Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XV. Сьведкі-чыноўнікі


Будынак Маскоўскага раённага суду Менску, дзе судзілі Алеся Бяляцкага

Будынак Маскоўскага раённага суду Менску, дзе судзілі Алеся Бяляцкага

3 лістапада 2011. Суд. Дзень другі. Сьведкі


На судах за Плошчу зімою і вясною 2011 году ў якасьці пацярпелых выступалі спэцназаўцы, якія насамрэч ня ведалі падсудных-дэманстрантаў, не маглі іх пазнаць і выказаць прэтэнзіі да іх асабіста. «Пацярпелыя» асілкі зь менскага палку спэцназу строем хадзілі з працэсу на працэс. У прыватных размовах яны прызнаваліся: «Ну вы ж разумееце, нам загадалі».

Ім сапраўды загадалі спачатку зьбіваць людзей на Плошчы, а потым сьведчыць супраць зьбітых у судах, дэманстраваць даведкі пра свае пашкоджаныя галовы і ягадзіцы, быццам зьбівалі іх, а не яны. Так стваралася бачнасьць судовага працэсу аб масавых беспарадках зь вялікай колькасьцю сьведак і пацярпелых. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч перакананы, што гэтаксама і ў справе Бяляцкага ўлада рабіла бачнасьць гучнага крымінальнага працэсу, загадаўшы быць сьведкамі чыноўнікам, якія ніколі Алеся ня бачылі і нічога не маглі сказаць пра ягоныя дзеяньні.
Алеся Бяляцкага прывезьлі ў суд

Алеся Бяляцкага прывезьлі ў суд



Сьведкі-чыноўнікі


На пачатку другога дня, перад допытам сьведак, Зьміцер Лаеўскі прадставіў суду прыклады таго, на што траціліся атрыманыя Бяляцкім грошы замежных спонсараў. Адвакат хадайнічаў, каб да матэрыялаў справы былі далучаныя кнігі праваабарончай тэматыкі, сярод іх — зборнікі матэрыялаў «Кіраўніцтва па арганізацыі школ правоў чалавека» (Осла, 2008; Менск, 2009) і «Будуйце масты, ня сьцены» (Вільня, 2010). Іх укладальнікамі былі Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Нарвэскі Хэльсынскі камітэт. Сродкі на іх падрыхтоўку і публікацыю выдаткоўваліся зь літоўскага рахунку Алеся за мяжой, не трапляючы ў Беларусь.


На просьбу адваката судзьдзя далучыў да справы і кнігу на швэдзкай мове, адным з аўтараў якой быў Бяляцкі. За яе Алесь атрымаў ганарар, пералічаны на ягоны рахунак. Падаткі з ганарару былі заплачаныя ў Швэцыі.

Першы сьведка абвінавачаньня, які быў выкліканы ў справе, — намесьнік дырэктара Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Леанід Чаўко — заявіў, што калі дапамога беларускай арганізацыі выкарыстоўваецца за мяжой, напрыклад, для публікацыі кніг, то такія выпадкі не рэгулююцца беларускімі нарматыўнымі актамі: «У такім выпадку гэта не зьяўляецца бязвыплатнай дапамогай і наш дэпартамэнт да яе адносінаў ня мае».

Пра дзейнасьць «Вясны» і асабіста Бяляцкага сьведка Чаўко нічога сказаць ня мог. На пытаньне адваката «Ці ведаеце вы што-небудзь па справе?» ён адказаў адназначна: «Не». Тады адвакат Лаеўскі заявіў пра парушэньне Працэсуальнага кодэксу, бо Чаўко (як і шэраг іншых чыноўнікаў, запрошаных у суд) ня можа быць сьведкам, ён мае права выступаць у працэсе толькі ў якасьці спэцыяліста.

Калі б чыноўнікі былі запрошаныя ў суд у якасьці спэцыялістаў, а ня сьведак, яны б атрымалі іншыя працэсуальныя правы, і іх паказаньні мелі б зусім іншую юрыдычную вагу. На паказаньнях сьведак у выніку будуецца вырак, а паказаньні спэцыялістаў — гэта дадатковыя тлумачэньні асобаў, якія валодаюць пэўнымі ведамі ў пэўнай галіне. Іх паказаньні не абавязковыя для юрыдычнай ацэнкі судом, кажа юрыст Валянцін Стэфановіч. Апрача таго, падсудны і ягоны абаронца маглі б выступаць з адводамі такіх спэцыялістаў. Аднак судзьдзя Бандарэнка прапусьціў заяву адваката міма вушэй. І чыноўнікі надалей выступалі ў ролі сьведак, а не спэцыялістаў.

Леанід Чаўко патлумачыў, што менавіта ягоны дэпартамэнт рэгіструе гуманітарную дапамогу і вядзе кантроль, як яна выкарыстоўваецца, і што парадак выкарыстаньня гуманітарнай і тэхнічнай замежнай дапамогі рэгулюецца адпаведным дэкрэтам і ўказамі Лукашэнкі. Напрыклад, дэкрэт абавязвае атрымальнікаў такой дапамогі адкрываць дабрачынныя рахункі ў Беларусі, класьці на іх атрыманыя з-за мяжы грошы і рэгістраваць іх у гэтым дэпартамэнце. А для гэтага патрэбна, каб арганізацыя-атрымальніца дапамогі дзейнічала легальна. Калегі Бяляцкага, рэагуючы на паказаньні сьведкі Чаўко, прызналі, што, пазбавіўшы «Вясну» рэгістрацыі, улады самі выштурхалі яе з поля дзеяньня сваіх дэкрэтаў і ўказаў.

Прычым, як выявілася, усе гэтыя нарматыўныя акты ніяк не рэглямэнтуюць, напрыклад, выкарыстаньне замежнай дапамогі на выданьне праваабарончых кніг. Паводле дэкрэту, такія выдаткі павінны «праходзіць праз узгадненьне з прэзыдэнтам», — заявіў сьведка.

Юрыст Уладзімер Лабковіч

Юрыст Уладзімер Лабковіч

«Немагчыма ўявіць, каб Лукашэнка ўхваліў выкарыстаньне замежнай дапамогі на друк падручнікаў для незалежных назіральнікаў на выбарах прэзыдэнта. У Беларусі кантралююцца як выбары, так і выкарыстаньне гуманітарнай дапамогі, нават адпаведны дэпартамэнт дзейнічае пры Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта. У гэтай сыстэме проста няма месца грамадзянскай ініцыятыве», — кажа Ўладзімер Лабковіч.

Адсюль зразумела, чаму Чаўко ня памятае, каб нехта ў Беларусі рэгістраваў у ягоным дэпартамэнце дапамогу ад Швэдзкага Хэльсынскага камітэту і іншых замежных праваабарончых арганізацыяў, якія фігуруюць у справе. Зразумела таксама, чаму Бяляцкі і цэнтар «Вясна» ў ягоны дэпартамэнт не зьвярталіся.

Словы Леаніда Чаўко пра тое, што замежная дапамога вызваляецца ад падаткаў толькі паводле рашэньня прэзыдэнта, выклікалі сьмех у залі.

А ці магчыма ў прынцыпе атрымаць замежную дапамогу для праваабарончай дзейнасьці? — спытаўся ў сьведкі пракурор. Не, — адказаў Чаўко. Падобнага роду праекты ў прынцыпе ня могуць быць зарэгістраваныя ў ягоным дэпартамэнце. Гэта прадугледжана нормамі дэкрэту прэзыдэнта № 24 «Аб атрыманьні і выкарыстаньні замежнай бязвыплатнай дапамогі», якія забараняюць выкарыстоўваць замежнае фінансаваньне для «падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў, рэфэрэндумаў, арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый, пікетаваньня, забастовак, вырабу і распаўсюджваньня агітацыйных матэрыялаў, а таксама для правядзеньня сэмінараў і іншых формаў палітычнай і агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва». Хоць «Вясна» і не займаецца палітычнай дзейнасьцю, але назіраньне за выбарамі, праваабарончыя сэмінары і сходы — якраз сярод найважнейшых кірункаў яе дзейнасьці.

Міжнародная назіральная місія Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў справаздачы па выніках другога дня працэсу расцаніла сьведчаньні Чаўко як імкненьне ўладаў «крыміналізаваць праваабарончую дзейнасьць у краіне і выпхнуць яе за рамкі прававога поля, што ёсьць відавочным парушэньнем міжнародных абавязаньняў Беларусі ў рамках АБСЭ і ААН».

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG