Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XLІ. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі


Алесь Бяляцкі прадстаўляе справаздачу пра падзеі ў Кіргізстане. Бішкек, 2010. Фота <a href="http://fidh.org" target="_blank">fidh.org</a>

Алесь Бяляцкі прадстаўляе справаздачу пра падзеі ў Кіргізстане. Бішкек, 2010. Фота <a href="http://fidh.org" target="_blank">fidh.org</a>

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

У 2004 годзе «Вясна» стала сябрам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека — МФПЧ (La Fédération internationale des ligues des droits de l’Homme — FIDH). Гэтая арганізацыя са штаб-кватэрай у Парыжы цяпер аб’ядноўвае 164 праваабарончыя лігі па ўсім сьвеце. Калісьці ў яе ўваходзіла Беларуская Ліга правоў чалавека, якую ўзначальваў Яўген Новікаў. Але пасьля яго пераходу ў стан дзяржаўных прапагандыстаў кантакты замежных і беларускіх праваабаронцаў зь ім былі спыненыя.

«Вясну» ў МФПЧ прынялі на кангрэсе ў Эквадоры, дзе арганізацыю прадстаўляў Валянцін Стэфановіч. МФПЧ была ў складанай сытуацыі, бо незадоўга да кангрэсу ўлады ліквідавалі «Вясну» як легальную арганізацыю. Але, ведаючы беларускіх праваабаронцаў і разумеючы мэту гэтых дзеяньняў уладаў, фэдэрацыя вырашыла факт ліквідацыі праігнараваць.

У красавіку 2007 году на кангрэсе ў Лісабоне Алесь Бяляцкі быў абраны адным зь віцэ-прэзыдэнтаў Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Ён стаў першым прадстаўніком постсавецкай прасторы ў кіраўніцтве арганізацыі. Алесь ацаніў гэты факт як міжнароднае прызнаньне таго, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ненармальная.

Як віцэ-прэзыдэнт МФПЧ Бяляцкі езьдзіў у праваабарончыя місіі ў самыя розныя краіны. Адразу пасьля рэвалюцыі ў Тунісе Алесь прыехаў туды, узяў удзел у канфэрэнцыі пра пераход ад дыктатуры да дэмакратыі. У Эгіпце ён быў яшчэ да рэвалюцыі, якая выкінула з крэсла прэзыдэнта Хосьні Мубарака.


Куба


Кубу Алесь наведваў зь місіяй салідарнасьці з дэмакратычнымі актывістамі ў 2008 і 2010 гадах. Ён ехаў як звычайны турыст. Хаваючыся ад мясцовай спэцслужбы, заходзіў у раёны, якія турысты абмінаюць, бачыў галечу, таталітарныя парадкі, знаёміўся зь людзьмі, якія супрацьстаяць рэжыму Кастраў. Іх аказалася нямала.

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч падчас праваабарончай місіі на Кубе. Гавана, 2008 г. Фота з архіву Вясны

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч падчас праваабарончай місіі на Кубе. Гавана, 2008 г. Фота з архіву Вясны


«На жаль, пра некаторыя дэталі гаварыць рана», — напісаў мне пра паездкі на Кубу сам Алесь:

«Адчуваньне, як быццам бы я апынуўся ў гадах свайго дзяцінства са звыклым антуражам: піянэры з чырвонымі гальштукамі, візуальныя лёзунгі, значна большы страх, чым зараз у нас. Другое ўражаньне — тое, што і ў гэтай сытуацыі там тысячы людзей, якія штосьці робяць дзеля зьменаў, нягледзячы на перасьлед і ўціск. І людзі, зь якімі я сустракаўся з апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў, былі вельмі інтэлігентнымі і адукаванымі. Тут можна правесьці паралель з намі. Але адрозьненьне — большасьць зь іх ніколі не былі за мяжою. І ўсе выгоды цывілізацыі — сотавыя тэлефоны, кампутары, інтэрнэт — да іх прыходзяць пазьней, чым да іншых.

Увогуле ж гэтыя паездкі я ўспрымаў як частку сваёй працы, я набіраўся досьведу, вучыўся стойкасьці і мужнасьці і дапамагаў як мог. Сам дзяліўся сваім досьведам, і важна было кубінцам паказаць, што яны не пакінутыя, не адны».

Апошні раз Бяляцкі наведваў Кубу разам з Валянцінам Стэфановічам, які распавёў мне:

«Мы прыехалі сустрэцца з кубінскімі дысыдэнтамі, падтрымаць іх. Мы тады прывезьлі ім лекі, флэшкі, дыскі, тое, што ім недаступна. Мы ім казалі, што перамены могуць адбыцца хутка, як гэта было з СССР, і да іх трэба рыхтавацца.

Мы сустрэлі на Кубе надзіва шмат незадаволеных людзей, якія спрабуюць нешта рабіць у рэпрэсіўных умовах. Напрыклад, сустракаліся з блогеркай, якая свае тэксты распаўсюджвае на дысках, з былымі палітвязьнямі. У Гаване мы зайшлі ў кватэру, якая выкарыстоўваецца дысыдэнтамі як публічная бібліятэка, перадалі у яе стос эўрапейскіх газэт. Там жа нас чакала дзесяць дысыдэнтаў. Калі пасьля сустрэчы зь імі мы выйшлі адтуль, нас аклікнулі супрацоўнікі кубінскай службы бясьпекі, пачалі пытацца, што мы там рабілі. Мы адказалі ім, што шукалі, дзе пераначаваць.

Яны супакоіліся, толькі калі ўбачылі нашыя беларускія пашпарты, але зьвесткі зь іх яны перапісалі».

Як сьведчыць Саша Кулаева з МФПЧ, Алесь як віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі шмат працаваў у постсавецкім рэгіёне, выдатна валодаў сытуацыяй, гаварыў зь людзьмі на адной мове. Ён працаваў над стратэгічным разьвіцьцём рэгіянальнай сеткі МФПЧ, ініцыяваў дасьледчыя місіі і сам браў у іх удзел. У рамках такой місіі ён езьдзіў у Грузію адразу пасьля вайны з Расеяй у 2008 годзе. У Армэніі Алесь клапаціўся пра палітвязьняў пасьля крывавага разгону дэманстрацыі пратэсту ў Ерэване 1–2 сакавіка 2008 году, якая скончылася сьмерцю 10 чалавек, масавымі арыштамі і крымінальнымі справамі.


Кіргізстан


Цяжкай выдалася паездка Бяляцкага ў складзе дасьледчай місіі МФПЧ у Кіргізстан у разгар міжэтнічнага канфлікту на поўдні краіны 20–28 чэрвеня 2010 году. Алесю разам зь місіяй праваабаронцаў давялося прысутнічаць пры эксгумацыі целаў ахвяраў, калі ў самую сьпёку вайскоўцы раскопвалі брацкія магілы, даставалі трупы, мэдыкі выяўлялі прычыны сьмерці ахвяраў, а місія гэта фіксавала.


Здымкі, зробленыя Алесем Бяляцкім у зоне міжэтнічнага канфлікту ў Кіргізстане. Фотаздымкі прадстаўленыя Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека.


У зоне канфлікту частка насельніцтва ставілася да праваабаронцаў агрэсіўна, бо тыя паведамлялі праўду пра пагромы, рабаваньні, забойствы, патрабавалі захадаў дзеля абароны ўзбэцкай меншасьці.

Пасьля наведаньня вёскі Папан непадалёк ад горада Ош, дзе Бяляцкі і дзьве мясцовыя актывісткі праваабарончай фэдэрацыі Азіза Абдзірасулава і Талекан Ісмаілава, а таксама расейская журналістка Аксана Чалышава праводзілі расьсьледаваньне, 27 чэрвеня, калі яны на кароткі час пакінулі машыну, каб папіць гарбаты, невядомыя падпілавалі шрубы задняга кола.

Кола адляцела, калі машына ехала праз горы. Дзякуючы таму, што кіроўца быў спрактыкаваны, машыну ўдалося ўтрымаць на перавале. Хутка пад’ехала міліцыя, але вінаватых не знайшлі.
Талекан Ісмаілава і Алесь Бяляцкі. Фота www.fidh.org

Талекан Ісмаілава і Алесь Бяляцкі. Фота www.fidh.org


Сам Алесь напісаў мне пра той выпадак:

«Кола адвалілася, ужо як мы выяжджалі на роўную дарогу пасьля сэрпантыну. А там бы ўсё магло скончыцца вельмі сумна. Кола было так пашкоджанае, што назад яго паставіць было нельга, Таму з Ошу прыгналі эвакуатар і машыну вывезьлі на ім. Чаму гэта адбылося? Так у іх запалохваюць праваабаронцаў, бо і Талекан Ісмаілава, і Азіза Абдзірасулава, зь якімі мы ехалі, — вельмі баявыя праваабаронцы, актыўныя і гераічныя безь перабольшаньня жанчыны. Падчас кіргіска-ўзбэцкага канфлікту яны рэальна рызыкавалі сваім жыцьцём, каб спыніць гвалт і ўратаваць мірных жыхароў, як узбэкаў, так і кіргізаў».

Алесь Бяляцкі прадстаўляе справаздачу пра падзеі ў Кіргізстане. Бішкек, 2010. Фота www.fidh.org

Алесь Бяляцкі прадстаўляе справаздачу пра падзеі ў Кіргізстане. Бішкек, 2010. Фота www.fidh.org

У незалежнай справаздачы Бяляцкі з калегамі зрабілі выснову, што колькасьць ахвяраў красавіцкіх беспарадкаў на поўдні Кіргізстану афіцыйна была моцна заніжаная, што на судовых працэсах па выніках гэтых падзеяў парушаліся законы, што парушаліся правы праваабаронцаў і адвакатаў. Паводле місіі МФПЧ, «загінулі сотні людзей, тысячы атрымалі раненьні, у асноўным зь ліку этнічных узбэкаў».

Міжэтнічны канфлікт на поўдні Кіргізстану ў справаздачы МФПЧ быў названы «катастрофай, якую можна было прадбачыць».

1–3 сьнежня 2010 году ў чарговай кіргіскай паездцы Бяляцкі і Сугайр Бэльхасэн заклікалі Бішкек прызначыць мандат міжнароднай камісіі для расьсьледаваньня міжэтнічных сутыкненьняў. У турэмным шпіталі ў Бішкеку яны наведалі праваабаронцу ўзбэцкага паходжаньня Азімжана Аскарава, якога засудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне нібыта за ўдзел у чэрвеньскіх беспарадках, хоць ён быў толькі назіральнікам і фіксаваў пагромы на відэа.

Алесь напісаў мне пра гэты выпадак:

«Калі мы пад’ехалі да турмы, Сугайр пазванілі з Тунісу і паведамілі, што ў яе памёр бацька. Яна проста здранцьвела, і сьлёзы на вачах. Вось у такім стане мы пайшлі на спатканьне. Яно адбывалася ў прысутнасьці начальніка калёніі. Увайшоў Аскараў. Мы сядзелі ўтраіх, з намі была юрыстка з Цэнтру супраць карупцыі Аіда, якая працавала ўвесь гэты час з Аскаравым. Яна ўстала, яны абняліся з Аскаравым і абое заплакалі. Равуць ледзь не наўзрыд. Сугайр сядзіць, у яе сваё гора. І ў мяне сьлёзы на вачах выступілі. Ініцыятыву размовы я ўзяў на сябе. Аскараў троху супакоіўся і распавёў, як яго затрымалі, як катавалі — выбівалі паказаньні. Ён у злачынстве не прызнаўся».

Аскараў заявіў Сугайр і Алесю, што і пасьля заканчэньня судовага працэсу ён быў жорстка зьбіты супрацоўнікамі аховы.
Алесь Бяляцкі, кіргіскі амбудсмэн Турсунбэк Акун і Сугайр Бэльхасэн. Бішкек, 2010. Фота www.fidh.org

Алесь Бяляцкі, кіргіскі амбудсмэн Турсунбэк Акун і Сугайр Бэльхасэн. Бішкек, 2010. Фота www.fidh.org


Амбудсмэн Турсунбэк Акун, зь якім сустрэліся кіраўнікі МФПЧ, заявіў ім, што ён ініцыяваў у справе Аскарава стварэньне спэцыяльнай камісіі, якая вынесла заключэньне: «Аскараў ні ў чым не вінаваты». Белхасэн і Бяляцкі запатрабавалі новага бесстароньняга суду, каб віна з Аскарава была зьнятая. Бяляцкі тады сказаў кіраўніку адміністрацыі кіргіскага прэзыдэнта: «Справа Аскарава — гэта ня ваша ўнутраная справа, яна набыла міжнародны рэзананс».

Па выніках гэтай паездкі Алесь выступіў з заявай:

* Тамсама.
«Сытуацыя з правамі чалавека ў Кіргізстане цесна зьвязаная з палітычнай нестабільнасьцю ў краіне. Калі не рабіць канкрэтных дзеяньняў для барацьбы зь беспакаранасьцю вінаватых у найгрубейшых парушэньнях правоў чалавека, дапушчаных падчас красавіцкіх і чэрвеньскіх падзеяў і пасьля іх, ні пра якую стабільнасьць ня можа быць і гаворкі»*.


Казахстан


У чэрвені 2010 году Алесь ад імя МФПЧ езьдзіў у Казахстан, у горад Усьць-Каменагорск, каб наведаць у зьняволеньні Яўгена Жоўціса, кіраўніка Казахстанскага бюро за правы чалавека.

Яўген Жоўціс

Яўген Жоўціс

Сустрэча ў калёніі-пасяленьні доўжылася каля дзьвюх гадзін. Алесь перадаў Яўгену словы падтрымкі, паведаміў, што за яго вызваленьне змагаюцца праваабаронцы сьвету, перадаў, што Нарвэскі Хэльсынскі камітэт узнагародзіў яго прэміяй імя Сахарава.

«Мая галоўная задача была — падтрымаць яго маральна, ну і каб адміністрацыя бачыла, што да яго прыяжджаюць, што ён ня зьнік з поля зроку», — напісаў мне пра той выпадак Алесь у лісьце з Бабруйскай турмы.

«Алесь заўсёды быў салідарны зь іншымі праваабаронцамі, якія цярпелі ганеньні, асабліва з тымі, хто быў у турмах», — зазначыла мне Саша Кулаева.

Пад ціскам Захаду Жоўціса амніставалі. 17 лютага 2012 году ён выйшаў на волю.


Расея


У 2009 годзе Алесь Бяляцкі разам з Уладзімерам Лабковічам езьдзіў назіральнікам у Маскву на суд над старшынём расейскага Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Алегам Арловым, калі на таго завялі справу нібыта за паклёп на кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Бяляцкаму было нашмат цяжэй, зазначыў Арлоў, прыехаўшы на суд над Алесем:

«Вядома, гэтыя два працэсы непараўнальныя: Алесь — за кратамі, я знаходзіўся і знаходжуся на волі. І тым ня менш для мяне прыемная і вельмі важная такая салідарнасьць. І я папросту лічыў сваім абавязкам ехаць у Менск, каб быць на працэсе, назіраць самому, сьведчыць пра тое, як ён праходзіць, спрыяць прыцягненьню ўвагі да гэтага працэсу, перш за ўсё ў маёй краіне — Расеі, і выказаць падтрымку Алесю, яго сябрам і паплечнікам».

Алег Арлоў на судзе над Бяляцкім

Алег Арлоў на судзе над Бяляцкім

Супраць Арлова завялі крымінальную справу за паклёп у сувязі зь ягонай заявай пра адказнасьць прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава за забойства супрацоўніцы «Мэмарыялу» Натальлі Эстэміравай. 14 чэрвеня 2011 году Арлову вынесьлі апраўдальны прысуд.

Бяляцкі быў знаёмы з Натальляй Эстэміравай, незадоўга да яе гібелі сустракаўся зь ёю ў Грузіі.

У 2009 годзе падчас суду над Арловым Бяляцкі і Лабковіч распаўсюдзілі заяву:

«Хоць улады Беларусі ўжываюць іншыя рэпрэсіўныя мэтады, але вынікі такога супрацьстаяньня ўладаў і грамадзянскай супольнасьці атрымліваюцца практычна аднолькавымі. У нашых грамадзтвах існуе вялікі ўзровень страху. Улады, прыкрываючыся дэклярацыйнымі заявамі, цалкам ігнаруюць правы грамадзянаў Чачні і Беларусі. Права моцы, а не закону пануе ў нашых краінах».

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG