Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. L. Нобэлеўская намінацыя


Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Бяляцкага вылучалі кандыдатам на Нобэлеўскую прэмію міру ў 2006 і 2007 гадах. Гэта рабілі дэпутаты парлямэнту Нарвэгіі, якія такім чынам хацелі адзначыць праваабарончую дзейнасьць Алеся і «Вясны», а таксама прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасьці да рэпрэсій у Беларусі, асабліва пасьля разгону Плошчы 2006-га. У 2007-м Бяляцкага ўключылі ў шорт-ліст з шасьці намінантаў.

Трэцяе вылучэньне Алеся адбылося пасьля ягонага арышту. Вылучэньне зьняволеных праваабаронцаў на Нобэлеўскую прэмію міру — не навіна. Пяць дысыдэнтаў сталі ляўрэатамі гэтай прэміі, калі знаходзіліся ў вязьніцы, канцлягеры, пад хатнім арыштам: антыфашыст Карл фон Асецкі (Нямеччына, 1935), навуковец і праваабаронца Андрэй Сахараў (СССР, 1975), Лех Валэнса (Польшча, 1983), змагары за правы чалавека Аун Сан Су Джы (Бірма, 1991), Лю Сяо-бо (Кітай, 2010).

Права на вылучэньне кандыдатаў на гэтую прэмію маюць сябры нацыянальных парлямэнтаў і ўрадаў, сябры нарвэскага Нобэлеўскага камітэту міру, рэктары і прафэсары ўнівэрсытэтаў, сябры шэрагу міжнародных інстытутаў, ляўрэаты прэміі папярэдніх гадоў і іншыя асобы.

Да 1 лютага 2012 году, тэрміну, калі завяршаецца вылучэньне намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру, Алеся Бяляцкага намінавалі 190 дэпутатаў польскага Сэйму і Сэнату, 5 дэпутатаў украінскай Вярхоўнай Рады, на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы былі сабраныя намінацыі на вылучэньне Алеся яшчэ ад 41 дэпутата нацыянальных парлямэнтаў з 27 краінаў кантынэнту. Асобныя намінацыі Бяляцкага накіравалі ў Нобэлеўскі камітэт дэпутаты парлямэнтаў Чэхіі, Славаччыны, Нарвэгіі, а таксама прэм’ер-міністар Славаччыны Івэта Радзічава. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2003 году з Ірану Шырын Эбадзі даслала свой намінацыйны ліст на Алеся ў Осла 31 студзеня экспрэс-поштай.

Польскі дэпутат Анджэй Галіцкі, прэзэнтуючы 27 студзеня ў Сэйме ініцыятыву намінаваць Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру, заявіў:

* Прапанова аб Нобэлеўскай прэміі Алесю Бяляцкаму // [Сайт Парлямэнцкага клюбу Грамадзянскай плятформы]
«У Эўропе няма месца Гулагам. Той, хто ёсьць дэмакратам і эўрапейцам, павінен актыўна супрацьстаяць таму, што адбываецца ў Беларусі. Ніводзін дэмакрат і эўрапеец ня можа быць абыякавы да існаваньня Гулагу ў Эўропе. Алесь Бяляцкі сымбалічна прадстаўляе ўсіх рэпрэсаваных у Беларусі. Мы памятаем, як мы ганарыліся, якія мы былі шчасьлівыя, калі Данута Валэнса атрымлівала Нобэлеўскую прэмію, бо сам Лех Валэнса быў зьняволены, інтэрнаваны. Тады мы адчулі руку, пададзеную вольнымі грамадзтвамі Эўропы і сьвету. Цяпер мы абавязаныя падаць руку беларускаму грамадзтву, грамадзянам Беларусі, якія так моцна чакаюць чагосьці відавочнага — звычайнай свабоды, звычайнай справядлівасьці. Адзінай віной Алеся Бяляцкага было тое, што ён быў занадта ўразьлівы, каб не дапамагаць ахвярам рэжыму»*.

У кастрычніку 2011 году ў Беларусі быў створаны грамадзкі камітэт падтрымкі вылучэньня Алеся Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію міру, у які ўвайшлі многія грамадзкія дзеячы, у тым ліку ягоныя калегі зь «Вясны», старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, расейская праваабаронца Людміла Аляксеева, кіраўнік арганізацыі Freedom House Дэйвід Крэймэр.

Адзін зь сяброў гэтага камітэту Валянцін Стэфановіч зазначыў, што разглядае гэтую намінацыю як дадатковую акцыю ў абарону Бяляцкага, яшчэ адно дзеяньне дзеля ягонага вызваленьня.

Усяго на Нобэлеўскую прэмію міру 2012 году разам зь Бяляцкім быў вылучаны 231 намінант, 188 асоб і 43 арганізацыі з усіх куткоў сьвету. Сярод іх яшчэ адзін палітвязень — Юлія Цімашэнка, экс-прэм’ер ураду Ўкраіны, былы прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан, былы канцлер ФРГ Гельмут Коль, амэрыканскі салдат Брэдлі Мэнінг, якога абвінавачваюць у выдачы сакрэтных дакумэнтаў для сайту WikiLeaks, прэзыдэнт Тунісу Мунсыф Марзукі, дысыдэнты з Кубы Асвальда Пая і Ёані Санчэс. Сярод вылучаных на прэмію арганізацыяў — Эўразьвяз, расейскі Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял», тэлеканал «Аль-Джазіра».

Каму дастанецца прэмія, стане вядома ў кастрычніку 2012 году. Калі яе прысудзяць Алесю Бяляцкаму, ён стане першым беларускім нобэлеўскім ляўрэатам.

Справа Алеся Бяляцкага. Зьмест

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG