Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XLV. Дэбаты


Суд над Бяляцкім у поўным складзе: судзьдзя, адвакат, перакладчыца, сакратарка, пракурор

Суд над Бяляцкім у поўным складзе: судзьдзя, адвакат, перакладчыца, сакратарка, пракурор

23 лістапада 2011. Суд. Дзень сёмы. Дэбаты


Назіраючы за дэбатамі і рэплікамі бакоў на палітычных працэсах у Беларусі, заўважаеш, што пракуроры нібыта ня чуюць довадаў падсудных і адвакатаў, не зьвяртаюць увагі на іх заўвагі і высновы. А судзьдзя чуе толькі адзін бок — пракурора. Так было і на працэсе Бяляцкага. Пракурор у дэбатах фактычна паўтарыў сваё абвінавачаньне, аргумэнтуючы яго здабытымі ў ходзе працэсу доказамі і не зьвяртаючы ўвагі на тыя доказы, абставіны і сьведчаньні, якія апраўдвалі падсуднага.

Ад пракурораў у судах і не чакаюць нічога добрага, ад іх у дэбатах чакаюць адказу на адно пытаньне: «Колькі?» — колькі гадоў зьняволеньня запатрабуе ён для падсуднага?

Частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паводле якой абвінавачвалі Бяляцкага, прадугледжвае самыя розныя віды пакараньня. У пракурора быў выбар, ён мог «запатрабаваць» для Алеся «хімію» (абмежаваньне свабоды) — да пяці гадоў, але мог бы і два-тры, бо санкцыя дазваляе. Мог бы запатрабаваць пазбаўленьня волі па мінімуму — тры гады, Алесь жа не рэцыдывіст. Мог бы прапанаваць ня ўзмоцнены, а агульны рэжым адбыцьця пакараньня. Мог бы адмовіцца ад канфіскацыі маёмасьці...


Пракурор: 5 гадоў з канфіскацыяй


Пракурор перад выступам

Пракурор перад выступам

Пракурор Сайкоўскі ў дэбатах выступаў каля 20 хвілін. Гэтага часу яму хапіла, каб зрабіць выснову: «Доказаў, дасьледаваных у судзе, у сукупнасьці дастаткова для прызнаньня Бяляцкага вінаватым». І яшчэ: «Сапраўднасьць банкаўскіх дакумэнтаў не выклікае сумненьняў. Тое, што на іх няма пячатак і подпісаў, неістотна». Гэтак ён адказаў на закіды абароны наконт неправамоцнасьці незавераных банкаўскіх раздруковак.

Усе сумнеўныя з пункту гледжаньня абароны дакумэнты ён прызнаваў праўдзівымі, тлумачэньні Бяляцкага і ягонага адваката — спробамі ўхіліцца ад адказнасьці. Праваабарончы цэнтар «Вясна» Сайкоўскі назваў «неправамоцнай арганізацыяй, якая ня можа ўплываць на выкананьне абавязку аплаты падаткаў грамадзянінам Бяляцкім».

Адказваючы на пытаньне судзьдзі: «Ці зьяўляюцца сродкі, якія паступалі на рахункі Алеся Бяляцкага, прыбыткамі?», пракурор спаслаўся на Падатковы кодэкс, паводле якога павінны абкладацца падаткам усе даходы, якія прыйшлі з-за мяжы. «Пад выключэньні выпадак зь Бяляцкім не падпадае», — заявіў ён.

Сайкоўскі дадаў, што ад ніводнай з замежных арганізацый-фундатараў не паступілі дакумэнты, якія пацьвярджалі б, што Бяляцкі не павінен плаціць падаткі з атрыманых грошай.

«Такім чынам, устаноўлена, што расходаваньне грошай на літоўскім і польскім рахунках ажыцьцяўлялася Бяляцкім на ўласнае меркаваньне, і гэтыя грошы адносяцца да ягоных прыбыткаў», — заявіў пракурор і папікнуў Алеся:

«Асаблівай увагі заслугоўвае асоба Бяляцкага. Ён нават не абцяжарваў сябе сумленнасьцю ў аплаце падаткаў, у той жа час карыстаецца ўсімі сацыяльнымі выгодамі. Ён меў магчымасьць легальна дзейнічаць ад імя сваёй арганізацыі, бо парушэньні, за якія яна была закрытая, зьяўляюцца папраўнымі».

Заявы Бяляцкага, што крымінальная справа супраць яго інсьпіраваная КДБ, абвінаваўца ацаніў як ягоны піяр: «Меркаваньне пра тое, што органы дзяржбясьпекі перасьледуюць яго за праваабарончую дзейнасьць, зьяўляецца меркаваньнем і жаданьнем прыцягнуць да сабе ўвагу. Гэты зварот быў адрасаваны ня столькі суду, колькі прысутным у залі».

Сайкоўскі заявіў, што акалічнасьцяў, якія зьмякчаюць віну Бяляцкага, няма.

Выснова пракурора была жорсткая:

«Прашу прызначыць Бяляцкаму пакараньне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці».

Прысутныя ў залі былі прыгаломшаныя.

Кіраўнік расейскага Праваабарончага цэнтру «Мэмарыял» Алег Арлоў па выніках працэсу заявіў, што справа Бяляцкага ў прынцыпе развалілася, сьледзтва адкрыта парушала законы і рабіла падтасоўкі, спадзеючыся, што суд будзе на ягоным баку. Патрабаваньне пракурора спадар Арлоў ацаніў як драконаўскую меру: «Яго на адзін дзень няма за што садзіць. І вось ні за што чалавек зараз можа атрымаць 5 гадоў».


Адвакат: Апраўдаць!


Адвакат рыхтуецца да выступу

Адвакат рыхтуецца да выступу

Зьміцер Лаеўскі выступаў у дэбатах паўтары гадзіны, абагульняючы доказы ў абарону Бяляцкага, выяўленыя і агучаныя ў ходзе працэсу. Ён унікаў ва ўсе юрыдычныя хібы крымінальнай справы. Адвакат яшчэ раз зьвярнуў увагу суду на тое, што банкаўскія дакумэнты з Польшчы і Літвы ня маюць доказнага значэньня; што само абвінавачаньне было складзена неканкрэтна — не былі пазначаныя пэўныя арганізацыі, ад якіх паступалі сродкі, памеры сродкаў; што абвінавачаньне было сфармулявана агульнымі словамі, а гэта парушае правы абвінавачанага, бо немагчыма абвяргаць няпэўныя прэтэнзіі.

Адвакат дадаў: абарона прадставіла дакумэнт, які сьведчыць, што літоўскі бок прызнаў перададзеныя раней зьвесткі несапраўднымі. «Гэта адзіны ва ўсёй крымінальнай справе дакумэнт, завераны службовай асобай і гербавай пячаткай», — заўважыў абаронца.

Адвакат таксама зазначыў, што частка матэрыялаў справы — ананімныя звароты, а гэта супярэчыць Крымінальна-працэсуальнаму кодэксу; шэраг расьпісак увогуле не адносіцца да справы, і гэта «стварае ў суду ілжывае ўражаньне пра наяўнасьць нейкай доказнай базы». Адвакат заявіў, што грошы, якія прыходзілі на рахункі Бяляцкага, не былі даходамі Алеся, а атрымліваліся для праваабарончай дзейнасьці, у тым ліку для дапамогі рэпрэсаваным. На спасылку пракурора на Падатковы кодэкс адвакат адказаў цытатай з гэтага ж дакумэнту:

«Да аб’ектаў падаткаабкладаньня не адносяцца сродкі, атрыманыя ад адной асобы іншай для выкананьня пэўных абавязкаў ці перадачы трэцім асобам».
Да аб’ектаў падаткаабкладаньня не адносяцца сродкі, атрыманыя ад адной асобы іншай для выкананьня пэўных абавязкаў ці перадачы трэцім асобам

Адвакат дадаў, што сьледзтва і суд ня выявілі фактаў атрыманьня Бяляцкім эканамічнай выгады ад гэтых сум, бо за пэрыяд, да якога адносіцца абвінавачаньне, Бяляцкі не набываў ніякай маёмасьці, якая не была б пацьверджаная ягонымі задэкляраванымі даходамі. Лаеўскі падкрэсьліў, што ў справе адсутнічаюць прыкметы ня толькі інкрымінаванага Алесю складу злачынства, але і грамадзка небясьпечнага дзеяньня як такога.

Адвакат заявіў таксама пра бяздоказнасьць прадстаўленых у суд актаў падатковай праверкі, а таксама выказаў сумнеў у мэтазгоднасьці выкліку ў якасьці сьведак шэрагу дапытаных у судзе службовых асоб. У той жа час адвакат заўважыў, што большасьць зь іх усё роўна давалі паказаньні на карысьць падсуднага. Урэшце адвакат згадаў прынцып прэзумпцыі невінаватасьці і спаслаўся на Пасланьне прэзыдэнта РБ аб пэрспэктывах разьвіцьця сыстэмы судоў краіны, дзе ў якасьці аднаго з напрамкаў удасканаленьня крымінальнага судаводзтва называлася «выключэньне фактаў неабгрунтаванага асуджэньня»:

«Мой падабаронны — такі ж чалавек, як і любы іншы грамадзянін Рэспублікі Беларусь. І таму ён мае права на тое, каб і ў дачыненьні да яго Закон па дадзенай справе ўжываўся так, як гэты Закон напісаны, і „без купюр“. Пракуратура, закліканая сачыць за выкананьнем Закону, ня проста заняла іншую пазыцыю, але і дапусьціла ўзбуджэньне, а пасьля і накіраваньне гэтай справы ў суд. Справы, якая расьсьледавалася цэлай сьледчай групай з чатырох дасьведчаных сьледчых. Справы, у якой, па вялікім рахунку, акрамя некалькіх нікім не засьведчаных старонак тэксту зь літарамі і лічбамі, якія мы тут называем банкаўскімі выпіскамі аб руху сродкаў, нічога і няма».

Усё гэта — падставы для таго, каб вынесьці апраўдальны прысуд, — заявіў Лаеўскі:

«Прашу апраўдаць Бяляцкага па прад’яўленым абвінавачаньні ў поўным аб’ёме, адмовіць у задавальненьні грамадзянскага пазову, скасаваць арышт, накладзены на маёмасьць, якая зьяўляецца агульнай сумеснай уласнасьцю Бяляцкага і Пінчук».

Напаміны адваката пра аб’ектыўнасьць і спаборнасьць бакоў у працэсе, пра абавязак сьледзтва і суду зьбіраць зьвесткі, якія апраўдваюць абвінавачанага, нарэшце — пра прэзумпцыю невінаватасьці сьведчылі, што ён добра разумее фактычны стан беларускага правасудзьдзя, якое забыла гэтыя прынцыпы і ператварылася ў рэпрэсіўны мэханізм улады. Калі б судзьдзя прыслухаўся да аргумэнтаў адваката, калі б мэханізм раптам даў збой, гэта сталася б нейкім цудам, сэнсацыяй. У гуманнасьць беларускіх судоў у палітычна матываваных справах ніхто ня верыць. Ня верыў і сам Бяляцкі.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG