Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Справа Бяляцкага. XXVІІ. Тры тамы паручальніцтваў


Паручальніцтва за Бяляцкага

Паручальніцтва за Бяляцкага

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Трэці, чацьвёрты і пяты тамы крымінальнай справы Алеся Бяляцкага складаюць асабістыя паручальніцтвы беларускіх грамадзян. Пракурор Сайкоўскі на трэці дзень працэсу выбарачна зачытаў адно з 816 такіх хадайніцтваў. І адмоўны адказ на яго сьледчай Касынкінай.

Пасьля арышту Бяляцкага адразу пачалася грамадзкая кампанія за яго вызваленьне пад паручальніцтва. Сярод ініцыятараў кампаніі былі Алесевы калегі — старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак і ягоны намесьнік Гары Паганяйла. Яны самі прасілі вызваліць Алеся Бяляцкага з-пад варты, а таксама распрацавалі форму, якую маглі раздрукаваць з інтэрнэту, запоўніць і даслаць сьледчым іншыя грамадзяне.

​Адмова Алегу Гулаку

​Адмова Алегу Гулаку

Сваю адмову, адрасаваную Гулаку, сьледчая Касынкіна патлумачыла каротка: «5 жніўня 2011 году ў адносінах да Бяляцкага была абраная мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, падстаў для зьмены дадзенай меры стрыманьня няма».

Алег Гулак назваў такую матывацыю незаконнай:

«Крымінальна-працэсуальны кодэкс дакладна рэглямэнтуе, што меры стрыманьня могуць прымяняцца толькі ў тым выпадку, калі сабраныя доказы ў справе даюць дастатковыя падставы меркаваць, што падазраваны ці абвінавачваны можа схавацца ад органаў крымінальнага перасьледу ці суду, перашкодзіць расьсьледаваньню або разгляду справы судом, зьдзейсьніць грамадзка небясьпечнае дзеяньне, процідзейнічаць выкананьню прысуду. Акрамя таго, пры вырашэньні пытаньняў аб неабходнасьці ўжываньня меры стрыманьня павінен улічвацца характар падазрэньня або абвінавачваньня, асоба падазраванага ці абвінавачанага.

У пастанове мы ня бачым нічога, што давала б нам разуменьне, чаму ўжытая менавіта гэтая, а ня іншая мера стрыманьня. Сьледчы ніякім чынам не аналізуе, ці ёсьць падставы для ўжываньня меры стрыманьня. Таксама няма ні слова пра характар падазрэньня або абвінавачаньня, пра асобу падазронага або абвінавачанага. Пры такіх абставінах мы ня можам казаць, што гэтая пастанова матываваная, і, адпаведна, яе нельга прызнаць законнай».

Адмову Касынкінай вызваліць Бяляцкага Гулак і Паганяйла абскардзілі ў пракуратуры Менску, але намесьнік пракурора гораду Казімір Кежун стаў на бок сьледзтва. Праваабаронцы не прызналі абгрунтаваным і законным адказ Кежуна, але фармальна яго не аспрэчылі — ужо набліжаўся судовы працэс.

Пастановы Касынкінай аспрэчвалі ня толькі Гулак і Паганяйла.

Актывісты з Гомеля Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка таксама паскардзіліся на яе ў пракуратуру Менску. Казімір Кежун адказаў ім, што мера стрыманьня выбраная з улікам «цяжару зьдзейсьненага злачынства і ўстаноўленых у справе акалічнасьцяў». Праваабаронцы не пагадзіліся зь ім і выступілі на сайце «Вясны» з заявай, у якой назвалі такое вызначэньне «парушэньнем артыкула 26 Канстытуцыі Беларусі, паводле якога ніхто ня можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна ня будзе ў прадугледжаным законам парадку даказаная і ўстаноўленая выракам суду, які ўступіў у законную сілу».

Яны зьбіраліся далей абскарджваць пастанову Кежуна, але падзеі разьвіваліся хутка, і гэта страціла сэнс, паведаміў Леанід Судаленка.

Іншы праваабаронца, Сяргей Усьцінаў, таксама абскардзіў стандартную адпіску Касынкінай у пракуратуры Менску. Казімір Кежун і яму адказаў, што мера стрыманьня абраная правільна і падставаў для адміністрацыйнай адказнасьці сьледчай Касынкінай за парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян няма.

Але пракурор Кежун знайшоў у адпісцы Касынкінай адзін фармальны недахоп — яна ў сваёй пастанове не паведаміла пра парадак яе абскарджваньня. У сувязі з гэтым пракурор прапанаваў кіраўніку аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня УДФР КДК па Менскай вобласьці і Менску разгледзець пытаньне аб прыцягненьні сьледчай Касынкінай да дысцыплінарнай адказнасьці. Пра гэта Кежун напісаў Усьцінаву. У канцы свайго ліста ён дапісаў: «Ухваленае рашэньне вы маеце права абскардзіць пракурору гораду Менску». Ці далі Касынкінай вымову, невядома.
Адказ Сяргею Ўсьцінаву

Адказ Сяргею Ўсьцінаву


Усе гэтыя адказы — нішто іншае, як бюракратычны «дакумэнтазварот», сьцяна адпісак, якую прабіць немагчыма.

Пракурор Кежун тут нібыта праяўляе прынцыповасьць, але ў дробным пытаньні, якое нічога ня значыць для лёсу Бяляцкага: Касынкіна не напісала, каму на яе рашэньне можна паскардзіцца, хто будзе пісаць наступную адпіску. Фармальна гэта — парушэньне закону. Але калі б Кежун быў сапраўды прынцыповы, то дамогся б, каб было выкананае ягонае даручэньне сьледчай групе ў справе Бяляцкага пра запыт да замежных арганізацыяў, якія фінансавалі дзейнасьць «Вясны» праз рахункі Бяляцкага ў Польшчы і Літве, каб тыя паведамілі, для чаго яны перасылалі гэтыя грошы. Але гэтага зроблена не было.

Як пракурор, які ажыцьцяўляе нагляд за сьледзтвам, Кежун мусіў давесьці выкананьне сваіх даручэньняў да канца, а ў адваротным выпадку — вярнуць справу на дасьледаваньне, не накіроўваць яе ў суд, тлумачыць юрыст Гары Паганяйла:

«У гэтым выпадку, відаць, была дадзеная каманда хутка накіраваць справу Бяляцкага ў суд. Зьверху ўмяшаліся і парэкамэндавалі Кежуну далей ня ўмешвацца, не тармазіць справу».

Але калегі Бяляцкага не спыняліся. 23 жніўня ў Менску, Горадні, Магілёве прайшлі несанкцыянаваныя акцыі ў яго падтрымку, на іх мінакам раздавалі ўлёткі пра Алеся. Пікеты скончыліся затрыманьнямі.
Акцыя вясноўцаў пад мурамі «Валадаркі» ў дзень нараджэньня Бяляцкага, 25 верасьня 2011 году. Фота ПЦ «Вясна».

Акцыя вясноўцаў пад мурамі «Валадаркі» ў дзень нараджэньня Бяляцкага, 25 верасьня 2011 году. Фота ПЦ «Вясна».


У верасьні 2011 году праваабаронца Сяргей Усьцінаў і навучэнцы моладзевага праваабарончага курсу распачалі бестэрміновую акцыю «Ні дня без заяўкі ў абарону Бяляцкага!» Толькі ў Менскі гарвыканкам было пададзена больш за 60 заявак на правядзеньне пікетаў у падтрымку Алеся, аналягічныя заяўкі былі пададзеныя як мінімум яшчэ ў 17 гарадах.

Усюды праваабаронцы атрымалі адмовы, прынамсі 15 зь іх былі абскарджаныя ў судах. З гэтай прычыны з уладамі судзіліся ў Менску, Жодзіне, іншых гарадах. Але марна. Адмовы былі стандартныя для любых іншых апазыцыйных заявак: заплянаванае іншае масавае мерапрыемства, пікетаваньне будзе ствараць перашкоды руху пешаходаў і машын…

«Такая рэзкая рэакцыя ўладаў на любы пратэст з нагоды арышту Бяляцкага, гэтыя тры тамы адпісак на хадайніцтвы аб паручальніцтве сьведчаць пра палітычны падтэкст справы Алеся і цэнтралізаванасьць дзеяньняў улады дзеля здушэньня грамадзкага пратэсту з нагоды яго перасьледу — пратэсту, які ўзьняўся па ўсёй краіне», — перакананая Тацяна Равяка.

Затое перад будынкам генэральнай пракуратуры Польшчы, якая спрычынілася да выдачы банкаўскіх матэрыялаў, акцыя пратэсту прайшла. Таксама адбыліся акцыі за вызваленьне Алеся ў Вільні, Парыжы, Санкт-Пецярбургу…

Лабковіч-сабака-ягу-ком


Камэнтуючы матэрыялы справы ў ходзе судовага працэсу, пракурор Сайкоўскі ўнутрыбеларускую і міжнародную актыўнасьць праваабаронцаў у падтрымку Бяляцкага, якая не спынялася з дня ягонага арышту, ацаніў па-свойму:

«Была арганізаваная кампанія па прыхоўваньні мэтаў пераводу грошай на рахункі Бяляцкага», — такую выснову ён зрабіў напрыканцы трэцяга дня слуханьняў.

Як выявілася ў судзе, у матэрыялы справы трапілі некаторыя зьвесткі пра тое, якім чынам пасьля арышту Алеся ягоныя калегі арганізоўвалі свае акцыі, у тым ліку збор подпісаў у яго падтрымку, пікеты, паручальніцтвы.

У справу трапіла электроннае ліставаньне аднаго зь лідэраў «Вясны» юрыста Ўладзімера Лабковіча. Пракурор некалькі разоў назваў электронны паштовы адрас Лабковіча: «Лабковіч-сабака-ягу-ком». Гэта выклікала сьмех у залі.

Прыватную перапіску Лабковіча Сайкоўскі прызнаў «дакумэнтамі, якія сьведчаць пра дзейнасьць на карысьць Бяляцкага», «спробай схаваць праўду, заблытаць сьледзтва і суд».

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч адразу пасьля навіны пра арышт Бяляцкага сапраўды ліставаўся з калегамі ў справе Алеся. Гаворка ішла пра арганізацыю кампаніі збору пісьмовых паручальніцтваў для зьмены меры стрыманьня. Адзін калега спытаўся ў Лабковіча: «Што казаць наконт літоўскіх рахункаў?» На гэта Лабковіч адказаў: «Усё казаць. Казаць, што на рахунак паступалі сродкі для дапамогі рэпрэсаваным».

Ніхто ня бачыў санкцыі пракурора на ўзлом электроннай пошты актывістаў «Вясны», яна не была прадстаўленая ў матэрыялах справы, што супярэчыць закону. Але тым ня меней сьледзтва атрымала доступ да электроннай пошты Лабковіча і, магчыма, ня толькі яго. Прычым сьледчыя, узламаўшы паштовую скрынку Лабковіча, далучыўшы ягоныя лісты да справы, нават не дапыталі яго ў якасьці сьведкі.

У прыватнасьці, пракурор зачытаў ліст Лабковіча да Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека з просьбай, каб паручальніцтва за Бяляцкага напісала ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Шырын Эбадзі. У другім цытаваным лісьце Лабковіч просіць МФПЧ дакумэнтальна пацьвердзіць, што перасланыя імі грошы не былі даходам Бяляцкага. «Мы прасілі напісаць праўду», — заяўляе Ўладзімер Лабковіч.

Выкрадзеная перапіска Лабковіча нічога новага да разуменьня справы не дадала. Бакі патрактавалі яе кожны на сваю карысьць, ніякіх сакрэтаў сьледзтва ў ёй не знайшло. У выраку Бяляцкаму ніводнай спасылкі на лісты Лабковіча не было.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG