Казімер Яноўскі, Жлобін У Жлобінскім раённым судзе судзілі намесьніка старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Кацору за ўлёткі “Пяць крокаў да лепшага жыцьця” і газэту “Время”. Як паведамляла наша радыё, 12 жніўня спадар Кацора перавозіў на ўласным легкавіку каля 15 тысяч улётак і звыш тысячы асобнікаў газэты “Время”. Пад выглядам таго, што легкавік знаходзіцца ў вышуку, дзяржааўтаінспэкцыя на пасту блізу Жлобіна спыніла партыйнага актывіста. У райаддзеле міліцыі быў учынены вобшук. Улёткі й газэты, што ляжалі ў багажніку легкавіка, жлобінскія міліцыянты сканфіскавалі, склалі пратакол і накіравалі яго ў мясцовы суд.