Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віна Бяляцкага


Першым чытачом некаторых радкоў гэтай кнігі быў турэмны цэнзар.

«Я заўсёды любіў і зараз люблю глядзець на неба…»

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

Гэта радок зь ліста героя аўтару кнігі — з турмы на свабоду. З бабруйскай турмы на Радыё Свабода.

Лісты пісаліся ад рукі — і ня толькі з-за кратаў, дзе ў героя не было кампутара. Аўтар таксама выводзіў літары асадкай і ня надта стараўся, каб яны былі чытэльныя, — наадварот, імкнуўся зрабіць іх неразборлівымі для чужога халоднага вока.

Забаронена пісаць пра ўнутраныя парадкі (як жывеш), прозьвішчы (хто мае ўладу над тваім жыцьцём), дзяржтаямніцы (колькі ахоўнікаў на аднаго зэка). Забароны глядзець на неба, здаецца, няма.

«Так шмат у ім колераў і адценьняў неперадавальных…»

Паэзія не абавязкова павінна быць з рыфмамі. Як і судовы прысуд не абавязкова вызначае віну, а чалавек у турме — не абавязкова злачынец.

«Жалезныя дзьверы і ваконныя краты густа захіснутыя жалезнымі гарызантальнымі палоскамі, якія тут ласкава называюць „расьнічкамі“, за імі ў шчыліны праглядаецца расьпілаванае бяздоннае верасьнёўскае неба і белыя ватныя аблокі. Колькі разоў ужо, стоячы ля вакна і ўглядаючыся ў заманлівую сінечу неба, я паўтараў сам сабе: „Вось воблака, сяду і ў сьвет палячу!“»

Хто мае права на беларускае неба над беларускай зямлёй?

«Ну, а неба ж над намі — вольнае!»

Усё сваё жыцьцё ён стараецца зраўняць у правах зямлю зь небам.

«Вось і зараз гляджу…»

Сапраўдная віна Алеся Бяляцкага.
Аляксандар Лукашук,
Радыё Свабода



Пасадзіць Бяляцкага

Пасьляслоўе рэдактара

Кажучы пра Алеся Бяляцкага, я бязь лішняга патасу згадваю пра найлепшыя якасьці чалавека. Прыцягальнае спалучэньне ўпартасьці і дабрыні дазволіла яму стаць пасьпяховым архітэктарам чалавечых супольнасьцяў.

Ёсьць такое трапнае назіраньне. Два незнаёмыя расейцы, заходзячы ў пусты вагон электрычкі, як правіла, сядаюць побач. Два незнаёмыя беларусы — у розных канцах вагона. Беларусы — індывідуалісты, ім не ўласьцівая абшчыннасьць. Для іх нефармальнага самааб’яднаньня спрадвеку існавалі народныя сьвяты (Купальле), талокі (на будоўлі ці зборы ўраджаю) і дні памяці продкаў (Дзяды).

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Аднойчы, вандруючы з Алесем па нашых родавых котлішчах на Палесьсі, мы заехалі ў нараўлянскую вёску, адкуль ягоная маці. Алесь паказаў, дзе стаяла хата, дзе жылі сябры, і мы рушылі на могілкі. Нібыта звычайныя вясковыя клады разьмяшчаліся проста ў лесе. Беларуская паганская традыцыя на Дзяды ўсёй сям’ёй пад’ядаць на магілах продкаў вядомая. Але тут было нешта большае. Побач з могілкамі, на ўсю іх даўжыню, быў зладжаны даўжэзны, мэтраў на трыццаць, стол, а пры ім — такія ж даўжэзныя лавы. Гэта значыць, што тут на Дзяды ўся вёска сядала разам.

Натуральна, могуць быць і іншыя кшталты нефармальнага аб’яднаньня, прынесеныя цывілізацыяй, але ў аснове, «у крыві», у мэнтальнасьці беларусаў ляжаць гэтыя тры матывы — народныя сьвяты з супольнымі сьпевамі і рытуаламі, талака і памінаньне продкаў. І калі на пачатку 1980-х Алесь Бяляцкі ствараў першыя нефармальныя суполкі моладзі, яны кіраваліся гэтымі матывамі — ладзілі каляндарныя сьвяты, працавалі на археалягічных раскопках, знаходзілі месцы масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Ужо празь некалькі гадоў гэтых суполак стане так шмат, што яны аб’яднаюцца ў моладзевы рух, выйдуць у палітычнае вымярэньне і прынясуць сваёй краіне незалежнасьць. Бяляцкі і ў новых умовах будзе рабіць сваю працу архітэктара чалавечых супольнасьцяў — створыць музэй, каталіцкую грамаду, праваабарончы рух. Гэтым разам іх аб’яднаньне мелася прывесьці не да рэвалюцыйных пераменаў, а да стварэньня беларускага грамадзтва як такога.

Бяляцкі — асноватворны пэрсанаж гісторыі. Пасадзі яго на пустым месцы, тут неўзабаве зьявіцца музэй, царква і праваабарончая арганізацыя. Культура, вера і права. Зразумела, гэта будуць ня столькі будынкі, колькі людзі, грамадзянская супольнасьць, пачаткі грамадзтва.

Напэўна, беларускае грамадзтва сёньня ўжо было б створанае, калі б у 1994 годзе да ўлады не прыйшоў першы і пакуль адзіны прэзыдэнт з цалкам адваротнай праграмай ператварэньня краіны ў «невялікі калгас» («Беларусь — это небольшой колхоз. Мне в Минске всё видно и без местной власти».) Жорсткая вэртыкальная мадэль калгасу адмаўляе саму магчымасьць існаваньня грамадзтва і атамізуе насельніцтва. Тут усе аднолькавыя, а любая ініцыятыва можа паходзіць толькі зьверху. Усё нефармальнае і самакаштоўнае выключаецца. Ані выбараў, ані свабоды слова, ані несанкцыянаваных сходаў ці аб’яднаньняў у «невялікім калгасе» няма і быць ня можа. Тым, хто замахваецца на калгасную мадэль, прапануецца эміграцыя, або турма, або зьнікненьне бязь вестак.

У нашым выпадку гэта канфлікт сьветапоглядаў. Прэзыдэнт слушна лічыць, што ніякага праваабарончага руху ў «невялікім калгасе» быць не павінна, інакш гэта не калгас. Таму Бяляцкі, як архітэктар беларускага грамадзтва, павінен быць ізаляваны ад народу, бо дзейнічае ў цалкам адваротным афіцыйнай дактрыне кірунку. У гэтым яго злачынства. І ня так важна тое, што будзе напісана ў судовай справе ці прамоўлена на працэсе, як тое, што Бяляцкі мусіць быць ізаляваны. І ізалюе яго насамрэч ня суд і не праваахоўныя органы, а сам старшыня «невялікага калгасу». Адсюль гэтая клетка, адмова ў зьмене меры стрыманьня і, нарэшце, турма.

Зь веку ў век сьвет робіцца больш гуманным менавіта таму, што імкнецца не да парадку, як у «невялікім калгасе», а да гармоніі, да ўліку чым большай колькасьці розных галасоў, жаданьняў, дадзенасьцяў. У аснове такога ўліку ляжыць рэальны падзел улады і праца многіх архітэктараў, якія будуюць грамадзтва.

Прэзыдэнт бачыць у Бяляцкім вобраз свайго канкурэнта і рэальнай альтэрнатывы і пагрозы сваёй асабістай уладзе. І пакуль ён будзе прэзыдэнтам, Бяляцкі будзе сядзець у турме, прынамсі ў ізаляцыі, а ў Беларусі ня будзе грамадзтва і масавай салідарнасьці, якая можа быць толькі ў грамадзтве. Ня будзе свабоды слова і аб’яднаньняў, ня будзе беларускае мовы, ня будзе правоў чалавека.

Напэўна, прэзыдэнта б задаволіла эміграцыя Бяляцкага. Але той не згадзіўся. Напэўна, прэзыдэнт хацеў бы, каб Бяляцкі ў турме зламаўся, напісаў «прашэньне аб памілаваньні», але наўрад ці ён сам верыць у магчымасьць гэтага. І таму ўсё, што можа прэзыдэнт супраць Бяляцкага, — гэта фізычная ізаляцыя.

Чаго ня можа зрабіць прэзыдэнт супраць Бяляцкага, — гэта зьмяніць ягоныя чалавечыя якасьці і перашкодзіць росту ягонага аўтарытэту. Алесь і сапраўды стаў для многіх асобаю роўню Вацлава Гаўла, або Нэльсана Мандэлы, або Леха Валэнсы. Пасьля прысуду сотні людзей крычалі Бяляцкаму, што яны любяць яго, тысячы пра гэта падумалі. І гэты ягоны аўтарытэт мусіць пашырацца як у сьвеце, так і ў Беларусі. Дыктатар перамагае сёньня, герой перамагае ў прынцыпе. Бязьмежнасьць паўнамоцтваў дыктатара абмежаваная прасторай і часам, бо парадак і ёсьць мяжа. Бязьмежнасьць аўтарытэту героя не абмежаваная нічым.

Сяргей Дубавец


Турмы Бяляцкага




Простая мова. Выказваньні Алеся Бяляцкага


Пра беларускае адраджэньне:

* Ліст Алеся Бяляцкага Сяргею Сысу. 1981 г.
«Гэта справа не на месяц, не на два. Гэта ня хобі. Гэта справа ўсяго жыцьця! Пачынаецца адраджэньне! Дзеля гэтага я гатовы на ўсё»*.


Пра пачатак антыкамуністычнай дзейнасьці:

* Віталь Цыганкоў. Алесь Бяляцкі: «У беларусаў існуе калектыўны інстынкт страху» // Свободные новости Плюс, 01.09.2010.
«Я дастаткова рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасьці. Гэта ішло паступова, пачынаючы ад пытаньняў, зьвязаных з мовай і культурай. Яшчэ ў школе я захапіўся беларускай літаратурай, потым паступіў на гомельскі філфак і сутыкнуўся з рэзкім абмежаваньнем ужываньня мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады (дый праводзіцца і цяпер).

Быў унутраны пратэст, спачатку індывідуальны. Калі ў 1981 годзе я пачаў першым на факультэце паўсюль размаўляць па-беларуску, спачатку зь мяне сьмяяліся, хутка перасталі. Пасьля знайшліся аднадумцы, і мы спрабавалі супрацьстаяць русыфікацыі на сваім узроўні. Упершыню ў Гомелі на пачатку 80-х зьявілася група студэнтаў, якія сьвядома размаўлялі на беларускай мове. У 1984 годзе, калі я заканчваў унівэрсытэт, у нас ужо некалькі дзясяткаў чалавек размаўлялі па-беларуску»*.


Пра дэмакратычныя карані Беларусі:

* Тамсама.
«У нас, у Беларусі, традыцыі змаганьня за свабоду і дэмакратыю маюць вельмі моцныя гістарычныя карані. Залаты век, апошняя траціна XVIII стагодзьдзя, калі ў нас буялі розныя філязофскія школы, калі мысьляры разьвівалі паняцьце правоў чалавека, якое ўпершыню загучала тады на нашых землях, мелі доступ да ўлады і займаліся пераўтварэньнямі ў эканоміцы і адукацыі. Яны ў тыя часы ўжо рыхтавалі адмену прыгону, і сам Ж.-Ж. Русо зьбіраўся пераехаць жыць у Беларусь. Гэта быў вельмі цікавы час, які скончыўся з падзеламі Рэчы Паспалітай і акупацыяй Беларусі дэспатычнай Расейскай імпэрыяй»*.


Пра беларускую мову:

* Алесь Бяляцкі. Літаратура і нацыя. Менск, 1991. С. 102.
«Пасьля фізычнага гвалтоўнага зьнішчэньня хваляў беларускага адраджэньня гэпэушнікамі ды санацыяй, а затым фашыстоўцамі ды эмдэбэшнікамі, менавіта на падвалінах беларускае мовы адбывалася кожнае чарговае адраджэньне нацыянальна сьведамых беларусаў, якія зноў гатовыя былі ісьці на сьмерць. І вось таму ў 50-я гады пачаўся брутальны наступ на аснову нацыі — беларускую мову»*.


Пра падтрымку ў грамадзтве:

«Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Гэтае поле трэба добра ўгнойваць, працаваць зь ім, камяні выбіраць… А тое, што пакінула на ім камуністычная ўлада пасьля 70 гадоў у Беларусі, можна назваць такой выпаленай зямлёй… Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар… А на пачатку 90-х гэта ўжо хутка зьмянілася — зьявіліся тысячы і дзясяткі тысяч… Мы займелі ўстойлівую падтрымку ў грамадзтве. Фактычна шмат у чым летуценны рух, які абапіраўся толькі на нейкія аскабалкі, што засталіся ад ранейшых традыцый палітычных, культурных, займеў вельмі цьвёрды грунт. Цяпер мы маем сваіх 25–30 працэнтаў падтрымкі. І менавіта тады яны высьветліліся, менавіта тады яны фармаваліся. І гэта нямала. Гэта мільёны людзей, якія адназначна бачаць Беларусь іншай»*.


Пра галоўную мэту жыцьця:

* Тамсама.
«Усё іншае — вучоба, асьпірантура, праца ў музэі — усё гэта было сродкам выкананьня тых мэтаў, якія мы ставілі ў самым пачатку — дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі»*.


Пра рэжым Лукашэнкі:

* Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера. Менск, 2006. С. 235.
«Так ня раз было ў гісторыі: калі ў дыктатараў сканчаўся народны давер, яны трымаліся пры дапамозе гвалту і падману, пры дапамозе сваіх апрычнікаў»*.


* Тамсама. С. 251.
«Неапраўдана суровы прысуд паказаў, па-першае, поўную несамастойнасьць беларускай судовай сыстэмы, а па-другое, той жывёльны страх, што пануе ў беларускіх уладаў і якім ахоплены прэзыдэнт Лукашэнка, які баіцца страціць асабістую ўладу і дзеля яе ўтрыманьня гатовы пайсьці на злачынства. Але беларускі рэжым не арыгінальны ў такіх учынках. Ізноў жа, гісторыя паказвае, што рэпрэсіямі супраць палітычных апанэнтаў дабіцца многага немагчыма. Рэжымы, якія ня здольныя зьмяняцца, урэшце развальваюцца ў адно імгненьне. Упэўнены, што такі ж лёс чакае і беларускі рэжым»*.


Тамсама. С. 268.
«Сталіншчына — ідэйны падмурак сёньняшніх беларускіх уладаў. Змрочная здань „правадыра народаў“ распасьцерлася над Беларусьсю»*.


Аб правах чалавека:

* «Чалавек, яго правы і свабоды павінны зьяўляцца асноўнай каштоўнасьцю грамадзянскай супольнасьці» // Беларуская інфармацыйна-аналітычная інтэрнэт-газэта Euramost.org, 22.07.2005.
«Я лічу, што гэта стратэгічная памылка і нават у пэўным сэнсе драматычная памылка палітыкаў 20 стагодзьдзя — аддзяляць правы чалавека ад дэмакратычных каштоўнасьцяў, ад незалежнасьці. Пачынаючы з 80-х незалежны моладзевы беларускі рух, у які я тады ўваходзіў, заўсёды разглядаў гэтыя пытаньні разам — правы чалавека і незалежнасьць Беларусі, дэмакратыя і рынкавая эканоміка — гэта тыя рэчы, якія ўяўлялі і ўяўляюць для мяне адзінае цэлае»*.


Пра «Вясну»:

* Тацяна Сьнітко. Алесь Бяляцкі: «Час зрабіў нам выклік. Мы яго прынялі»
«У прынцыпе, я задаволены вынікамі нашай працы за 15 год. Мы шмат зрабілі для разуменьня важнасьці правоў чалавека палітыкамі і грамадзкасьцю Беларусі — тымі людзьмі, якія пасьля зьмяненьня сытуацыі будуць арыентавацца на гэтыя правілы і стандарты ў сваёй дзейнасьці, у адрозьненьне ад цяперашняй улады»*.


Пра суд:

* Ліст Алеся Бяляцкага з Жодзінскай турмы. Сьнежань 2011.
«Такое адчуваньне, што гэты суд быў патрэбны, каб праверыць, што мы рабілі ўсе гэтыя 15 гадоў. А на 10 сьнежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: „Ня бойцеся!“ Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павал II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але і гэтага хапіла»*.

Фотажыцьцяпіс Бяляцкага



Біяграфія Алеся Бяляцкага

Аляксандар (Алесь) Віктаравіч Бяляцкі нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёну Карэліі, куды ягоныя бацькі выехалі зь Беларусі на заробкі.

У 1964 годзе Алесевы бацька — Віктар Усцінавіч і маці — Ніна Аляксандраўна вярнуліся ў Беларусь. Месцам жыхарства сям’я абрала Сьветлагорск.

У Сьветлагорску Алесь скончыў сярэднюю школу № 5.

У 1979 годзе ён паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе распачаў літаратуразнаўчую і грамадзкую дзейнасьць. У 1984-м атрымаў дыплём выкладчыка філялёгіі. Перад паступленьнем у асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласьці.

У 1984 годзе Алеся Бяляцкага прызвалі ў войска. Служыў пад Сьвярдлоўскам у артылерыйскай частцы.

Пасьля вяртаньня з войска працягваў вучыцца ў асьпірантуры, займаўся навуковай, літаратурнай і грамадзкай дзейнасьцю.

У 1986 годзе Бяляцкі быў адным са стваральнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», быў старшынём гэтай арганізацыі (1986–1989).

У 1988 годзе выступіў адным з заснавальнікаў таварыства «Мартыралёг Беларусі», быў сябрам арганізацыйнага камітэту Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», сакратаром Управы (1996–1999) і намесьнікам старшыні (1999–2001) БНФ, быў заяўнікам першай масавай акцыі ў Беларусі — мітынгу «Дзяды» ў 1988 годзе.

Асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі Навук БССР Алесь скончыў у 1989 годзе, ад абароны кандыдацкай дысэртацыі адмовіўся. На яе аснове ў 1991 годзе выдаў манаграфію «Літаратура і нацыя».

У 1990 годзе Бяляцкі стаў адным з арганізатараў Беларускай каталіцкай грамады.

Непрацяглы час Бяляцкі працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам Музэю гісторыі беларускай літаратуры. У выніку конкурсу ў 1989 годзе Алесь быў абраны дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча. На гэтай пасадзе працаваў да 1998 году. Пад яго кіраўніцтвам была адкрытая экспазыцыя літаратурнага музэю і трох яго філіялаў.

У 1991–1995 гадах Бяляцкі быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету.

З 1996 году Алесь — старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна». У 2003-м «Вясна» была пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі рашэньнем Вярхоўнага Суду. У 2007 годзе Камітэт у правах чалавека ААН пасьля пазову Алеся Бяляцкага прызнаў ліквідацыю «Вясны» парушэньнем свабоды асацыяцыі сяброў арганізацыі і рэкамэндаваў аднавіць у правах Бяляцкага і яго калег.

У 2007-м і двойчы ў 2009 годзе рабіліся беспасьпяховыя спробы зарэгістраваць арганізацыю ў Міністэрстве юстыцыі.

Алесь Бяляцкі — сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, Беларускага Пэн-цэнтру, Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У 2006 годзе Бяляцкі выдаў кнігу нарысаў і эсэ «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера».

У 2006 годзе ён быў узнагароджаны швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, Прэміяй свабоды імя Андрэя Сахарава Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, прэміяй Homo Homini чэскай арганізацыі People in Need («Чалавек у нядолі»).

У 2007 годзе Алесь Бяляцкі быў абраны віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека.

Муніцыпалітэт гораду Генуя (Італія) ў 2010 годзе надаў Алесю Бяляцкаму званьне «Ганаровы грамадзянін Генуі».

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 году. 24 лістапада 2011 году яму прысудзілі 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за нявыплату падаткаў з грошай, якія ён атрымліваў ад замежных праваабарончых фондаў для дапамогі палітычным рэпрэсаваным у Беларусі і іхнім сем’ям.

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, урады і парлямэнты краін Эўразьвязу і ЗША назвалі гэты прысуд незаконным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызваленьня Бяляцкага, называючы гэты прысуд палітычнай расправай з праваабаронцам.

У 2012 годзе Алесь Бяляцкі быў уганараваны прэміяй Нарвэскага саюзу пісьменьнікаў «За свабоду слова», польскай прэміяй імя Льва Сапегі, узнагародай абаронцы правоў чалавека Дзярждэпартамэнту ЗША.

Бяляцкага вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006, 2007 і 2012 гадах.

Алесь Бяляцкі жанаты. У 2012 годзе адзначыў 25-годзьдзе шлюбу з Натальляй Пінчук. Маюць сына Адама.


Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG