Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXІ. Брама ляяльнасьці


Чарга ў судовую залю на працэс Бяляцкага

Чарга ў судовую залю на працэс Бяляцкага

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

10 лістапада 2011. Суд. Дзень чацьвёрты. «Вясна» ў цэнтры ўвагі


Судовы канвэер 2011-га ўлады наладзілі па поўнай праграме: «варанкі» з суправаджэньнем, клеткі, куды гэтыя варанкі заяжджалі, канвойныя калідоры і клеткі ў судовых залях. Асобная сыстэма бясьпекі — для наведнікаў: кардон з мэталашукальнікамі на ўваходзе ў суд, такі ж кардон на ўваходзе ў залю, запіс пашпартных зьвестак, здымкі на відэа кожнага, праверка рэчаў і адзеньня, нават распрананьне, калі западозраць, што нехта хоча на сабе пранесьці плякат ці майку з надпісам у падтрымку палітвязьняў.

У калідорах утваралася жудасная цісканіна, бо людзей не пускалі ў залю, пакуль не прывязуць падсудных і ня будзе каманды.
Цісканіна ў судовым калідоры на працэсе Андрэя Саньнікава

Цісканіна ў судовым калідоры на працэсе Андрэя Саньнікава


Адміністрацыя судоў вызначыла чарговасьць пропуску ў залю: адвакаты падсудных, замежныя дыпляматы, сваякі падсудных, журналісты… Суровыя міліцыянты і пераапранутыя спэцназаўцы на крайніх месцах кожнага шэрагу лаваў кантралявалі паводзіны публікі. Апрача таго, каб зьменшыць колькасьць прыхільных для палітвязьняў твараў, палову залі запаўнялі навучэнцамі юрфаку ці ПТВ, «бээрэсэмаўцамі», як іх называлі іншыя. «Бээрэсэмаўцы» не рэагавалі на ўшчуваньні сваякоў падсудных, не прадстаўляліся, толькі некаторыя казалі, што іх зьнялі з заняткаў і прывялі ў суд на практыку. Яны сядзелі з запалоханымі тварамі і пустымі вачыма, а праз гадзіну-другую працэсу, які іх не цікавіў, палова зь іх адкрыта спала. А ў калідоры заставаліся людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязьняў і якім не хапіла месца. «Падсадных» заводзілі ў залю празь дзьверы для канвою, каб не сутыкаліся са звычайнай публікай. Гэтаксама праз канвойны ўваход перад пачаткам працэсу Бяляцкага ў залю ўпусьцілі журналістаў афіцыйных тэлеканалаў. Як распавядаў мне праваабаронца Павал Левінаў, напаўненьнем залі, праверкамі, прапускным рэжымам на працэсе іншага палітвязьня — Сяргея Каваленкі — кіраваў адмысловы супрацоўнік КДБ, які сядзеў у асобным пакоі на другім паверсе суду.

Брама ляяльнасьці


10 лістапада, на чацьвёрты дзень працэсу, працэдуры на ўваходзе ў суд сталі яшчэ больш жорсткімі, кантроль узмацніўся. Міліцыянты не дапускалі нікога ў футболках з партрэтам Бяляцкага ці з плякатамі. У каго іх знаходзілі пад швэдрам — прымушалі зьняць. Таго, хто здолеў адбіцца ад распрананьня і зьняў свой швэдар у залі, застаўшыся ў крамольнай майцы, выводзілі сілай. Гэтак, у прыватнасьці, здарылася са старшынёй камітэту «Салідарнасьць» Інай Кулей, якую выдалілі да канца працэсу Бяляцкага.

Пільна правяралі зьмесьціва торбаў, перакладваючы кожную паперку. Прычым тых, хто ішоў у суд на іншыя працэсы, не чапалі, часам і праз «рамку» не прымушалі праходзіць. Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак мусіў зьняць футболку з партрэтам Бяляцкага пасьля дзьвюх няўдалых спробаў прабіцца ў залю.

З-за ўзмоцненых захадаў бясьпекі праверка зацягнулася. На пачатак не змаглі трапіць многія праваабаронцы і палітыкі, у тым ліку Вінцук Вячорка, Павал Левінаў, Зьміцер Салаўёў, Валеры Кавалеўскі. Яны зьвярнуліся да старшыні суду Маскоўскага раёну Менску са скаргаю на дзеяньні аховы, якая зацягвала праверку. Старшыня суду ўрэшце дазволіла ім прайсьці ў залю.

Замежныя праваабаронцы расцанілі гэтыя перашкоды як «неапраўданае абмежаваньне доступу ў суд, якое ёсьць празьмерным і парушае прынцып даступнасьці і адкрытасьці судовых пасяджэньняў». Выснова Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі была наступная: «Беспрэцэдэнтныя меры бясьпекі, прынятыя на пасяджэньні 10 лістапада, ня маюць іншага тлумачэньня, акрамя імкненьня ўладаў стварыць дадатковыя перашкоды для назіральнікаў і іншых зацікаўленых асобаў, якія жадаюць трапіць на судовы працэс».

Узмоцненыя захады аховы былі выкліканыя тым, што ў папярэднія дні зрабіць працэс «стэрыльным» так і не ўдалося, людзі ўсё роўна праходзілі ў судовую залю з партрэтамі Бяляцкага, і гэта мела розгалас. Але і новыя захады плёну не далі. Крамольныя футболкі ці плякаты праносілі ў залю да канца працэсу.

Алеся Бяляцкага прывялі на судовае пасяджэньне. Канваір здымае кайданкі. Фота Тацяны Равяка

Алеся Бяляцкага прывялі на судовае пасяджэньне. Канваір здымае кайданкі. Фота Тацяны Равяка



Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.

XS
SM
MD
LG