Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага. XXXІX. Вязень сумленьня


Кожны дзень у жніўні і верасьні на сайце «Свабоды» новы разьдзел кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».

Ноч на роздум. Замежныя місіі Алеся

Кожны дзень гінуць мужнасьць і сьвятасьць.
Кожны дзень, выпускаючы дых,
Паміраюць хлапчынкі расьпятыя,
І збавіцель ня помніць пра іх.
Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбуку, магноліі
І суровай паўночнай сасны.
Не пасьпеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на сьлізкую плаху кладуць.
Плацяць катаргай і эшафотамі
За братоў сваіх душу жывую,
Хочуць дыхаць — задушаць гаротаю,
Хочуць думаць — сьсякуць галаву.
У чырвонай ад сонца Касьціліі,
Ў парнай сэльве і ў зорных ільдах
Кожны дзень яны бураць Бастылію:
Чалавечы свой, просты жах.
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы сьлед на траве,
За высокую годнасьць расьпятую,
За найменьне тваё, Чалавек.
Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца
За свабоды ўласнай лядо?
О зямля, сьвятая калодніца,
Гора, мужнасьці, сьмерці юдоль!
У былым іх — трушчобы няветлыя,
У сучасным — глухая турма,
І няма для іх раю сьветлага,
І суду іхнім катам — няма.
Толькі час вам уздасьць поўнай мераю.
Але ўсё ж — пакуль прыйдзе той час, —
Калі ёсьць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць — то для вас.


Уладзімер Караткевіч. Баляда плахі. 1969 год.


З Уладзімерам Караткевічам Алесь асабіста знаёмы ня быў, але менавіта творы Караткевіча зрабілі зь Бяляцкага сьвядомага беларуса.

Ліст Алеся Бяляцкага, у якім ён піша пра Караткевіча

Ліст Алеся Бяляцкага, у якім ён піша пра Караткевіча

У лісьце з Бабруйскай калёніі Алесь напісаў:

«Караткевіч аказаў на мяне вялізны, вызначальны ўплыў у пляне кшталтаваньня нацыянальнай сьвядомасьці і нацыянальнай годнасьці. Упершыню я прачытаў ягонае „Дзікае паляваньне караля Стаха“, а затым і „Каласы пад сярпом тваім“, і „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, як вучыўся яшчэ ў школе ў 9-м і 10-м. Я даваў яго чытаць іншым сваім сябрам і сяброўкам, і ад яго ідзе пачатак мяне як беларуса, яшчэ расейскамоўнага, са шматлікімі савецкімі забабонамі і малымі беларускімі ведамі, але пасьля прачытаньня Караткевіча ў мяне канчаткова і назаўсёды зьнікла пытаньне „Хто я?“ і зьнік комплекс непаўнавартасьці, што мы „западлы народ“… Як празаік Караткевіч — вяршыня непераўзыдзеная, наш беларускі геній».


Вязень сумленьня


Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя СМІ Беларусі імкнуліся пераканаць у адсутнасьці палітычных матываў перасьледу Бяляцкага. Беларускі кіраўнік некалькі разоў казаў, што, маўляў, у Амэрыцы за няплату падаткаў даюць нашмат большыя тэрміны, чым Бяляцкаму.

Але ў Эўразьвязе і ЗША, у міжнародных арганізацыях успрынялі гэтую справу менавіта як палітычную, а не эканамічную.

Рэакцыя міжнароднай супольнасьці на арышт і вырак праваабаронцу была рэзка нэгатыўная, гучная і рашучая. 11 жніўня 2011 году праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Бяляцкага вязьнем сумленьня.

Акцыі ў яго абарону прайшлі каля дыпляматычных місіяў Беларусі ў Варшаве, Вільні, Ерэване, Кіеве, Маскве, Парыжы, Стакгольме…
Маніфэстацыя ў падтрымку Алеся каля беларускай амбасады ў Парыжы, 2011 г.

Маніфэстацыя ў падтрымку Алеся каля беларускай амбасады ў Парыжы, 2011 г.


З патрабаваньнем вызваліць Бяляцкага выступілі Злучаныя Штаты Амэрыкі, Эўрапейскі Зьвяз, АБСЭ, Рада Эўропы, урады Нямеччыны, Чэхіі, Францыі, Польшчы, Літвы… За яго заступіліся вядомыя грамадзкія дзеячы шмат якіх краін сьвету, у тым ліку ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру экс-прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса і Шырын Эбадзі з Ірану, старшыня Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Сугайр Бэльхасэн, прэзыдэнт Рады БНР Івонка Сурвіла… У падтрымку Алеся выступілі сябры Рады пры прэзыдэнце Расеі ў справе разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека.

Супольны пратэст з прычыны арышту Бяляцкага заявілі 64 праваабарончыя арганізацыі — сябры і партнэры Сеткі Дамоў правоў чалавека:

«Мы, ніжэйпадпісаныя 64 праваабарончыя арганізацыі, сябры і партнэры Сеткі Дамоў правоў чалавека, рашуча асуджаем вырак суду, згодна зь якім Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна зьняць усе абвінавачаньні супраць Алеся Бяляцкага і спыніць яго крымінальны перасьлед».

Дакумэнт, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, генэральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку і першаму намесьніку міністра юстыцыі Аляксандру Білейчыку, падпісалі:

  • Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнаньні ў Вільні, Літва
  • Дом правоў чалавека ў Баку (ад імя наступных НДА):
    • Інстытут свабоды і бясьпекі рэпарцёраў
    • Таварыства юрыдычнай адукацыі
    • Таварыства гуманітарных дасьледаваньняў
  • Дом правоў чалавека ў Осла (ад імя наступных НДА):
    • Міжнародная арганізацыя барацьбы з голадам Food First
    • Інфармацыя аб ахове здароўя і правах чалавека
    • Фонд Дамоў правоў чалавека
    • Нарвэскі камітэт Бірмы
    • Нарвэскі Хэльсынскі камітэт
    • Голас Тыбэту
  • Фонд правоў чалавека Рафта (Нарвэгія)
  • Хэльсынскі фонд правоў чалавека (Польшча) (ад імя наступных НДА):
    • Група Гарызонт
    • Хэльсынскі камітэт
    • Асацыяцыя маладых журналістаў «Поліс»
    • Хэльсынскі фонд правоў чалавека
  • Дом правоў чалавека ў Сараеве (ад імя наступных НДА):
    • Асацыяцыя жанчын-грамадзянак «Рэнэсанс»
    • Фонд CURE
    • Хэльсынскі камітэт правоў чалавека ў Босьніі і Герцагавіне
    • Рэгіянальны каардынатар моладзевых груп
    • Сэрбская грамадзянская рада — Рух за раўнапраўе — Рада Сараева
    • Цэнтар «Жанчына і грамадзтва»
  • Дом правоў чалавека ў Тбілісі (ад імя наступных НДА):
    • Грузінскі цэнтар псыхасацыяльнай і мэдычнай рэабілітацыі ахвяр катаваньняў
    • Цэнтар правоў чалавека
  • Расейскі дасьледчы цэнтар правоў чалавека (ад імя наступных НДА):
    • Група «Праваабарончая сетка»
    • Незалежная псыхіятрычная асацыяцыя Расеі
    • Маскоўскі цэнтар за турэмную рэформу
    • Маскоўская Хэльсынская група
    • Фонд правоў маці
    • Міжнародная арганізацыя супраць гвалту
    • Правы дзіцяці
    • Права на жыцьцё і грамадзянскую годнасьць
    • Фонд сацыяльнага партнэрства
    • Саюз камітэтаў салдацкіх маці Расеі
  • Дом правоў чалавека ў Заграбе (ад імя наступных НДА):
    • Асацыяцыя садзеяньня ў забесьпячэньні роўных магчымасьцяў для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі
    • B.a. B.e.
    • Цэнтар вывучэньня праблем міру
    • Дакумэнта-Цэнтар «Зварот да мінулага»
    • Грамадзянскі камітэт правоў чалавека
    • Svitanje — Асацыяцыя аховы і ўмацаваньня псыхічнага здароўя
  • Украінскі Хэльсынскі саюз правоў чалавека
  • Індэкс цэнзуры (Вялікабрытанія)
  • Артыкул 19 (Вялікабрытанія)
  • Цэнтар прававой трансфармацыі (Беларусь)
  • НДА M’ART (Украіна)
  • Цэнтар прававых і палітычных дасьледаваньняў «СІМ» (Украіна)
  • Івана-Франкоўская праваабарончая група (Украіна)
  • Дзіцячая экалягічная грамадзкая арганізацыя «Флора» (Украіна)
  • Грамадзкая арганізацыя «Тэрыторыя посьпеху» (Украіна)
  • Крымскі Праваабарончы цэнтар «Action» (Украіна)
  • Інфармацыйны цэнтар правоў чалавека (Кіеў, Украіна)
  • Цэнтар правоў чалавека «Поступ» (Луганск, Украіна)
  • Таварыства правоў чалавека ў Крывым Розе (Украіна)
  • НДА ўкраінскай моладзі «Фонд Рэгіянальных Ініцыятываў»
  • Фонд разьвіцьця прававых тэхналёгіяў (Украіна)
  • Херсонскі абласны фонд міласэрнасьці і здароўя (Украіна)
  • Інстытут дэмакратыі Піліпа Орліка (Украіна)
  • Östgruppen — Швэдзкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека
  • Абаронцы грамадзянскіх правоў (Швэцыя)
  • Дацкі інстытут правоў чалавека (Данія)
  • «Чалавек у нядолі» (Чэская Рэспубліка)
  • Міжнароднае партнэрства ў правах чалавека (Бэльгія)
  • СІВІКУС: Сусьветны альянс за грамадзянскі ўдзел (ПАР)

Вызваленьня Алеся Бяляцкага патрабуюць у Пецярбургу і Брусэлі

Вызваленьня Алеся Бяляцкага патрабуюць у Пецярбургу і Брусэлі


У сьвеце прымаліся шматлікія заявы, рэзалюцыі, звароты з прычыны арышту і суду над Алесем.

«Алесь Бяляцкі быў схоплены на хвалі жорсткага перасьледу абаронцаў правоў чалавека і актывістаў у Беларусі. Улады Беларусі маюць права караць ухіленьні ад выплаты падаткаў як злачынства, але гэтыя абвінавачаньні — відавочна палітычна матываваныя і былі выстаўленыя проста дзеля таго, каб спыніць яго праваабарончую дзейнасьць. Адмаўляючы ў рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям і гэтым самым не дазваляючы ім дзейнічаць адкрыта, урад Беларусі прымушае такіх актывістаў, як Алесь Бяляцкі, выкарыстоўваць для фінансаваньня сваёй працы банкаўскія рахункі ў суседніх краінах. Ён павінен быць вызвалены неадкладна і безумоўна», — гэтак заявіў Джон Дальхёйсэн, намесьнік дырэктара Amnesty International у справах Эўропы і Сярэдняй Азіі.

Віцэ-прэзыдэнт Бундэстагу Нямеччыны Катрын Гёрынг-Экарт абвясьціла, што ўзяла апеку над Алесем Бяляцкім, заявіўшы пры гэтым: «Я лічу Алеся Бяляцкага вязьнем сумленьня прэзыдэнта Лукашэнкі і заклікаю да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня і гарантыі абароны яго жыцьця і фізычнага стану».

МЗС Беларусі гэтую сусьветную хвалю палітычнай, грамадзянскай і чалавечай салідарнасьці зь Бяляцкім назваў «прыкладам выкарыстаньня падвойных стандартаў», заявіўшы, што Алеся нібыта перасьледуюць не за праваабарончую дзейнасьць, а за няплату падаткаў, за што караюць і на Захадзе, і што кампанія салідарнасьці — гэта «ціск на судовыя органы Беларусі».

Ня менш важная прычына гэтай салідарнасьці — асоба самога Бяляцкага, які стаў аўтарытэтным міжнародным дзеячом. Ён намесьнік старшыні Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, выконваў важныя місіі гэтай арганізацыі ў Тунісе і Кіргізстане, удзельнічаў у назіраньні за выбарамі ў Азэрбайджане і Ўкраіне, мае партнэрскія адносіны з многімі замежнымі праваабаронцамі і палітыкамі.

Зьмест

Мужнасьць Алеся Бяляцкага

  1. Клетка
  2. Суд на Дзяды
  3. Права на мову
  4. Судзьдзя «Не»
  5. Дзіўны зварот пракурора
  6. Сола адваката
  7. Абвінавачаньне і допыт
  8. Віза ў суд
  9. Турма
  10. Самыя сумныя Каляды
  11. Лісты зь няволі і ў няволю
  12. Галоўная тайна турмы
  13. Турма на Сікорскага
  14. Турэмная сыстэма Беларусі
  15. Сьведкі-чыноўнікі
  16. Падатковая вайна з апазыцыяй
  17. Сьведкі. Казус Звоскава
  18. Цень агента Ананіма
  19. Канец «лібэралізацыі»
  20. Заявы і санкцыі
  21. Папярэджаньні
  22. Чаму ня зьехаў?
  23. Арышт
  24. Касынкіна
  25. Сьлед КДБ
  26. Банкаўскія раздрукоўкі
  27. Тры тамы паручальніцтваў
  28. Алесь на Плошчы
  29. Шукайце «Вясну»!
  30. Бяляцкі-сьведка
  31. Брама ляяльнасьці
  32. Пракурорская лёгіка
  33. Дзяды-88
  34. Наш сьцяг над Менскам
  35. Музэй Багдановіча
  36. «Вясна»
  37. Праваабаронца
  38. «Новае» абвінавачаньне
  39. Вязень сумленьня
  40. Бакінская Плошча
  41. Віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі
  42. Наіўнасьць або цынізм?
  43. Прававая дапамога менскаму рэжыму
  44. Перапрашэньні зь Вільні і Варшавы
  45. Дэбаты
  46. Неапошняе слова Алеся
  47. Прысуд
  48. Міжнародная рэакцыя
  49. Беларуская рэакцыя
  50. Нобэлеўская намінацыя
  51. Пасьляслоўе
У кнізе выкарыстаныя фатаздымкі Багдана Арлова, Уладзімера Грыдзіна, Юліі Дарашкевіч, Аляксея Лапіцкага, Ягора Маёрчыка, Дзьмітрыя Мохіна, Уладзімера Паца, Уладзімера Сапагова, Сяргея Сыса, Міхала Чэрнага, з архіваў Алеся Бяляцкага, Праваабарончага цэнтру «Вясна», Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, vytoki.net, bymedia.net.
XS
SM
MD
LG