Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйныя партыі рыхтуюцца да зьездаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты


Валер Каліноўскі, Менск Заўтра пройдуць адразу тры зьезды палітычных партыяў пра вылучэньні кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў: Беларускага народнага фронта, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Тым часам завяршаецца вылучэньне кандыдатаў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі.

На фармаваньне ўчастковых камісіяў, якія арганізуюць галасаваньне і падлік галасоў, адводзіцца тры дні – да 1 верасьня. Да 29 жніўня праходзіць вылучэньне кандыдатаў у склад гэтых камісіяў. Пры фармаваньні акруговых выбарчых камісіяў мясцовыя выканкамы й прэзыдыюмы саветаў фактычна праігнаравалі прапановы палітычных партыяў – іх прадстаўнікоў у гэтых камісіях толькі каля 2 адсоткаў.

Тым ня менш лідэры партыяў “Пяцёркі плюс” зазначаюць, што вылучылі сваіх сябраў прыблізна ў палову ўчастковых камісіяў, хаця і без асаблівага аптымізму. Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, толькі ў Менску ад партыі вылучана 400 кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Апазыцыйныя партыі каардынуюць і ўзгадняюць свае дзеяньні пры фармаваньні ўчастковых камісіяў, кажа спадар Лябедзька. Хаця не абыходзіцца і бязь цяжкасьцяў. Гаворыць кіраўнік перадвыбарчага штабу БНФ Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Шмат хто баіцца вылучацца ў камісіі, бо там указваецца месца працы, і людзі баяцца ціску па месцы працы”.

У Беларускім народным фронце, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе ў нядзелю пройдуць пазачарговыя зьезды па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты. На ўсіх іх будуць прысутнічаць прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі. Гэтае ведамства запатрабавала, каб партыі перадалі поўную справаздачу пра свае зьезды ў трохдзённы тэрмін, хаця паводле закону на гэта адводзіцца месяц – паведаміў лідэр БСДГ Станіслаў Шушкевіч.

Тым часам на завяршальны этап выйшла іншая важная кампанія – збор подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў. Некаторым удалося сабраць па тры-пяць тысячаў, нягледзячы на перашкоды ўладаў. Гаворыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Усюды ёсьць перашкоды, асабліва па Магілёўшчыне: там некаторыя групы “скукожыліся” да трох-чатырох зборшчыкаў подпісаў. Нават пасьля таго як зь вялікімі складанасьцямі былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы, уціск ад гэтага ня зьменшыўся. Людзям гавораць, што калі вы будзеце зьбіраць подпісы вось за гэтага кандыдата, то майце на ўвазе, што ў вас будуць праблемы на працы. І людзі проста перастаюць зьбіраць подпісы. У нас ёсьць выпадак, калі патэнцыйны кандыдат ад партыі ўлады наняў людзей, якія зьбілі зборшчыка подпісаў на карысьць нашага сябра партыі. Гэта ў Бабруйскім раёне. Мы вывучаем гэтую сытуацыю. Гэта будзе проста вялізны скандал”.

Падчас збору подпісаў фіксуюцца і іншыя інцыдэнты. У Менску невядомыя забралі пасьведчаньне зборшчыка подпісаў у жанчыны, якая працавала на аднаго зь дзейных дэпутатаў. Кандыдат ад БНФ у Кобрыне атрымаў папярэджаньне акруговай камісіі за тое, што правёў нібыта несанкцыянаваны пікет, зьбіраючы подпісы на мясцовым рынку. А ў Лідзе невядомыя зьбіраюць подпісы, кажучы, што яны працуюць на Сяргея Скрабца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG