Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі замежнапалітычны сайт паведамляе, што Літва праўдападобна дасьць прытулак ЭГУ


Ул. інф. У той час, як Нямеччына мае намер забясьпечыць дзясяткі навучальных месцаў для студэнтаў апошняга курсу ЭГУ, Літва, магчыма, дасьць прытулак самой навучальнай установе, — паведамляе са спасылкай на крыніцы ў Нямецка-беларускім таварыстве (DBG) сайт german-foreign-policy.de (“Нямецкая замежная палітыка”). Падтрымку ў справе захаваньня Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту выказалі Міністэрства замежных справаў Нямеччыны і буйны нямецкі палітычны фонд імя Адэнаўэра.

Месяц таму група вядомых усходнеэўрапейскіх экспэртаў зьвярнулася да міністра замежных справаў Нямеччыны Ёшкі Фішэра з заклікам зрабіць усё, каб захаваць ЭГУ. У звароце таксама ўтрымліваліся рэкамэндацыі ў справе падтрымкі апазыцыйных сілаў у Беларусі й захадаў, скіраваных на зьмену рэжыму.

Разам з прэзыдэнтам франкфурцкага ўнівэрсытэту Віядрына Гезінэ Шван і кансультантам нямецкага МЗС Клаўсам Зэгерсам свой подпіс пад зваротам да Ёшкі Фішэра паставіў колішні шэф нямецкай выведкі БНД і кіраўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік. Група ўсходнеэўрапейскіх экспэртаў запатрабавала ад кіраўніцтва нямецкага МЗС уважліва паставіцца да цяперашняй беларускай сытуацыі.

Як паведаміў Радыё Свабода спадар Вік, днямі ён, як адзін з аўтараў ліста, атрымаў афіцыйны адказ ад кіраўніцтва нямецкага МЗС:

(Вік: ) “Рэакцыя з боку МЗС паступіла. У ёй паведамляецца пра пэўную палітычную лінію ў адносінах да рэгіёну. Аднак падаваць нейкіх дэталяў я не магу. Магу толькі сказаць, што Нямеччына прыкладзе ўсе намаганьні, каб студэнты ЭГУ змаглі завершыць сваю адукацыю за мяжой”.

(Карэспандэнтка: ) “Вядома, што кіраўніцтва некаторых вашых унівэрсытэтаў выказвае заклапочанасьць у зьвязку з тым, што фінасавая падтрымка беларускіх студэнтаў можа быць інтэрпрэтаваная афіцыйным Менскам як гатовасьць Нямеччыны даць палітычны прытулак маладым беларусам...”

(Вік: ) “Я думаю, што цяпер самае галоўнае — даць студэнтам магчымасьць абараніць дыплёмы. На жаль, для студэнтаў такое цяпер магчыма толькі за мяжой — свабодна вучыцца і праводзіць дасьледчыя працы. Сродкі на гэта пакуль яшчэ не сабраныя, але я ўпэўнены, што для ўсіх студэнтаў, якія хочуць працягваць адукацыю, крыніцы фінансаваньня будуць знойдзеныя”.

У той час як Ганс-Георг Вік ухіляецца ад камэнтароў на тэму магчымай эміграцыі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, аглядальнікі інтэрнэт-выданьня german-foreign-policy.de лічаць, што відавочная санкцыя Бэрліна на існаваньне ЭГУ ў выгнаньні ёсьць сыгналам істотнага абвастрэньня афіцыйных дачыненьняў зь Менскам.

Пэўныя задачы ў ажыцьцяўленьні гэтага палітычнага курсу Бэрлін ускладае і на Варшаву. Як вынікае з матэрыялу сайту “Нямецкая замежная палітыка”, апошнім часам Польшча прадэманстравала сваю гатовасьць адыгрываць вядучую апэратыўную ролю ў актыўнай усходняй палітыцы Эўразьвязу. Абмеркаваньням гэтай тэмы было прысьвечанае і нядаўняе сумеснае паседжаньне амбасадаў Нямеччыны і Польшчы ў Менску, паведамляе электроннае выданьне german-foreign-policy.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG