Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Па сканчэньні дэбатаў бакоў суд даў Бяляцкаму магчымасьць выступіць з апошнім на гэтым працэсе словам перад тым, як будзе абвешчаны вырак. Алесь прамаўляў 40 хвілін, ацэньваючы і сваю крымінальную справу, і справу свайго жыцьця — абарону правоў чалавека, і сытуацыю ў Беларусі.

Бяляцкі: «Я не шкадую ні пра адзін свой крок»

Апошняе слова Алеся Бяляцкага на судзе 23 лістапада 2011 году паводле дыктафоннага запісу, зробленага ў залі судовага паседжаньня:

«Я згодны з кожным словам адваката. Лічу, што тыя аргумэнты, якія ён прывёў, маюць дастатковае юрыдычнае абгрунтаваньне і дастаткова падставаў для сур’ёзных адносінаў да іх. У той жа час я знаходжуся ў дастаткова складанай сытуацыі, бо выдатна разумею, што гэтая справа ад пачатку да канца мае палітычны падтэкст, і выступленьне адваката і маё апошняе слова, на жаль, нагадваюць голас чалавека, які крычыць у пустыні і якому вельмі цяжка дакрычацца. І я сябе адчуваю зараз тым, які крычыць у пустыні, спрабуючы дакрычацца да сонца. Тым ня менш я маю што сказаць.

Пра палітычны кантэкст


Пачну, мабыць з таго, што літаральна перад тым, як я патрапіў у зьняволеньне, мой сябра даў мне пачытаць старую савецкую кніжку пра супрацьдзеяньне КДБ праваабаронцам у Савецкім Саюзе. Кніжка напісаная ў 80-я гады. Яна была дастаткова цікавая, таму што вельмі шмат з таго, што апісваецца там, перагукаецца з тым, што адбываецца ў Беларусі ў апошнія гады. І я вызначыў бы асноўныя задачы, якія ставілі тады спэцслужбы перад сабою. Першая — дыскрэдытаваць праваабаронцаў, абвясьціць іх «тунеядцами», як гэта было ў выпадку з паэтам Ёсіфам Бродзкім. Ці абліць брудам, паказаць іх несамастойнасьць, як гэта было ў выпадку з Андрэем Сахаравым. Ці абвінаваціць у фінансавых махінацыях, што тычыцца пісьменьніка Васіля Аксёнава. Ці проста зрабіць вар’ятамі, як было ў дачыненьні да беларускага праваабаронцы Міхася Кукабакі, які сядзеў у «псыхушцы» шэсьць гадоў за тое, што распаўсюджваў Усеагульную дэклярацыю правоў чалавека ў Беларусі. Сорак гадоў прайшло — і неверагодна, але сытуацыя паўтараецца. Я адчуваю сябе гэтыя апошнія тры з паловай месяцы, як быццам бы я вярнуўся ў Савецкі Саюз. І проста на нейкім іншым узроўні адбылася рэінкарнацыя ўсяго таго, што было раней.

Калі 17 студзеня праводзіўся вобшук у Ракаве, дзе ў нас хата знаходзіцца, ехалі мы на машыне з супрацоўнікамі КДБ (маладыя хлопцы гадоў па 35), дарога туды займала дзесьці гадзіну, і я спрабаваў іх разгаварыць. Пытаюся: «А што вы ўсё працуеце нейкімі старымі мэтадамі — шантажуеце, вярбуеце людзей, вобшукі гэтыя праводзіце? Няўжо недастаткова вам той інфармацыі, якая ёсьць у інтэрнэце зараз, якую мы гаворым?» Таму што як праваабаронцы мы дастаткова адкрытыя. Дастаткова зайсьці на сайт «Вясны» (вось і шаноўны грамадзянін пракурор гэта пацьвердзіў), там дастаткова інфармацыі пра нашую дзейнасьць — чым мы займаемся, якія нашыя задачы, якія мэтады. За гэты год толькі я даў чатыры вялікія інтэрвію, дзясяткі розных камэнтароў СМІ, у тым ліку ў інтэрнэце, якія складаюць дастаткова поўную карціну. Прааналізуйце — і вы будзеце ведаць, чым займаюцца праваабаронцы. Ну, яны сумеліся і кажуць: маўляў, старыя мэтады таксама добрыя, так што мы працуем так, як нас вучылі. Ну, я ня веру ў тое, што КДБ і іншыя дзяржаўныя службы, якія цікавіліся і цікавяцца дзейнасьцю «Вясны», ня ведаюць, чым займаецца «Вясна» і ў прыватнасьці я як старшыня арганізацыі. Калі яны сапраўды бачаць у праваабаронцах, у прыватнасьці ў «Вясьне», канал для перапраўкі ў Беларусь фінансавых сродкаў для «фінансаваньня радыкальнай апазыцыі», як пісаў у сваім лісьце генэрал Вягера... Цікава толькі, дзе яны знайшлі гэтую радыкальную апазыцыю ў Беларусі, няхай бы паказалі! У гэтым выпадку я лічу, што гэта іх недапрацоўка, непрафэсіяналізм, гэта ўваходзіць у сэрыю такіх казак-страшылак, якія мы чулі ў 2006-м годзе, калі старшыня КДБ Сухарэнка распавядаў пра радыкальную апазыцыю, якая зьбіралася труціць менскі водазабор кактэйлем з настоеных на вадзе дохлых пацукоў. Я мяркую, што КДБ добра ведае і ўсьведамляе, чым на самой справе займаюцца праваабаронцы ў Беларусі, і я ў прыватнасьці, і сьвядома і мэтанакіравана працуе супраць праваабаронцаў, выкарыстоўваючы любыя мэтады для іх перасьледу. Гэтае цкаваньне добра арганізаванае ў межах выбудаванага рэжыму.

І дастаткова паглядзець: у 1998–99 гадах была першая перарэгістрацыя няўрадавых арганізацый, калі сотні арганізацый не былі зарэгістраваныя. У тым ліку і «Вясна-96» не прайшла перарэгістрацыю, і «заслуга» ў гэтым Міністэрства юстыцыі. Тая грамадзянская супольнасьць, якая толькі пачала станавіцца на ногі ў 90-х гадах, неяк структуравацца, афармляцца — яна адчула моцны прэсінг з боку дзяржавы. І тады ж былі выкінутыя зь Беларусі дабрачынныя фонды, рэзка была абмежаваная магчымасьць легальнага фінансаваньня няўрадавых арганізацый. Руку да гэтага прыклала і адміністрацыя прэзыдэнта. У 2003–2004 гадах была праведзеная цэлая кампанія па закрыцьці няўрадавых арганізацый: каля 400 арганізацый былі ліквідаваныя, у тым ліку і Праваабарончы цэнтар «Вясна» і яшчэ некалькі праваабарончых арганізацый. І, нягледзячы на тое, што ў 2007 годзе было прынятае рашэньне Камітэту па правах чалавека ААН аб аднаўленьні рэгістрацыі «Вясны», яно было праігнараванае. І руку да гэтага прыклалі і Міністэрства замежных спраў, і Міністэрства юстыцыі. Спроба рэгістрацыі ў наступныя гады была адхіленая — Мін’юст зноў жа ня бачыў патрэбы ў існаваньні праваабарончых арганізацыяў у Беларусі. А ў 2006-м годзе быў уведзены 193-1 крымінальны артыкул, які перасьледуе дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый, што зьяўляецца абсалютным нонсэнсам. Нагадаю, што гэтыя зьмены ў крымінальнае заканадаўства былі прадстаўленыя зноў жа старшынёй Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Дарэчы, літаральна пару тыдняў таму Вэнэцыянская камісія вынесла рашэньне аб тым, што гэтыя зьмены ў Крымінальным кодэксе Беларусі не адпавядаюць міжнародным пагадненьням, падпісаным Беларусьсю, якія адносяцца да грамадзянскіх і палітычных правоў. 2011 год асаблівы, калі была арганізаваная сапраўдная кампанія цкаваньня і Праваабарончага цэнтру «Вясна», і мяне як старшыні. Хацелі таксама, каб за кратамі апынуўся і Валянцін Стэфановіч, але гэта не атрымалася.

Усё гэта, канечне, складае палітычны кантэкст перасьледу мяне за маю праваабарончую дзейнасьць.


Фота Юліі Дарашкевіч

Фота Юліі Дарашкевіч

Пра адносіны ўладаў да праваабаронцаў

Не сакрэт, што ў Беларусі склалася аўтарытарная ўлада, якая ня бачыць месца для праваабаронцаў у краіне. Нерэгістрацыя праваабарончых арганізацый зьвязаная менавіта з гэтым. Шмат маіх сяброў, калег былі выкінутыя з афіцыйных месцаў працы за гэтыя гады, яны перасьледаваліся ў адміністратыўным парадку і іншым чынам. На жаль, улада ня церпіць канкурэнцыі: перасьледуе палітычных апанэнтаў, абмяжоўвае грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды — правы на сходы, мітынгі, аб’яднаньні, атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, свабодныя і справядлівыя выбары. Улада не дазваляе разьвівацца грамадзянскай супольнасьці, разбурае яе. Грамадзкая воля паралізаваная апошнім часам. І людзі, большасьць зь якіх знаходзіцца на працоўным кантракце, жывуць пад прэсінгам, страхам. Улада ня церпіць крытыкі — перасьледуе журналістаў і праваабаронцаў. І сёлетнія судовыя працэсы — над Андрэем Пачобутам, нада мною — якраз зьяўляюцца пацьверджаньнем гэтаму. Гэта працэсы з адной абоймы, хаця яны маюць быццам бы фармальна розныя крыніцы. І галоўная супярэчнасьць, інтрыга бачыцца мне ў тым, што ўсе гэтыя дзеяньні ўлады ні ў чым не адпавядаюць ні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ні міжнародным пагадненьням, якія заключыла дзяржава Беларусь, ужо будучы самастойнай і ўзяўшы сабе ў спадчыну тыя абавязкі, якія ў свой час яшчэ браў Савецкі Саюз. І я, і мае калегі пра гэта гаварылі, мы пра гэта гаворым і будзем гаварыць, таму што гэта ёсьць ісьціна.

Я нагадаю, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 36, гарантуе права на свабоду аб’яднаньняў, якое парушаецца, артыкул 34 гарантуе права на атрыманьне і распаўсюд інфармацыі, артыкул 33 — на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, артыкул 59 — абавязвае дзяржаўныя органы ў межах сваёй кампэтэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыцьцяўленьня абароны правоў і свабодаў асоб. Таксама артыкул 21 гаворыць пра тое, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзянаў, замацаваныя Канстытуцыяй, законам і прадугледжаныя міжнароднымі абавязкамі дзяржавы. Гэтыя міжнародныя абавязкі — Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, артыкул 19, які гаворыць пра тое, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў, на свабоднае выказваньне іх, на свабоду бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананьняў і свабоду шукаць, атрымліваць, распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі. А таксама артыкул 20, які сьцьвярджае, што кожны чалавек мае права на свабоду мірных сходаў і асацыяцый. Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы (які Беларусь падпісала і мусіць выконваць), артыкулы 19 і 22 сьцьвярджаюць практычна тое самае. Існуе дакумэнт, пра які я казаў раней — Дэклярацыя ААН пра праваабаронцаў, якая датычыцца непасрэдна працы праваабаронцаў і якая сьцьвярджае, што кожны чалавек мае права індывідуальна і сумесна зь іншымі заахвочваць і імкнуцца абараняць і зьдзяйсьняць правы чалавека і асноўныя свабоды. Гэта значыць — праводзіць мірныя сустрэчы і сходы, ствараць няўрадавыя арганізацыі, асацыяцыі, групы, уступаць у іх і ўдзельнічаць у іх дзейнасьці. Маю права ведаць, шукаць, здабываць, атрымліваць, мець у сваім распараджэньні інфармацыю пра ўсе правы чалавека. Маю права свабодна публікаваць, перадаваць, распаўсюджваць меркаваньні, інфармацыю і веды пра ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды. Маю права мець рэальны доступ да ўдзелу ў кіраваньні сваёй краінай праз права прадстаўленьня ва ўрадавыя органы, установы заўвагаў, прапановаў адносна паляпшэньня іх дзейнасьці, прыцягваць увагу да любога аспэкту іх працы. Маю права прапаноўваць і прадстаўляць прафэсійную і кваліфікаваную прававую дапамогу ў справе абароны правоў чалавека. Маю права на бесьперашкодны доступ да міжнародных органаў, якія валодаюць кампэтэнцыяй атрымліваць, разглядаць паведамленьні ў пытаньнях правоў чалавека. Кожны чалавек мае права ўдзельнічаць у мірнай дзейнасьці, накіраванай супраць парушэньняў правоў чалавека. А пункт 13 сьведчыць пра тое, што кожны мае права індывідуальна і сумесна зь іншымі запрошваць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы спэцыяльна для мэтаў заахвочваньня абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў мірнымі сродкамі.

Дык навошта ж вы гэтую Дэклярацыю падпісвалі? Я да вас зьвяртаюся як да дзяржаўнага чыноўніка, які прадстаўляе дзяржаву [Алесь кажа гэта пракурору Сайкоўскаму]. Не падпісвалі б! Выходзьце з ААН, выходзьце з АБСЭ! Усё будзе нармальна тады, будзе зразумела, дзе мы знаходзімся. Згодна з абавязкамі, узятымі ў рамках АБСЭ, Беларусь бралася паважаць правы сваіх грамадзянаў, самастойна ці сумесна зь іншымі ўносіць актыўны ўклад у разьвіцьцё абароны правоў чалавека і асноўных свабодаў і ўжываць неабходныя меры для эфэктыўнага забесьпячэньня гэтага права. Гэта Венская, Мадрыдзкая сустрэчы, прысьвечаныя пытаньням, якія адносяцца да бясьпекі Эўропы. Згодна з Капэнгагенскай канфэрэнцыяй па чалавечым вымярэньні дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ пагадзіліся прадстаўляць роўныя магчымасьці праваабаронцам і грамадзянскай супольнасьці для ўдзелу ў заахвочваньні і абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Відавочна, што дзяржава парушае гэтыя правы грамадзянаў. Відавочна, што працэсы такога кшталту, як нада мной, маюць палітычны характар.

Адносіны ўладаў да праваабаронцаў у розных краінах без выключэньняў — гэта лякмусавая паперка, па якой можна даволі дакладна вызначыць узровень дэмакратычнасьці грамадзтва. І, як правіла, у аўтарытарных рэжымаў дзейнасьць праваабаронцаў выклікае незадавальненьне. У гэтым шэрагу Беларусь не зьяўляецца выключэньнем. Ёсьць такія постсавецкія краіны, як Узбэкістан, дзе дзясяткі праваабаронцаў сядзяць у турме, асуджаныя па артыкулах, якія выглядаюць значна горш за мой. Падкідваюць два патроны, падкідваюць пяць грамаў наркотыкаў — і садзяць на дзесяць гадоў. Восем чалавек з узбэцкай арганізацыі, якая ўваходзіць у Міжнародную фэдэрацыю правоў чалавека, віцэ-прэзыдэнтам якой я зьяўляюся, зараз знаходзяцца ў зьняволеньні. У Расеі ёсьць Паўночны Каўказ, дзе праваабаронцаў проста забіваюць. Так у Чачні застрэлілі нашую добрую знаёмую Натальлю Эстэміраву. Ёсьць Кіргізія, дзе праваабаронцаў перасьледуюць незразумелыя ваенізаваныя групоўкі. І ёсьць Беларусь — з «праўдападобнасьцю» вось гэтага перасьледу. Таму я сьцьвярджаю, што гэтае абвінавачаньне ў нейкіх там фінансавых парушэньнях, парушэньнях падатковага заканадаўства — гэта поўная лухта, і мая справа не зьяўляецца звыклай і звычайнай справаю. Бо інакш бы гэтае абвінавачаньне не падтрымліваў цэлы начальнік аддзелу гарадзкой пракуратуры. І сьледчая група не складалася б з чатырох афіцэраў ДФР, якія, дарэчы, сябе вельмі няўтульна адчувалі, ведучы гэтую справу, і відавочна было, што ім гэтая справа сто гадоў была не патрэбная. Таксама не было б такога ажыятажу вакол будынка суду, што мы назіраем падчас усяго гэтага працэсу. І не было б машыны ДАІ, якая суправаджае мяне кожны раз з «Валадаркі». Я выходжу — і ўсе, каго вязуць на суд, сьмяюцца — што, сёньня зноў зь мігалкай паедзем!

Пра кампанію ў дзяржаўных СМІ

Асобна трэба сказаць пра афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія таксама шмат увагі надаюць гэтаму працэсу і непасрэдна мне. «Беларусь сегодня», афіцыйная дзяржаўная газэта, якая выдаецца на сродкі ўсіх падаткаплатнікаў, піша 6 жніўня: «Специализирующиеся на финансовых расследованиях офицеры уже давно располагали информацией, что господин Беляцкий уверенно самостоятельно распоряжается крупными финансовыми средствами. Говорят о миллионах евро. Не исключено, выяснится, что нынешние пылкие правозащитники получали от этой борьбы неплохие личные дивиденды». Інфармацыя ад 10 жніўня: «Беляцкий имеет на счетах в Вильнюсе большие суммы, которые перевозит в Минск, скорее всего, по карточкам. Беляцкий официально числится безработным, не имеющим официально ни копейки дохода. Официально Беляцкий не имеет ни кола ни двора... Он имеет в резерве еще и неплохой земельный участок, тоже в красивом месте». Гэты зямельны ўчастак зьяўляецца заліўным лугам, на якім нельга нічога будаваць, таму што ён ахоўваецца як прыродная гаспадарка і знаходзіцца проста каля маёй хаты. Там мой сусед каня пасе, можна яшчэ ў валейбол пагуляць — вось як бы і ўсе выгоды гэтага ўчастка. 17 лістапада: «Ему нужно объяснить, как удалось приобрести столько дорогой недвижимости и как это соотносится с правозащитной деятельностью». А якая гэта «дорогая недвижимость», мы слухаем па беларускім тэлебачаньні. Канал «Беларусь 1» перадае: «„Сітраен“ за восем тысяч даляраў», які рэальна каштаваў 2 300 эўра плюс мыта, гэта 3 000 эўра, і быў увезены сюды пабіты. «Рамонт кватэры за 60 тысяч даляраў». Што гэта за кватэра, на якую трэба такія грошы патраціць? Кватэра, у якой мы з жонкай жывем, мае плошчу ў 61 мэтар. «Адпачывае штогод за мяжой, ходзіць у дарагія рэстараны» — гэта ўсё гавораць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Я не магу не расцэньваць гэтую інфармацыю як прамы ціск на суд і на прыняцьце рашэньня ў гэтай справе, які яшчэ раз падкрэсьлівае, што гэтая справа мае палітычны кантэкст.

Пра Праваабарончы цэнтар «Вясна»

Падчас гэтага працэсу шмат гаварылася пра Праваабарончы цэнтар «Вясна». Я рады гэтаму і хацеў бы яшчэ трошкі дадаць пра гэтую арганізацыю, бо без разуменьня працы праваабаронцаў у Беларусі, без разуменьня тых умоваў, у якіх мы працуем, можа быць, Высокаму Суду будуць недастаткова зразумелыя тыя матывы і эпізоды дзейнасьці, якія разглядаліся падчас судовага працэсу. У статуце «Вясны» (які ўжо не працуе, бо арганізацыя закрытая) напісана, што ў сваёй дзейнасьці арганізацыя кіруецца дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Фактычна гэта так і застаецца. І, як мы бачым, міжнародныя пагадненьні, якія падпісала Беларусь, даюць магчымасьць любому грамадзяніну Беларусі выконваць праваабарончыя абавязкі і быць праваабаронцам. І, назваўшыся праваабаронцам, чалавек мусіць быць праваабаронцам, мусіць выконваць праваабарончыя абавязкі. Мы працуем у гэтых легальных рамках.

І сёлета ўжо 15 гадоў як існуе Праваабарончы цэнтар «Вясна», які працуе ў вельмі няпростых умовах, асабліва пасьля 2006 году. Я нагадаю, што арганізацыя была створаная вясною 1996 году, зарэгістраваная ў лютым 1998 году як гарадзкая арганізацыя, затым у чэрвені 1999 году — як рэспубліканская арганізацыя. І дзейнасьць, якой займалася «Вясна», яе асноўны накірунак — гэта правядзеньне маніторынгу выкананьня ўладамі Беларусі канстытуцыйных і міжнародных абавязкаў у галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў. Гэта ўключае ў сябе разнастайныя віды дзейнасьці — правядзеньне маніторынгу заканадаўства і практыкі (якім чынам гэтае заканадаўства, гэтыя правы і свабоды ў Беларусі выконваюцца). І натуральна, што адной з асноўных задачаў, чым мы займаліся на працягу ўсіх гэтых гадоў, была дапамога ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Першыя палітвязьні ў нас зьявіліся ў 1996 годзе, фактычна гэта і паслужыла штуршком для стварэньня Праваабарончага цэнтру «Вясна». За гэты час мы дапамаглі тысячам людзей. Тысячам! Часам гэта была дробная дапамога, часам большая. Гэта дапамога рознага кшталту — збор інфармацыі, распаўсюд інфармацыі. І гэта тая праца, якую больш ніякая арганізацыя не рабіла. Таксама мы займаліся адукацыяй і асьветай, у тым ліку і ў рамках сумесных праектаў зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі. Гэта і стварэньне Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні, і праца па адукацыі найперш моладзі, і аналітычная праца па напісаньні дакладаў па сытуацыі з правамі чалавека, па сытуацыі з умовамі ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня (я зараз маю шмат новай інфармацыі і думаю, што гэты даклад у нас адновіцца калі-небудзь), і правядзеньне назіраньня за выбарамі.

Ліквідацыя ў 2003 годзе Праваабарончага цэнтру «Вясна» якраз і зьвязаная з правядзеньнем назіраньня за выбарамі ў 2001 годзе. Тым ня менш з 2004 году Праваабарончы цэнтар «Вясна» стаў сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. З 2007 году я зьяўляюся віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека — і гэта сьведчаньне эфэктыўнасьці працы як праваабаронцаў у «Вясьне», так і ўвогуле беларускіх праваабаронцаў. Мы маем дастаткова высокі аўтарытэт. І ўсе прэміі і званьні, якія тут пералічваліся, гэта ня ёсьць пэрсанальная заслуга Бяляцкага ці «Вясны». Гэта падкрэсьлівае тую драматычную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне. Міжнародная супольнасьць такім чынам зьвяртае ўвагу беларускага ўраду на тое, што трэба тут штосьці мяняць. Беларускі ўрад прымае нейкія іншыя рашэньні, і мы бачым, якім чынам — і шляхам гэтага працэсу — рэагуе на падобныя заўвагі.

Тройчы мы спрабавалі зарэгістравацца: у 2007-м і двойчы ў 2009-м гадах. Кожны раз працэс рэгістрацыі для нас — дастаткова складаная працэдура. Гэта падрыхтоўка статута, гэта прыезд людзей, калі мусяць прыехаць як мінімум 60 чалавек з рэгіёнаў. І вось падчас апошняй рэгістрацыі на ўстаноўчы сход прыяжджае больш за 80 чалавек (можаце прыкінуць, што толькі на праезд гэтыя людзі трацяць грошай у агульнай суме каля тысячы даляраў), арэнда памяшканьня — асобнае пытаньне. Мы зьбіраемся, праводзім гэты сход. Міністэрства юстыцыі чытае дакумэнты: «Ага, у вас памылкі. Вось недакладныя дадзеныя: адзін з вашых заснавальнікаў указаў, што ён зьяўляецца супрацоўнікам сярэдняй школы, а трэба было ўказаць — сярэдне-адукацыйнай школы; яшчэ адзін напісаў, што ён кіраўнік гуртка, а трэба было напісаць, што ён кіраўнік сэкцыі, бо так указана ў штатным раскладзе...» І гэта ёсьць падставы! Вярхоўны суд пагаджаецца — фармальная падстава ёсьць. Калі мы просім у Міністэрстве юстыцыі, каб далі нам час выправіць гэтыя заўвагі, міністэрства кажа: «А мы ня маем такога права, мы маем права не даваць гэты час». Гэта ёсьць стаўленьне беларускай дзяржавы да сытуацыі з рэгістрацыяй няўрадавых арганізацый.

Усе гэтыя гады, асабліва апошнія, мы праводзілі грамадзянскія кампаніі — гэта і кампанія супраць сьмяротнага пакараньня, гэта і кампанія «Стоп 193-1», у якой мы бралі ўдзел разам зь іншымі праваабарончымі арганізацыямі, гэта і кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Мы назіралі за выбарамі ў 2008, 2010 гадах. Мы рыхтавалі даклады, выступы, агляды, бралі ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях. Асобна трэба адзначыць міжнародную дзейнасьць Праваабарончага цэнтру «Вясна». Мы ўдзельнічалі ў праваабарончых місіях па дасьледаваньні сытуацыі з правамі чалавека ў іншых краінах. Мы неаднойчы бралі ўдзел у міжнародным назіраньні за выбарамі, сябры арганізацыі маюць сур’ёзны вопыт у правядзеньні выбараў, ведаюць, як праводзяцца выбары ў іншых краінах — ва Ўкраіне, Кіргізіі, Таджыкістане, Расеі, эўрапейскіх краінах. Мы бралі ўдзел у канфэрэнцыях, арганізаваных АБСЭ, Радай Эўропы, Эўрапейскім Зьвязам, Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў, розных форумах і фэстывалях, дзе, як я мяркую, дастаткова годна прадстаўлялі Беларусь. І значэньне праваабаронцаў у гэтай сытуацыі, калі рэпутацыя Беларусі за мяжой, у цывілізаваных краінах, гранічна кепская, яно дастаткова вялікае. Таму што мы паказваем, што ў Беларусі ёсьць нармальныя людзі, людзі, якія разумеюць, што такое правы чалавека, што такое дэмакратыя. І ў будучыні, я думаю, ніхто ня зможа сказаць, што ў гэтыя складаныя для Беларусі часы ніхто ў краіне нічога не рабіў. Я мяркую, што мы шмат у чым ратуем гонар беларусаў на сёньняшні дзень і надалей будзем рабіць гэта ў любых умовах, дзе б мы ні знаходзіліся — на волі ці ў турме.

Пра 2010 як год «паляваньня» на «Вясну»

Можна меркаваць, што ўвесь 2010 год праходзіла незаконнае патаемнае адсочваньне дзейнасьці Праваабарончага цэнтру «Вясна». Пра гэта сьведчаць так званыя дакумэнты, прадстаўленыя КДБ, якія леглі ў аснову праверкі дзейнасьці мяне і Стэфановіча. Ну, і папярэднія гады. Гэта пацьвярджае праца Дома правоў чалавека. У нас ёсьць як мінімум некалькі прызнаньняў пра тое, што спэцслужбамі туды засылаліся маладыя людзі, студэнты, якія потым як бы прызнаваліся ў тым, што яны давалі зьвесткі пра працу, пра гэтыя навучальныя школы па правах чалавека, якія мы праводзілі. І невядома, якія высновы з гэтага зрабілі зноў жа органы КДБ, але такія факты мелі месца.

І тое, што прадстаўленыя ананімныя дакумэнты, якія зьявіліся на пачатку ўсяго гэтага расьсьледаваньня, яны былі, як выглядае, здабытыя на пачатку 2010 году. Пра гэта сьведчыць дата дакумэнтаў, канец 2009 — пачатак 2010 году. Але хаду ім далі толькі ў канцы кастрычніка 2010 году. Чаму? Я, канечне, відавочна гэта зьвязваю з выбарамі. Таму што ў верасьні былі абвешчаныя прэзыдэнцкія выбары 2010 году, і мы, прадстаўнікі розных праваабарончых арганізацый, абвясьцілі правядзеньне кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Гэтая кампанія ставіла за мэту маніторынг усіх этапаў выбараў на адпаведнасьць міжнародным выбарчым нормам і ўнутранаму выбарчаму заканадаўству. Была праведзеная адкрытая прэс-канфэрэнцыя, дзе была дастаткова падрабязна апісаная структура гэтага назіраньня, расказана пра тое, колькі людзей будзе ўдзельнічаць, якім чынам будзе адбывацца гэтае назіраньне. Мы былі максымальна і гранічна адкрытыя — бясконца ішлі інтэрвію, камэнтары, ішоў вал інфармацыі пра тое, што бачылі нашыя назіральнікі падчас гэтых выбараў. Трэба сказаць, што склалася ўнікальная сытуацыя, таму што Цэнтральная выбарчая камісія, а таксама тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі рэагавалі на гэтую нашу інфармацыю. Мы маем дзясяткі пацьверджаньняў такіх рэагаваньняў. Яны выпраўлялі тыя недахопы, на якія ўказвалі нашыя назіральнікі. Але, тым ня менш, актыўнасьць праваабаронцаў, як я мяркую, відавочна выклікала вось гэтую праверку, і 3.11.2010 году, а гэта яшчэ разгар выбарчай кампаніі і разгар нашага назіраньня, зьявіўся гэты ліст генэрал-маёра Вягеры Шведу. І я нагадаю гэтую перапіску, яна дастаткова цікавая.

У гэтым лісьце намесьнік старшыні КДБ зьвярнуўся да намесьніка генэральнага пракурора Шведа з тым, што «паступіла ананімная заява... прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі ПЦ „Вясна“ ў мэтах фінансаваньня радыкальнай апазыцыі выкарыстоўваюцца грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы... яны выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама на асабістыя патрэбы Бяляцкага і Стэфановіча...» Была просьба аформіць міжнароднае сьледчае даручэньне і накіраваць яго ў кампэтэнтныя органы Літвы для праверкі гэтай інфармацыі. У сваю чаргу, 15.11.2010 намесьнік генэральнага пракурора Швед зьвярнуўся да намесьніка старшыні Камітэту дзяржаўнага кантролю Верамко, перанакіраваўшы гэты зварот Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, з даручэньнем «правесьці праверку ў дачыненьні кіраўнікоў ПЦ „Вясна“ сумесна з супрацоўнікамі КДБ». Што такое «сумесна з супрацоўнікамі КДБ» — дагэтуль для мяне зьяўляецца вялікай таямніцай. Што там было — ці яны нас на «праслушку» паставілі, ці яшчэ што — незразумела. Ну, і падзеі 19 сьнежня, канечне, яшчэ больш інтэнсыфікавалі гэтую сытуацыю. Я нагадаю, што ў ноч з 19-га на 20-га сьнежня супрацоўнікамі Першамайскага РУУС быў праведзены агляд у маёй кватэры, імі было канфіскавана 17 кампутараў, затрымана 12 чалавек, якія займаліся правядзеньнем назіраньня на выбарах. І цікава, што ні паперы, ні дакумэнты, ні інфармацыя з гэтых кампутараў у гэтай справе так і ня ўзьнікла, хаця старшыня КДБ Зайцаў зьвяртаўся да Зянона Ломаця з тым, што «ў выніку канфіскавана аргтэхніка, дакумэнтацыя, якая мае дачыненьне да матэрыялаў праверкі, праведзенай у дачыненьні да кіраўнікоў ПЦ „Вясна“, і агляд канфіскаваных прадметаў будзе зьяўляцца легалізаванай доказнай базай у дачыненьні да ўказаных асобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС горада Менска. Інфармуем для вырашэньня пытаньня пра ўзбуджэньне крымінальнай справы супраць функцыянэраў ПЦ „Вясна“».

Пасьля сытуацыя была нэрвовая, зразумела. Цікавым у гэтым пляне зьяўляецца наступны дакумэнт, які прасьвятляе, што ж рабілася далей. 24.12.2010 — даклад старэйшага інспэктара маёра Кулака, які паведамляе, што «23.11.2010 ім была праведзена працоўная нарада з прадстаўнікамі КДБ Сінягубам і Мацкевічам» — гэта, я падазраю, куратары «Вясны» — «па выніках якой выпрацаваны напрамкі дзейнасьці па ўказаных матэрыялах праверкі». Значыць, адбылася гэтая нарада з супрацоўнікамі КДБ, а потым яны пайшлі ў пракуратуру. 25.11.2010 — «у пракуратуры горада Менска была праведзена працоўная нарада з начальнікам аддзела па наглядзе за выкананьнем падатковага заканадаўства грамадзянінам Сайкоўскім». [Наступнае пытаньне Алесь Бяляцкі адрасуе пракурору Сайкоўскаму.] Вось цікава было б, каб вы распавялі, пра што вы там размаўлялі падчас той нарады.

* Арт. 233 КК РБ — «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць», арт. 243 КК РБ — «Ухіленьне ад сплаты сум падаткаў, збораў».
Грамадзянін Сайкоўскі спэцыялізуецца на падатках. У яго ў адной руцэ 233-ці, а ў другой — 243-ці*, ён адной падразае, а другой — па галаве. Адной падразае, а другой — па галаве. Я так мяркую. І гэтыя падыходы, якія выкарыстоўваліся ў дачыненьні да бізнэсмэнаў, былі выкарыстаныя і ў дачыненьні да «Вясны». Маёр Кулак піша, што «падчас гэтай нарады з грамадзянінам Сайкоўскім у дзеяньнях Бяляцкага і Стэфановіча ня ўгледжаны склад злачынства, прадугледжанага артыкулам 233, паколькі адсутнічае факт зьдзяйсьненьня прадпрымальніцкай дзейнасьці і атрыманьня даходу ад гэтай дзейнасьці. Але кваліфікаваць дзеяньні апошніх па артыкуле 243 у частцы атрыманьня даходаў магчыма пасьля атрыманьня інфармацыі ад падразьдзяленьня фінансавай выведкі Літвы, устанаўленьня фактаў аб нясплаце падаходнага падатку па выніках падатковай праверкі ў буйным памеры». Фактычна, 25.11.2010 была вырашана ўся парадыгма і ўсе наступныя дзеяньні ДФР, сьледзтва на працягу ўсіх гэтых месяцаў. Таму што па 233-м артыкуле далей праверка праводзілася за ўвесь гэты месяц, і ў дакладзе Кулака пра гэта пішацца, што «падчас працы па матэрыялу ў Дэпартамэнце фінансавага маніторынгу выпатрабавана інфармацыя ў дачыненьні Бяляцкага, Стэфановіча і іх сваякоў, дзейнасьці ПЦ „Вясна“ і фінансавых апэрацыяў, якія маглі б быць зьвязаныя з атрыманьнем злачынных даходаў ад ажыцьцяўляемай ПЦ „Вясна“ дзейнасьці. Згодна рэсурсаў, гэтая дзейнасьць не ўстаноўленая. Выпатрабаваньне дэклярацыі пра даходы і маёмасьць Бяляцкага і Стэфановіча, а таксама праверка дакладнасьці ўказаных там зьвестак у цяперашні час праводзіцца падатковымі органамі ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі КДБ...» Зноў супрацоўнікі КДБ — яны ўзаемадзейнічалі з ДФР, з падатковымі органамі. Вось чаму я сьцьвярджаю яшчэ раз, што справа гэтая ад пачатку да канца курыравалася КДБ. Праверка па 233-м артыкуле нічога не дала. Адпаведна, пайшла праверка празь Міністэрства падаткаў і збораў. Гэтая праверка працягвалася да атрыманьня як быццам бы зьвестак зь Літвы і з Польшчы, што адбылося толькі ў красавіку.

Паралельна, я хацеў бы заўважыць, праходзілі іншыя дзеяньні, якія сьведчаць пра перасьлед праваабаронцаў у Беларусі. 17.01.2011 — вобшук, праведзены КДБ ва ўсіх маіх памяшканьнях (у кватэрах і ў доме ў Ракаве), падчас якога былі канфіскаваныя пэўныя паперы, ноўтбук. Дзе інфармацыя з гэтых папераў? Там, дарэчы, былі нейкія фінансавыя паперы, якія маглі б быць цікавымі падчас гэтага сьледзтва. Супрацоўнікі КДБ, мабыць, вырашылі іх не прадстаўляць, таму што, магчыма, яны сьведчылі б якраз супраць той вэрсіі, якую афіцыйна на сёньняшні дзень выкладае спадар Сайкоўскі. 16.02.2011 Генпракуратурай было вынесена папярэджаньне мне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. І з чым яно зьвязана, як не з праваабарончай дзейнасьцю — патлумачыць немагчыма.

Паралельна праводзілася дыскрэдытацыя ў сродках масавай інфармацыі. Асобна я хачу зьвярнуць увагу на матэрыял, які быў зьмешчаны ў газэце «Беларусь Сегодня» адразу пасьля выбараў, дзе фігуруюць фактычна тыя самыя дакумэнты, якія былі прадстаўленыя ананімна КДБ для праверкі ў ДФР. Якім чынам «Беларусь Сегодня» атрымала гэтыя дакумэнты? Можа быць, яна зьяўляецца органам Камітэта дзяржаўнай бясьпекі? Няхай шаноўны, так сказаць, Якубовіч тады падпіша «Беларусь Сегодня. Орган КГБ» і друкуе тады гэтыя дакумэнты. Тым ня менш, гэтыя дакумэнты зьявіліся на пачатку студзеня фактычна. Там былі яшчэ фатаздымкі іншых дакумэнтаў. Бачна, што дыскрэдытацыя дзейнасьці праваабаронцаў ішла фактычна паралельна.

Пра абвінавачаньне

Калі паглядзець тыя «банкаўскія раздрукоўкі», якія былі прадстаўленыя падчас сьледзтва, хачу толькі паўтарыць, што яны не выклікаюць у мяне ніякага даверу. Я лічу, што яны несапраўдныя. І нават з улікам гэтага ў гэтых радках няма ніводнага пераводу сродкаў без пазнакаў, і ўсе пазнакі сьведчаць пра тое, што існаваў кантроль за сродкамі з боку партнэраў «Вясны», указваліся мэты расходу гэтых сродкаў. Таксама відавочна, што я не распараджаўся гэтымі сродкамі, гэтыя сродкі прызначаліся не для мяне, а для «Вясны». Што датычыцца актаў падатковай інспэкцыі, я лічу іх незаконнымі. Гэтыя акты грунтуюцца на несапраўдных зьвестках, на поўным неразуменьні сэнсу гэтых зьвестак супрацоўнікамі Міністэрства па падатках і зборах, якія складалі гэтыя акты.

З 16 чэрвеня, калі такі акт быў прадстаўлены мне, па 4 жніўня, дзень майго арышту, я выяжджаў зь Беларусі і вяртаўся ў Беларусь як мінімум шэсьць разоў. Таму ўсе меркаваньні, што я магу зьнікнуць падчас расьсьледаваньня гэтай справы, застацца за мяжой, яны ня маюць ніякіх падставаў. Я адчуваю сябе абсалютна невінаватым. І мяркую, што, наадварот, гэтыя ўмовы свабоднага выезду і ўезду былі дадзеныя мне для таго, каб, магчыма, я зьехаў і такім чынам ускосна пацьвердзіў сваю віну ва ўтойваньні так званых падаткаў.

Праваабарончай дзейнасьцю і ўвогуле грамадзкай дзейнасьцю я займаюся практычна ўсё маё жыцьцё. У гэтым годзе — 30 гадоў, як я займаюся грамадзкай дзейнасьцю. І пэрыяд, калі я адчуваў сябе больш-менш спакойна і свабодна — гэта з 1991 па 1995 год. Пры такой кепскай сытуацыі, якая склалася ў краіне пэрманэнтна на працягу апошніх гадоў, натуральна, што крымінальны перасьлед мог пачацца ў кожную хвіліну, у кожны год. І тое, што магло адбыцца — адбылося. Таму я не шкадую ні пра адзін свой крок, зроблены за гэтыя 30 гадоў у пляне абароны дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі. Я гэта рабіў сьвядома«.

Заля сустрэла выступ Бяляцкага авацыяй. Судзьдзя на гэта ніяк не адрэагаваў і прызначыў вынясеньне выраку на раніцу 24 лістапада.

Нашчадкі Андропава

У якасьці пасьляслоўя да апошняга выступу Бяляцкага ў судовым працэсе хачу зьвярнуць увагу на кнігу пра ўціск праваабаронцаў у СССР, якую згадвае Алесь на самым пачатку сваёй прамовы. Гэта кніга савецкага амэрыканіста Мікалая Якаўлева «ЦРУ супраць СССР» (1979), што выходзіла шматтысячнымі накладамі на расейскай і мовах розных народаў былога Савецкага Саюзу.

Яна была напісаная на асабістае распараджэньне старшыні КДБ Юрыя Андропава, які фактычна вербаваў Якаўлева.

Якаўлеў у кнізе сьцьвярджаў, што «праваабаронцы цягаюць каштаны з агню ў інтарэсах псыхалягічнай вайны ЦРУ супраць Савецкага Саюзу»*.

* Яковлев Н. ЦРУ против СССР. М.: Правда, 1983. С.131.

Аўтар імкнецца паказаць, што праваабарончы рух у СССР інсьпіраваўся і фінансаваўся ЗША ў пэрыяд халоднай вайны, і ў якасьці фактаў, якія павінны былі запляміць дысыдэнтаў у вачах народу, называе вялікія сумы ў рублях і далярах, якія пераводзіліся ці перавозіліся на «падрыўную дзейнасьць» у Савецкі Саюз. Якаўлеў цытуе напісаныя кансьпіратыўнай мовай лісты праваабаронцаў з СССР у ЗША з просьбай аб фінансаваньні, абвінавачвае ў карысьлівых матывах Алену Бонэр, Андрэя Сахарава, Аляксандра Салжаніцына.

Пра тройчы асуджанага праваабаронцу Аляксандра Гінзбурга, які быў распараднікам створанага Салжаніцыным «Расейскага грамадзкага фонду дапамогі перасьледаваным і іх сем’ям», Якаўлеў напісаў:

«У ходзе сьледзтва было ўстаноўлена і іншае — па-буйному падмануў Гінзбург спэцслужбы і Салжаніцына, які даверыў яму грошы на вядзеньне падрыўной працы. Большая частка той сумы ў 360 тысяч даляраў, несумненна, асела ў кішэнях „дабрадзея“, чый шырокі лад жыцьця ў бытнасьць распараднікам „фонду“ выклікаў зьдзіўленьне ў тых, хто ведаў яго»*.

* Яковлев Н. ЦРУ против СССР. М.: Правда, 1983. С.131.

Пра «каштаны з агню» цяперашнія беларускія прапагандысты ня пішуць, але галоўны ўрок сваіх савецкіх папярэднікаў засвоілі — болей пісаць пра фінансавыя злоўжываньні дысыдэнтаў, у гэта недасьведчаныя чытачы хутчэй павераць. Алесь Бяляцкі нездарма знайшоў у кнізе Якаўлева шмат агульнага зь беларускай афіцыйнай прапагандай, скіраванай супраць яго і іншых праваабаронцаў.

Ніяк не апраўдваючы завербаванага КДБ аўтара гэтай кнігі, хачу зьвярнуць увагу на тое, што ён і ягоны бацька ў 1952 годзе былі арыштаваныя, перажылі і допыты, і этапы. Іх вызвалілі з турмы пасьля сьмерці Сталіна, але цалкам не рэабілітавалі. Холад ГУЛАГу толькі крыху астудзіў душу Якаўлева, але пасеяў у ёй страх на ўсё жыцьцё... Што прымушае цяперашніх беларускіх прапагандыстаў, судзьдзяў і пракурораў дыскрэдытаваць праваабаронцаў і фабрыкаваць супраць іх справы, застаецца загадкай.




Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG