Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XIV. Турэмная сыстэма Беларусі


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Алесь Бяляцкі і да свайго зьняволеньня ўяўляў, што такое беларуская турма. «Вясна» праводзіла дасьледаваньне пэнітэнцыярнай сыстэмы, атрымлівала лісты вязьняў. У 2007–2008 гадах «Вясна» разам зь Міжнароднай фэдэрацыяй правоў чалавека правяла і надрукавала асобным выданьнем маніторынг «Умовы ўтрыманьня пад вартай у Рэспубліцы Беларусь».

Для падрыхтоўкі дакладу было зроблена шмат інтэрвію з былымі зьняволенымі, іх сваякамі, адвакатамі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў. Нягледзячы на запыты ў міністэрствы, місія МФПЧ не атрымала магчымасьці сустрэцца з прадстаўнікамі ўладаў і наведаць месцы зьняволеньня.

Праваабаронцы тады зрабілі сумныя высновы — падсудных і асуджаных сыстэматычна пазбаўляюць прававой абароны, яны церпяць ад перанаселенасьці камэр, адсутнасьці ложкаў, душа, прагулак, ад нізкай якасьці ежы і вады. У турмах высокая вільготнасьць, нізкія тэмпэратуры ў камэрах зімой і высокія ўлетку, вязьні рызыкуюць захварэць на сухоты, якія сталіся сапраўдным бічом беларускіх турмаў.

Прадстаўнікі місіі атрымалі сьведчаньні пра катаваньні, выпадкі жорсткага і нялюдзкага абыходжаньня зь вязьнямі, зьбіцьця і зьнявагаў падчас сьледзтва і зьняволеньня.

Місія заявіла, што ўмовы перавозкі падсудных і асуджаных, так званыя этапы — вельмі цяжкія. Гэта сапраўднае катаваньне, калі вязьні могуць быць пазбаўленыя ежы і вады на працягу некалькіх дзён запар.

Справаздача зафіксавала стан на 2008 год. Гэта быў пачатак нядоўгай лібэралізацыі. У 2010–2011 гадах сытуацыя не зьмянілася, а ў дачыненьні да палітычных зьняволеных яшчэ пагоршылася. Супраць Андрэя Саньнікава, як распавядала ягоная жонка Ірына Халіп, выкарыстоўвалі рознага роду правакацыі ў камэрах, двойчы яго вазілі па доўгіх этапах з турмы ў турму ў розныя канцы Беларусі. Пра катаваньні вязьняў Плошчы-2010 у СІЗА КДБ заявіў экс-кандыдат у прэзыдэнты краіны Алесь Міхалевіч, пра гэта ж казалі іншыя былыя зьняволеныя.

Студэнт-эканаміст Фёдар Мірзаянаў, пасьля таго як Лукашэнка пад ціскам Захаду вызваліў яго з турмы, ужо зьехаўшы вучыцца ў Польшчу, апублікаваў свой турэмны дзёньнік:

Фёдар Мірзаянаў падчас суду

Фёдар Мірзаянаў падчас суду

«Я знаходзіўся ў «камэры катаваньняў» № 69 СІЗА № 1 гораду Менску. У камэры былі 22 чалавекі, у той час як яна разьлічаная на 13 месцаў. Плошча камэры складала ня больш за 12 квадратных мэтраў. У памяшканьне не пранікала дзённае сьвятло. На вокнах стаялі «расьнічкі». У камэры існавала блатная герархія. Так званы «смотрящий» разьмяркоўваў спальныя месцы ў камэры, загадваў кожнаму сукамэрніку, чым той будзе займацца. Не паслухацца было немагчыма, таму што яго падтрымлівалі набліжаныя «блатныя». На мяне чыніўся маральна-псыхалягічны ціск зь першай хвіліны знаходжаньня ў камэры. «Смотрящий» адкрыта выказваўся, што ён ненавідзіць палітычных зьняволеных. У мой адрас дзясяткі разоў гучалі пагрозы фізычнай расправы. «Смотрящий» казаў, што за мае погляды мяне трэба забіць. У гэтым яго падтрымлівалі набліжаныя. «Смотрящий» за камэрай раней адбываў пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі. Яго знаходжаньне ў камэры з падсьледнымі, якія раней не адбывалі пакараньня ў месцах пазбаўленьня волі, было грубым парушэньнем закону. Да таго ж ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на працягу двух з паловай гадоў. Гэта вельмі незвычайна і можа паказваць на тое, што ён быў агентам КДБ і займаўся выбіваньнем паказаньняў з асуджаных. Ён шмат разоў казаў мне, што не існуе ў прыродзе людзей, якія не дадуць прызнаўчых паказаньняў пасьля катаваньняў. Гаварылася гэта як жарт. Мне давалі ляжаць на нарах ня больш за 8 гадзін на дзень. Заснуць было вельмі цяжка, таму я спаў па 3–4 гадзіны на дзень...
Зьмест лістоў, якія я адпраўляў з камэры, перадаваўся «смотрящему» камэры

Абразы і пагрозы можна было чуць ледзьве не штохвіліны. Падчас сустрэчы з адвакатам 17 сакавіка я зьвярнуўся да яго з просьбай аб дапамозе. Хутчэй за ўсё, наша размова з адвакатам праслухоўвалася, таму што ўжо на наступны дзень «смотрящий» заявіў, што ён ведае, пра што я гаварыў з адвакатам, і папярэдзіў, што мне гэта не дапаможа, бо ў яго ёсьць сувязі ў адміністрацыі сьледчага ізалятара. 22 сакавіка маім сукамэрнікам стала вядома пра артыкул, апублікаваны на сайце «Беларускі партызан», пра «камэры катаваньняў». Мне сталі пагражаць згвалтаваньнем і забойствам. Празь некалькі гадзін мяне вывелі з камэры і прывялі да супрацоўніка апэратыўна-рэжымнага аддзелу сьледчага ізалятара, капітана. Ён не прадставіўся. Мне было сказана, што ў інтэрнэце зьявіўся артыкул пра «камэру катаваньняў» і мяне лічаць крыніцай. Мяне папярэдзілі, што мне будзе кепска, калі я не напішу заяву на імя начальніка сьледчага ізалятара, у якой будзе пазначана, што я ня маю прэтэнзій да сваіх сукамэрнікаў і супрацоўнікаў сьледчага ізалятара. Я пагадзіўся, бо ў мяне не было выйсьця. Зьмест лістоў, якія я адпраўляў з камэры, перадаваўся «смотрящему» камэры. Ён ведаў, што і каму я пішу. 24 сакавіка пасьля таго, як я напісаў у лісьце, што ўчыню самагубства, калі мяне не перавядуць у іншую камэру, мяне выклікаў на размову начальнік апэратыўна-рэжымнага аддзелу, маёр. Ён сказаў, што мяне перавядуць у іншую камэру, і папрасіў, каб у СМІ не зьяўлялася інфармацыі пра ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары. Мяне перавялі ў камэру з нармальнымі ўмовамі ўтрыманьня».
Прэзэнтацыя справаздачы пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, 2008 год. Сакратар Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Луіс Гільерма Пэрэс, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Фота з сайту vytoki.net

Прэзэнтацыя справаздачы пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, 2008 год. Сакратар Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Луіс Гільерма Пэрэс, Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч. Фота з сайту vytoki.net


У верасьні 2008 году, прадстаўляючы справаздачу пра ўмовы ўтрыманьня ў беларускіх турмах, Алесь Бяляцкі казаў пра катаваньні:

«Зьява рэальна існуе. Прычым на розных этапах зьняволеньня. Умовы ўтрыманьня не адпавядаюць ніякім міжнародным канвэнцыям, нават мінімальным стандартам утрыманьня зьняволеных. Гэтая сыстэма будуецца яшчэ на той сталінскай структуры пакараньняў, якая была запушчаная ў 1920–30-я гады»*.

Ці зазнаў Алесь на ўласнай скуры падобныя катаваньні, на сёньня — вялікая турэмная таямніца. У дасланым мне ў чэрвені 2012 году лісьце ён аднёс да найбольш складаных момантаў зьняволеньня першыя трое сутак пасьля затрыманьня і этап з Жодзінскай турмы ў Менск: «Прычым першы эпізод быў складаны псыхалягічна, а другі — фізычна і псыхалягічна». А яшчэ цяжка было перажыць у турме сьмерць бацькі: «У мяне застаецца непраходзячае пачуцьцё віны, што апошнія месяцы ягонага жыцьця, калі стала вядома, што ён хворы, мяне не было побач».

У 2005 годзе Бяляцкі разам з былым палітвязьнем Аляксандрам Васільевым наведаў турму ў Беластоку, дзе абодвум удалося ўпэўніцца, як мяняецца ў кірунку гуманізацыі пэнітэнцыярная сыстэма Польшчы, як абароненыя правы вязьняў ад гвалту, наколькі ў горшы бок ад польскіх адрозьніваюцца бытавыя, санітарныя ўмовы ў беларускіх ізалятарах і калёніях. Васільеву, які сядзеў у аршанскай турме, было з чым параўнаць.

Свае ўражаньні ад той паездкі Алесь выклаў у сваёй кнізе «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера»:
Алесь Бяляцкі на экскурсіі ў Беластоцкай турме

Алесь Бяляцкі на экскурсіі ў Беластоцкай турме


Алесь Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера. Менск, 2006. С. 103
«„Ад астрогу няма перасьцярогу“, — так казалі нашыя продкі. Туды, тым болей сёньня ў сучаснай Беларусі, можа трапіць кожны з нас. Польская сыстэма зьняволеньня перабудоўваецца згодна зь міжнароднымі стандартамі ўтрыманьня вязьняў. Працэс, які пачаўся ў 1989 годзе разам са зьменай камуністычнай улады, пасьпяхова ідзе наперад. У беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме засталіся ўсе рысы, закладзеныя яшчэ ў сталінскія часы, калі жыцьцё чалавека не каштавала нават і шэлега».

Славамір Адамовіч па выхадзе з турмы. 1997 год

Славамір Адамовіч па выхадзе з турмы. 1997 год

Былы палітвязень, паэт Славамір Адамовіч знаёмы з парадкамі ў беларускіх турмах на ўласным досьведзе:

«Сыстэма адносінаў у турме паміж арыштаванымі альбо зьмешчанымі пад варту і яшчэ не асуджанымі і турэмнай адміністрацыяй цягнецца з часоў СССР, сымбалем якіх стаў 1937 год. Гэта ня можа лёгка зьнікнуць, а тым больш у нашай краіне, дзе кіраўнік абвясьціў сваім абавязкам закансэрваваць парадкі, якія былі ў Савецкім Саюзе. Тады сыстэма называла крымінальнікаў „папутчыкамі“, а палітычныя былі для яе сапраўднымі ворагамі. Палітычныя застаюцца ворагамі і для сыстэмы сёньняшняй. Пры захаваньні крымінальнай псэўдамаралі адміністрацыі лягчэй кіраваць усім кантынгентам арыштантаў. З другога боку, чакаць зьменаў у асобным грамадзкім сэгмэнце, турмах, не выпадае, таму што грамадзтва на волі не мяняецца. Зьмены і там, і там магчымыя толькі са зьменай палітычнага рэжыму».

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG