Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXVІІІ. Алесь на Плошчы


Кастрычніцкая плошча Менску 19 сьнежня 2010 году

Кастрычніцкая плошча Менску 19 сьнежня 2010 году

Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Ноч на роздум. Чым «Вясна» зачапіла ўладу?



Не пужайся, што здрадныя хмары
Неба ўслалі з канца да канца,
Што свае цемната ўнесла чары,
Закружыўся груган над папарам:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Не пужайся, што лісьць пажаўцелы
Лес скідае з канца да канца,
Дый ня чуць птушак пеўчых дзень цэлы,
Прашмыгне толькі заяц нясьмелы:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Не пужайся, што бедная ніва
Апусьцела з канца да канца,
Што мужыцкай рукой нешчасьлівай
Неужоннае скончана жніва:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Не пужайся, што вольныя сілы
Ў путах дрэмлюць з канца да канца,
Што насільства ўсю праўду здушыла,
Што сьмерць густа капае магілы:
Яшчэ прыйдзе вясна!
Яшчэ прыйдзе!..
Янка Купала. 1908 год.

Гэтым вершам Янкі Купалы Алесь Бяляцкі адказваў на пытаньні журналістаў ці інтэрнэт-карыстальнікаў пра тое, калі ў Беларусь прыйдуць перамены да лепшага, калі ня будзе палітвязьняў, ня будзе пільнай патрэбы ў праваабаронцах ды ў ягонай «Вясьне». Словы клясыка жывілі і жывяць надзею, хоць рэчаіснасьць сее паняверку і стому.

У 2011 годзе Алесь казаў, што, ствараючы ў 1996 годзе праваабарончую арганізацыю «Вясна-96», ён не чакаў, што патрэба ў аб’яднаньні будзе такая працяглая і «Вясна» адзначыць свае 15-я ўгодкі. І яна адзначыла — арыштам свайго заснавальніка.

«Ён бараніў твае правы 15 гадоў — падумай пра яго хаця б 15 сэкунд», — такія банэры з партрэтам Алеся зьявіліся на многіх беларускіх сайтах.


Алесь на Плошчы


19 сьнежня 2010 году Алесь Бяляцкі быў на Плошчы. Спачатку на Кастрычніцкай, потым Незалежнасьці. Увесь дзень актывісты «Вясны» разам з прадстаўнікамі Хэльсынскага камітэту займаліся назіраньнем на выбарах прэзыдэнта, фіксавалі парушэньні, рыхтавалі выніковы даклад.

Бяляцкі камэнтаваў ход выбараў журналістам і замежным калегам-праваабаронцам. У офісе «Вясны» некалькі разоў адключаліся тэлефон і інтэрнэт, нейкі час не было электрычнасьці. Як сьведчыць Уладзімер Лабковіч, атмасфэра была напружаная. А 19 гадзіне ўваход у офіс атачыла «наружка», тры супрацоўнікі ў цывільным з рацыямі, якія адкрыта здымалі ўсіх, хто заходзіў у офіс і выходзіў зь яго, на відэа.

А восьмай гадзіне Бяляцкі пайшоў на Кастрычніцкую плошчу, куды зьбіраліся незадаволеныя выбарамі і Лукашэнкам.

«Мы ўсе тут вельмі скептычна ставіліся да магчымасьці шматлюднай Плошчы — і выявілі сябе кепскімі прагназістамі. За выключэньнем Алеся Бяляцкага, які казаў: „Хлопцы, будзе шмат народу“. Дзесьці ў 20:15 ён патэлефанаваў нам адтуль, з Плошчы, ён быў такі ўражаны, у такім захапленьні, якога я даўно ад яго ня чуў. Ён адчуваў, што краіна мянялася. Мы скептычна ставіліся да так званай лібэралізацыі, лічылі, што гэта гульня, што няма сыстэмных зьменаў, але адзначалі, што ёсьць нейкае паляпшэньне, якое можа паўплываць на грамадзтва. І вось менавіта так гэта ў той момант Бяляцкаму бачылася», — згадвае Ўладзімер Лабковіч.

Сам Лабковіч прыйшоў на плошчу Незалежнасьці пазьней і каля 22-й гадзіны сустрэўся зь Бяляцкім на ўчастку паміж Чырвоным касьцёлам і Домам ураду. Алесь суправаджаў праваабаронцаў з Нарвэгіі і Швэцыі, ніякіх бэджаў назіральнікаў на іх і на Алесю не было.

«Было бачна, што натоўп радзее, людзі пачалі разыходзіцца яшчэ да таго, як зьявіўся першы ланцуг спэцназу. Мы ня чулі, як білі шкло дзьвярэй Дома ўраду, гэта было далёка, мы толькі камэнтавалі гасьцям выступы лідэраў апазыцыі… Пазьней я з Алегам Гулаком падышоў туды, убачыў пабітыя шыбы, заўважыў кіраўніцтва менскай міліцыі, якое я добра ведаў з акцыяў апазыцыі. Мы з Гулаком іх спыталі: чаму не наводзіце парадак? У адказ тыя засьмяяліся і сказалі, што гэта ім не перашкаджае», — працягвае Ўладзімер Лабковіч.
Плошча Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году

Плошча Незалежнасьці 19 сьнежня 2010 году


Бяляцкі пайшоў паглядзець, што робіцца на ганку Дома ўраду, літаральна за 10 хвілін да «зачысткі». Лабковіч тым часам дапамагаў замежнікам вырвацца з абцугоў спэцназу, сувязі з Алесем у яго не было. Тым часам спэцназ запіхваў людзей у МАЗы-аўтазакі. Бяляцкаму ўдалося выратавацца. Як ён пазьней казаў Лабковічу, дубінкі спэцназу сьвісталі побач зь ім, але не зачапілі…

«Каля гадзіны ночы Алесь вярнуўся ў офіс „Вясны“, і мы адразу пачалі складаць сьпіс затрыманых, — распавядае Ўладзімер Лабковіч. — Нашы калегі завяршалі выніковую справаздачу з выбараў. Адначасова Алесь пісаў калегам-праваабаронцам за мяжу пра тое, як і што адбывалася ў Менску ў тую ноч. І нават тады, калі былі сотні затрыманых, калі ішлі ператрусы ў кандыдатаў у прэзыдэнты, у нас было спадзяваньне, што гэта часовая дэманстрацыя сілы, што гэта будзе максымум так, як у 2006 годзе, калі пасьля разгону затрыманыя абышліся адміністрацыйным пакараньнем. Пасьля трэцяй гадзіны ночы мы гэта абмеркавалі, і Алесь з гэтым пагадзіўся».

Уладзімер Лабковіч кажа, што літаральна ў гэты момант у офіс празь незамкнёныя дзьверы ўварваліся людзі ў спартовых чорных куртках і штанах, чалавек восем. Толькі адзін зь іх быў у міліцэйскай форме. Бяляцкі і Стэфановіч кінуліся стрымліваць іх у калідоры. Алесь крыкнуў Лабковічу: «Звані журналістам!» Людзі ў чорным ніяк не прадставіліся, і праваабаронцы адмаўляліся прапусьціць іх далей за дзьверы. Лабковіч і Стэфановіч мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, гэта былі супрацоўнікі КДБ.

Адзін з апранутых у цывільнае дастаў пастанову на агляд памяшканьня, але прачытаць яе не пасьпелі — Валянцін Стэфановіч выхапіў яе і парваў на шматкі. Супрацоўнікі яўна не чакалі такога, ня ведалі, як на гэта рэагаваць, толькі сказалі Стэфановічу, што прыцягнуць яго за гэта да адказнасьці.

«У мяне тады быў такі ўзрушаны стан. Пасьля таго, што адбылося на Плошчы, пасьля арыштаў кандыдатаў у прэзыдэнты я думаў, што гэта наш апошні дзень на волі. І я разумеў, што калі ўжо ўварваліся, то будуць рабіць тое, што захочуць», — згадвае Валянцін.
Пасьля таго, што адбылося на Плошчы, пасьля арыштаў кандыдатаў у прэзыдэнты я думаў, што гэта наш апошні дзень на волі

Слоўная перапалка працягвалася, пакуль супрацоўнікі ў чорным ня выклікалі міліцыянтаў з аўтаматамі. Прыехалі тры машыны зь Першамайскага РУУС.

Большасьць тых, хто быў у офісе, затрымалі і завезьлі ў Першамайскі РУУС Менску: у пастарунак трапілі актывісты «Вясны» Валянцін Стэфановіч, Уладзімер Лабковіч, Анастасія Лойка, Сяргей Сыс, Зьміцер Салаўёў, Андрэй Палуда, Уладзімер Нікалаеў, Канстанцін Старадубец і Алег Жлутка.

У офісе засталіся Алесь Бяляцкі і каардынатар назіраньня па Менску Валянціна Сьвяцкая. Бяляцкі як прапісаны ў гэтай кватэры застаўся прысутнічаць пры ператрусе. Сьвяцкая наадрэз адмовілася ехаць зь міліцыянтамі, заявіла, што нікуды з офісу не паедзе, што яна прыйшла ў госьці да Бяляцкага. Алесь падтрымаў яе, сказаўшы супрацоўнікам у чорным: «Адзін я з вамі не застануся, ці мала якой дурноты вы мне падкінеце». Валянціна была ў офісе ўвесь час ператрусу.

Яна згадвае, што Лабковіч пра напад на офіс «Вясны» пасьпеў паведаміць Галіне Сямдзянавай, якая была сябрам менскай гарадзкой выбарчай камісіі. Галіна зьвязалася з прадстаўніцай місіі назіральнікаў АБСЭ Наірай Хачыкян. Сьвяцкая згадвае:

«Разам з кіраўніцай місіі назіральнікаў АБСЭ па Менску Наіра прыехала пад офіс, але гэтыя не пусьцілі мяне да дамафону, каб адчыніць дзьверы міжнародным назіральнікам. Яны брудна вылаяліся, і Наіра пачула гэта ў слухаўку. Калі пайшоў ператрус, яны хадзілі па пакоях, а потым пачалі адключаць кампутары, ноўтбукі, паклікалі ўчастковага і пачалі складаць вопіс канфіскаванага. І толькі потым ужо, каля чацьвёртай раніцы, яны знайшлі панятых, адзін зь якіх быў п’яны дворнік…»

Наста Лойка згадвае, што ў РУУС іх завялі ў актавую залю, дзе яны былі пад аховай аўтаматчыка, па адным вадзілі ў кабінэты, бралі тлумачэньні, дзе знаходзіліся 19 сьнежня. Аўтаматчык увесь час бразгаў затворам. Андрэй Палуда, сам былы капітан міліцыі, ня вытрымаў і накрычаў на аўтаматчыка: «Як ты паводзісься са зброяй і як размаўляеш са старшымі па званьні!» Той адразу спыніў сваю гульню.

Валянцін Стэфановіч кажа, што міліцыянты ня ведалі іх і не разумелі, для чаго затрымалі вясноўцаў:

«Тады я зразумеў, што гэтым разам, відаць, абыдзецца. Мабыць, тады нас кінулі ў пастарунак, каб не заміналі ператрусу на офісе».

Супрацоўнікі ў чорным вынесьлі амаль усю кампутарную тэхніку, удалося схаваць толькі два ноўтбукі. Уладзімер Лабковіч згадвае:

«Мы не былі падрыхтаваныя да падобных падзей, не лічылі гэта верагодным, і ў нас не было ніякага пляну на такі выпадак».

«Мы сапраўды не былі гатовыя да такога, таму што выбары праходзілі спакойна, гэта нас расслабіла. Мы не адчувалі ціску і зыходзілі з агульнага характару кампаніі, які не выклікаў нейкіх засьцярог. Увогуле за час дзейнасьці „Вясны“ з 1998 году, калі ў нас зьявіўся офіс, і да 19 сьнежня 2010 году ў нас быў толькі адзін ператрус, у 1999 годзе, перад Маршам Свабоды», — кажа Тацяна Равяка.

Каля 6-й раніцы сябры місіі назіральнікаў АБСЭ вырвалі вясноўцаў зь Першамайскага РУУСа. Тыя вярнуліся ў офіс, потым большасьць разышлася па кватэрах адпачыць. Але а палове на 8-ю ў офіс «Вясны» зноў пагрукалі людзі ў масках, хацелі забраць Лабковіча, пагражалі ўзламаць дзьверы. У офісе заставаўся Андрэй Палуда, ён іх не пусьціў, паклікаў Бяляцкага, які тэрмінова вярнуўся з дому. У пад’езьдзе офіса Бяляцкі сказаў няпрошаным гасьцям: «Хочаце — ламайце дзьверы, Лабковіча тут няма». Супрацоўнікі пэўны час пастаялі, а потым, пасьля сыгналу па рацыі, сышлі на вуліцу.

«Мая вэрсія такая, што ў КДБ тады вырашылі, што я нібыта меў дачыненьне да кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты ад БНФ Рыгора Кастусёва, і ў тым ліку да арганізацыі Плошчы, бо на той момант я фармальна быў адказным сакратаром Управы БНФ. У гэты ж час шукалі і лідэра БНФ Аляксея Янукевіча», — кажа Лабковіч. Тады ж Алесь параіў Лабковічу на тыдзень недзе схавацца.

«Ягонай парады я ня выканаў. Мяне хапіла на суткі… Гэтаксама я зрабіў пасьля арышту Алеся 4 жніўня 2011 году, хоць такіх парадаў ужо не было. Арыштуюць дык арыштуюць, вырашыў я. Трэба працаваць», — згадвае Лабковіч.

* Выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 19 сьнежня 2010 году. Вынікі незалежнага назіраньня. Менск: Праваабаронцы за свабодныя выбары. 2011. С. 6.
Апоўдні 20 сьнежня Бяляцкі і Стэфановіч правялі заплянаваную прэсавую канфэрэнцыю пра вынікі незалежнага назіраньня за выбарамі і падзеі 19 сьнежня. Выснова праваабаронцаў была такая самая, як і пасьля папярэдніх выбараў: «Прэзыдэнцкія выбары 2010 году не адпавядалі ключавым міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў»*.

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня 2010

Валянцін Стэфановіч і Алесь Бяляцкі на прэсавай канфэрэнцыі 20 сьнежня 2010


Але, папраўдзе, праваабаронцам было не да таго.

«Калі пасьля 19 сьнежня пайшлі ўсе гэтыя арышты, ператрусы, мы, вядома, спачатку былі шакаваныя гэтай навалай, таму што кожную хвіліну званіў тэлефон і казалі, што таго затрымалі, а там ператрус. Гэта было бесьперапынна да Новага году і пасьля, і плаўна з гэтых выбараў мы пераплылі ў іншую рэальнасьць і заняліся сваёй непасрэднай праваабарончай дзейнасьцю», — згадвае Валянцін Стэфановіч.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG