Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар гатэлю “Менск” просіць прабачэньня ў АГП за тое, што дэлегатаў не пусьцілі у канфэрэнц-залю


Валер Каліноўскі, Менск Правядзеньне нядзельнага зьезду Аб’яднанай грамадзянскай партыі было пастаўленае пад пагрозу зрыву адміністрацыяй гатэлю “Менск”, ахова якога не дапусьціла дэлегатаў у канфэрэнц-залю, арэнда якой была аплачаная партыяй. З гэтай народы АГП рыхтуе заяву ў пракуратуру з патрабаваньнем прыцягнуць кіраўніцтва гатэлю да крымінальнай адказнасьці. Дырэктар гатэлю называе гэты выпадак непаразуменьнем і просіць у АГП прабачэньня.

Як паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, рыхтуючыся да зьезду, кіраўніцтва партыі правяло перамовы зь дзясяткамі ўласьнікаў актавых заляў у Менску. Аднак, даведаўшыся, для чаго патрэбная заля, усе яны адмаўлялі. Выключэньнем стаў чатырохзоркавы гатэль “Менск”. У апошнім прадстаўнікам АГП зазначылі, што палітыка іх не хвалюе, толькі камэрцыйны інтарэс, і пагадзіліся даць адну са сваіх заляў.

АГП згодна з дамоўленасьцямі пералічыла грошы на рахунак гатэлю, запрасіла на зьезд дэлегатаў і прадстаўнікоў Мінюсту. Аднак калі раніцай у нядзелю людзі прыбылі на месца, у гатэль “Менск” іх не пусьцілі. Ахова гатэлю патлумачыла сябрам АГП, што няма патрэбнай у такіх выпадках дамовы, а супрацоўнік з ключамі ад канфэрэнц-залі, які вёў папярэднія перамовы з АГП, зьнік, і датэлефанавацца да яго не ўдалося. АГП была вымушаная правесьці свой зьезд у некамфортных умовах у цесным памяшканьні свайго офісу. Цяпер АГП патрабуе ад гатэлю “Менск” вярнуць грошы, заплачаныя за арэнду памяшканьня, ды зьвяртаецца з заявай у пракуратуру. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні партыі Сяргей Альфер:

(Альфер: ) “Мы прынялі рашэньне падрыхтаваць і падаць дакумэнты ў пракуратуру з просьбай завесьці крымінальную справу паводле двух артыкулаў. Па-першае, за тое, што яны перашкодзілі нам вылучыць кандыдатаў у дэпутаты, тут была закранутая рэалізацыя выбарчых правоў грамадзян. І па-другое, за махлярства, за тое, што яны ўзялі грошы без жаданьня выканаць дамоўныя абавязкі”.

Дырэктар гатэлю “Менск” Мікалай Жураўскі кажа, што ніякіх загадаў ад уладаў на недапушчэньне правядзеньня зьезду АГП не было. Наадварот, кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, у структуру якога ўваходзіць гатэль, нават паўшчувала яго за гэта. Спадар Жураўскі назваў гэты выпадак непаразуменьнем, недапрацоўкай аднаго з супрацоўнікаў, які і ў панядзелак не прыйшоў на працу. Паводле спадара Жураўскага, быў парушаны парадак афармленьня падобных заявак, і ў пляне працы гатэлю на мінулую нядзелю зьезду не было.

(Жураўскі: ) “Мне вельмі непрыемна як дырэктару такога, як мы лічым, саліднага прадпрыемства, якое апынулася ў такой сытуацыі. Я асабіста прыношу прабачэньні арганізатарам, за гэтую акцыю, якая не адбылася. Але ў нас парадак такі: прыходзіць заяўка, яе падпісваюць, складаецца дамова, а пасьля выстаўляецца рахунак-фактура. Так паводле ўказу прэзыдэнта мы здаем у арэнду нашыя памяшканьні”.

Мікалай Жураўскі кажа, што ніякіх палітычных матываў у нядзельнага выпадку не было:

(Жураўскі: ) “Імідж арганізацыі і той структуры, у падпарадкаваньні якой мы знаходзімся, гэта перш за ўсё”.

Дырэктар гатэлю “Менск” Мікалай Жураўскі паведаміў, што сёньня некаторыя супрацоўнікі гатэлю ўжо атрымалі вымовы, а калі зьявіцца адказны за гэты выпадак, то супраць яго ня выключаныя больш сур’ёзныя захады.

Тым часам 29 жніўня скончыўся тэрмін падачы заявак на ўключэньне ў склад участковых выбарчых камісіяў, якія павінны быць сфармаваныя да 1 верасьня. Як сьведчыць кіраўнік перадвыбарчага штабу БСДГ “Народная грамада” Віталь Малашка, у асобных райвыканкамах у мінулыя выходныя адмаўляліся прымаць дакумэнты, нават віселі спэцыяльныя абвесткі. У прыватнасьці, гэтак зрабіў Фрунзенскі райвыканкам Менску, і спадар Малашка называе гэта грубым парушэньнем Выбарчага кодэксу. Тым ня менш, “Народная грамада” вылучыла каля трохсот сваіх прэтэндэнтаў на сяброўства ва ўчастковых камісіях. АГП толькі па Менску ва ўчастковыя камісіі вылучыла 472 чалавекі, колькасьць вылучаных па ўсёй краіне — больш за тысячу.

Сваіх прэтэндэнтаў ва ўчастковыя камісіі вылучылі таксама ПКБ, БНФ і іншыя партыі. Аднак, як сьведчыць досьвед, райвыканкамы, фармуючы ўчастковыя выбарчыя камісіі, ігнаруюць вылучэнцаў ад апазыцыі. Ад “Народнай грамады” і АГП, напрыклад, падчас мінулых мясцовых выбараў не было ўключана ніводнага вылучэнца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG