу аж трое „тутэйшых“: В.Мартыненка, А.Дэбіш, А.Бяляцкі. Іх забралі, затое Пазьняка народ адбіў. Бяляцкага „апрацавалі“ сьлезацечным газам з 10 сантымэтраў аэразолем проста ў вочы. Ужо на Курапатах, куды дабралася некалькі групаў, правёў Дзяды тутэйшавец І.Бабкоў, пасьля чаго яго таксама пасадзілі ў машыну. А.Сыс вырваўся з-пад кантролю і прыбег з працы, калі ўсе ўжо разыходзіліся. Астатнія „тутэйшыя“ хадзілі, рассыпаныя між народу. Бачылі, як у прастору паміж міліцыянтамі і народам нехта кінуў плястмасавую цацку-аўтамат: „Страляйце!“ Бачылі, як курсанты, счапіўшыся і ціснучы людзей, білі дзяўчатак чаравікамі па лытках, а тыя крычалі. Бачылі, як у ланцугу з плястыкавымі шчытамі і каскамі нехта пасьлізнуўся і чалавек пяць, як даміно, паваліліся адзін на аднаго. Скандавалі разам з народам: „Ван-дэ-я! Ста-лі-ні-сты!“»*

Разгон Дзядоў-88. Фота vytoki.net

Разгон Дзядоў-88. Фота vytoki.net


На тых, каго затрымалі і павезьлі ў міліцыю, склалі пратаколы. Бяляцкаму напісалі: «Выкрикивал антисоветские лозунги». Потым зразумелі, што перабралі, пратакол перапісаўся, і зноў пад подпісам сьведак пайшла стандартная фармулёўка: «Участие в митинге», за якую Бяляцкі атрымаў у судзе 200 рублёў штрафу. Затрымалі і пакаралі тады дзясяткі чалавек.

«У мяне было адчуваньне поўнага бясьсільля і паразы», — піша ва ўспамінах Алесь. Штраф яму прысудзіў Першамайскі раённы суд, той самы, які праз 23 гады асудзіць яго на 4,5 года турмы. Штраф 200 рублёў Алесю дапамаглі аплаціць калегі — супрацоўнікі Інстытуту літаратуры Акадэміі навук, сабраўшы хто па рублю, хто па 50 капеек.

200 рублёў на той час было шмат — паўтары асьпіранцкія стыпэндыі Бяляцкага. Грошы Алесю перадаў дырэктар Інстытуту літаратуры Віктар Каваленка.

«Ён выклікаў мяне да сябе і сказаў: „Алесь, вось вам грошы, якія інстытут сабраў, заплаціце, калі ласка, штраф“. І для мяне гэта было незабыўна. Я як запомніў — і дасюль забыць не магу. Людзі мне дапамагалі»*, — так згадваў той момант сам Алесь.

Наступны разгон дэманстрацыі ў Менску адбыўся ўжо пры Аляксандру Лукашэнку, 4 студзеня 1995 году, калі на плошчу Незалежнасьці выйшла некалькі дзясяткаў чалавек з патрабаваньнем спыніць ганеньні на свабодную прэсу. Акцыю разагналі чатырма ўзводамі амапаўцаў. Быў жорстка зьбіты прафэсар БДЭУ Мікола Савіцкі. Пасьля гэтага цягам усяго прэзыдэнцтва Лукашэнкі рэдкая акцыя апазыцыі не завяршалася жорсткім разгонам.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG