Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КГБ не аддае прылады, з дапамогай якіх актывісты арганізацыі “Край” шукалі целы Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага


Алег Грузьдзіловіч, Менск Віцяблянін Міхась Землякоў судзіцца зь Менскай управай КГБ за рэчы, якія належалі ягонаму сыну Юрасю Землякову, актывісту незарэгістраванай апазыцыйнай арганізацыі “Край”. Сярод канфіскаваных рэчаў прылады начнога бачаньня і мэталашукальнікі, з дапамогай якіх краёўцы шукалі целы зьніклых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У жніўні 2001 году як сэнсацыя прагучала навіна, што ад перасьледу беларускіх уладаў зьбеглі за мяжу супрацоўнік КГБ Генадзь Угляніца і актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Край” Андрэй Жарнасек. Напярэдадні яны распаўсюдзілі відэакасэту, на якой заявілі, што ў лесе пад Бягомлем знайшлі месца, дзе улады нібыта схавалі целы забітых апазыцыянэраў Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Пазьней беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім фігуравалі прылады начнога бачаньня, мэталашукальнікі ды адмысловая вопратка. Паводле сюжэту, гэтыя рэчы актывісты “Краю” Жарнасек, Угляніца ды іншыя скралі, каб праводзіць экстрэмісцкія акцыі.

Трэці год за вяртаньне гэтай маёмасьці змагаецца віцяблянін Міхась Землякоў. Ён прэтэндуе на рэчы (ўсяго ў сьпісе больш за 70 розных прадметаў), якія былі канфіскаваныя ў ягонага сыны Юрася Землякова, аднаго з актывістаў арганізацыі “Край”.

Юрася Землякова затрымалі за некалькі дзён да ўцёкаў Жарнасека і Угляніцы. У міліцыі яго нібыта зьбівалі ды прымушалі ўзяць на сябе адказнасьць за забойства. Хлопец вытрымаў, яго адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, і тады ён ўцёк за мяжу. А бацьку дагэтуль ня кажуць, за што перасьледавалі сына ды не вяртаюць яму рэчаў.

Абаронца Міхася Землякова юрыст Алег Граблеўскі заўважае, што справа Юрася Землякова не была даведзеная да суду, рэчы набываліся законна і таму іх трэба вярнуць уладальніку. Аднак Алег Грублеўскі не выключае, што частку рэчаў вярнуць ужо немагчыма.

(Граблеўскі: ) “Незразумела, чаму дагэтуль рэчы знаходзяцца ў КГБ. Не выключана, што іх проста раскралі чыноўнікі з КГБ”.

Прадстаўнік КГБ, які сёньня прыйшоў у суд на працэс на позву Міхася Землякова, ад камэнтароў адмовіўся і не назваў журналістам свайго прозьвішча. Судовае паседжаньне было перанесенае на 9 верасьня. Ад КГБ суд запатрабаваў некаторыя дакумэнты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG