Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Ноч на роздум. Вынікі


У гушчарах, затканых імглою,
шэрым змрокам, на золку, ў зару
ахвяруем Табе мы сабою
кожны дзень, кожны час, Беларусь.
І няма ў сэрцах жаху, ні жалю,
мы адвагай змагарнай гарым:
не чужыя жануць нас удалеч,
але Ты нас вядзеш да зары.
І мы верым, яна разгарыцца,
ўстане зноў над краінаю дзень,
бо ня стане змагар, не скарыцца
прад нягодай ніколі, нідзе.
Хмараў дым над абшарамі тае,
вецер дыхае мятай, быльлём.
Беларусь, Беларусь залатая,
за Цябе, за Цябе мы ідзём!
Натальля Арсеньнева. 1958 год.


Апошні разьдзел гэтай кнігі — пра вынікі і наступствы справы Бяляцкага — жыцьцё будзе дапісваць і пасьля таго, як аўтар паставіць кропку. Асэнсаваньне гэтай справы, яе ўплыў на ўнутраную сытуацыю ў Беларусі і адносіны Беларусі з Захадам будуць трываць прынамсі да моманту вызваленьня Алеся Бяляцкага з турмы. Спадзяюся, што дачаснага, што яму не давядзецца чакаць волі чатыры з паловай гады, адмераныя судом.

Міжнародная рэакцыя


Вырак Бяляцкаму выклікаў пратэсты ва ўсім сьвеце. Вось толькі некаторыя загалоўкі паведамленьняў пра яго ў СМІ адразу пасьля абвяшчэньня прысуду беларускаму праваабаронцу:

The New York Times, ЗША: Беларускі праваабаронца засуджаны

* Michael Schwirtz. Belarus: Rights Activist Sentenced // The New York Times, 26.11.2011.
«Вядомы змагар за правы чалавека ў Беларусі засуджаны да чатырох з паловай гадоў турэмнага зьняволеньня пасьля працэсу за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, які заходнія ўрады асудзілі як палітычна матываваны»*.

Le Monde, Францыя: Апазыцыянэр Алесь Бяляцкі засуджаны на 4,5 года турмы

* L’opposant Ales Bieliatski condamné à quatre ans et demi de prison Biélorussie // Le Monde, 25.11.2011.
«Вярхоўны прадстаўнік у зьнешняй палітыцы Эўрапейскага Зьвязу Кэтрын Эштан і камісар ЭЗ у адносінах з краінамі-суседзямі Штэфан Фюле асудзілі „палітычны працэс“, зьвязаны з важнай працай спадара Бяляцкага на карысьць ахвяр рэпрэсій»*.

Gazeta Wyborcza, Польшча: Бяляцкі засуджаны

* Andrzej Poczobut. Bialacki skazany // Gazeta Wyborcza, 24.11.2011.
«Вырак Алесю Бяляцкаму стаўся выракам правам чалавека ў Беларусі, пацьвярджэньнем невыкананьня дзейным рэжымам асноўных стандартаў грамадзянскіх правоў і свабод, запісаных ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ААН», — адзначана ў заяве МЗС Польшчы*.


Кэтрын Эштан і Штэфан Фюле з нагоды арышту Алеся выступалі некалькі разоў. 24 лістапада яны назвалі прысуд Бяляцкаму «сымбалем уціску грамадзянскай супольнасьці, які ўзмацняецца пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году».

19 сьнежня 2011 году з нагоды першай гадавіны драматычных падзеяў у Менску Кэтрын Эштан і дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заклікалі Менск «да неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных, у тым ліку былых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Андрэя Саньнікава і Мікалая Статкевіча, а таксама праваабаронцы Алеся Бяляцкага».
Публікацыя ў «Official Journal of the European Union» аб увядзеньні санкцыяў Эўразьвязу супраць судзьдзі Бандарэнкі і пракурора Сайкоўскага за перасьлед Алеся Бяляцкага

Публікацыя ў «Official Journal of the European Union» аб увядзеньні санкцыяў Эўразьвязу супраць судзьдзі Бандарэнкі і пракурора Сайкоўскага за перасьлед Алеся Бяляцкага


У 2011 годзе сьпіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх дзейнічаюць візавыя і маёмасныя санкцыі Эўрапейскага Зьвязу, павялічыўся на шэсьць асобаў, вінаватых у перасьледзе Алеся Бяляцкага. У сьпіс увайшлі судзьдзя Бандарэнка, пракурор Сайкоўскі, міністар падаткаў і збораў Уладзімер Палуян, судзьдзя Менскага гарадзкога суду Ўладзімер Корнаў, які адхіліў скаргу адваката на пастанову Першамайскага суду аб утрыманьні Бяляцкага пад вартай, пракурор Вольга Герасімовіч, якая выступала супраць вызваленьня Бяляцкага на працэсе ў Менскім гарадзкім судзе, пракурор Максім Шастакоў, які перадаў справу Бяляцкага ў Першамайскі раённы суд Менску.

Рашэньнямі ад 10 кастрычніка і 16 сьнежня Рада Эўрапейскага Зьвязу ўключыла гэтых чыноўнікаў у сьпіс асобаў, чые актывы ў Эўразьвязе падлягаюць замарожваньню і каму забараняецца ўезд на тэрыторыю аб’яднанай Эўропы. У выніку такіх асобаў у Беларусі стала 210.

Пасьля прысуду Бяляцкаму Беларусь трапіла ў «чорны сьпіс» міжнароднай Абсэрваторыі ў абароне праваабаронцаў (The Observatory for the Protection of Human Rights Defenders) як краіна, у якой праваабаронцаў саджаюць у турмы.


Экспэрты: Вырак падлягае скасаваньню


Па сьлядах працэсу Бяляцкага юрысты далі нямала крытычных ацэнак працэсу і выраку. Спынюся на адной.

Амэрыканская асацыяцыя юрыстаў (American Bar Association, ABA) падрыхтавала і перадала ў Менскі гарадзкі суд сваё экспэртнае заключэньне, падпісанае адвакатам Ўолтэрам Ўайтам і прэзыдэнтам Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў Ўільямам Робінсанам.

У ім прызначэньне турэмнага зьняволеньня Бяляцкаму за нявыплату асабістага падаходнага падатку на сродкі, выкарыстаныя ад імя ягонай арганізацыі, названае «парушэньнем артыкула 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах»:

«Прызначэньне турэмнага зьняволеньня ёсьць парушэньнем права апэлянта на свабоду аб’яднаньняў, несувымернае ніякай законнай мэце… Апэлянт мае права згодна зь міжнародным правам на стварэньне аб’яднаньняў і збор сродкаў у падтрымку дзейнасьці арганізацыі. Беларусь ня можа накладаць якія-небудзь абмежаваньні на названыя правы, калі для гэтага няма неабходнасьці ў дэмакратычным грамадзтве; пры гэтым такія абмежаваньні павінны быць сувымерныя законным урадавым інтарэсам. Ускладаньне асабістай падатковай адказнасьці за грашовыя сродкі, ня выплачаныя апэлянту ў выглядзе заработнай платы, не спрыяе забесьпячэньню законных дзяржаўных інтарэсаў».

Паводле Амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў, уладам Беларусі не ўдалося давесьці, што прызначанае Бяляцкаму пакараньне — неабходнае ў дэмакратычным грамадзтве і сувымернае дзяржаўным інтарэсам. Само абвінавачаньне Бяляцкага названае «вынікам незаконнага рашэньня пра ліквідацыю ягонай арганізацыі «Вясна»:

* Гл. разьдзел «Дзіўны зварот пракурора».
«Вынесены яму прысуд парушае яго права на свабоду аб’яднаньняў у адпаведнасьці зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісаным Рэспублікай Беларусь, і таму падлягае скасаваньню», — такім чынам аўтарытэтная амэрыканская асацыяцыя, што існуе з 1878 году, аб’ядноўвае 410 тысяч юрыстаў і ўсталёўвае акадэмічныя стандарты для юрыдычных ВНУ ЗША, адказала і на закіды Лукашэнкі, што ў Амэрыцы за такое Бяляцкі «ня вылез бы з турмы»*.


Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG