Улады Беларусі затрымалі двух пасажыраў рэйсу — журналіста Рамана Пратасевіча, які ўваходзіць у так званы «тэрарыстычны сьпіс», і ягоную дзяўчыну. Дагэтуль нічога не вядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады.
Украінскія экспэрты ў сфэры цывільнай авіяцыі і міжнароднага права мяркуюць, што беларускія ўлады перавысілі свае паўнамоцтвы і парушылі міжнароднае права. Якія наступствы магчымыя ў выніку такіх дзеяньняў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
СМІ: Польскі ўрад загадае нацыянальнай авіякампаніі LOT абмінаць БеларусьПатрэбна ня толькі рэакцыя, а і працэдура
Экспэрты лічаць выпадак з пасадкай самалёта абуральным у практыцы цывільнай авіяцыі.
«Выпадак яўна палітычна матываваны. У ІСАО (Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі. — РС) і іншых арганізацыях, якія займаюцца бясьпекай палётаў, не адпрацаваныя працэдуры, як рэагаваць у выпадку такіх палітычных выпадкаў. Такіх рашэньняў няма», — сказаў Свабодзе колішні кіраўнік Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Дзяніс Антанюк.
Адначасова, паводле яго, вельмі важна, што заходнія краіны і міжнародныя арганізацыі ўжо выказалі сваю рэакцыю на гэты інцыдэнт. Але толькі рэакцыі недастаткова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міністэрства транспарту Беларусі стварыла камісію ў расьсьледаваньні інцыдэнту з самалётам Ryanair«Працэдуры рэагаваньня на палітычны складнік у такіх сытуацыях трэба адпрацоўваць і ўводзіць. Магчыма, гэты выпадак у Беларусі стане драйвэрам, каб у будучыні выключыць такія сытуацыі ў іншых краінах. Але гэта доўгі шлях, немагчыма ўзяць і вырашыць усё ад заўтра», — мяркуе экспэрт.
Дзяніс Антанюк
Дзяніс Антанюк дадаў, што міжнародныя авіяцыйныя ўлады мусяць ня толькі заявіць аб тым, што такія сытуацыі не павінны паўтарацца ў будучыні, але і зрабіць усё, каб гэтага больш нідзе не адбылося.
«Выпадак вельмі абуральны, бо нельга ўмешвацца ў працу цывільнай авіяцыі такім чынам і з такімі мэтамі. Больш за тое, апроч нязручнасьцяў для пасажыраў, гэты выпадак мае і аспэкты бясьпекі. Важна распрацаваць або як мінімум зразумець, як на гэта мусяць рэагаваць авіяцыйныя ўлады, каб былі сфармуляваныя правілы і працэдуры рэакцыі. Каб было зразумела: пасадзілі самалёт такім чынам — закрываецца паветраная прастора або робіцца аналіз бясьпекі, паводле якога вырашаюць, ці можна далей ажыцьцяўляць там палёты або трэба закрываць прастору і накіроўваць самалёты празь іншыя краіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Ryanair назвалі інцыдэнт зь іх самалётам авіяцыйным пірацтвам і заявілі, што там былі супрацоўнікі КДБПаводле экспэрта, Беларусь можа страціць яшчэ і фінансава. «Пасьля закрыцьця ўсходу Ўкраіны некаторыя авіякампаніі пачалі ажыцьцяўляць рэйсы паўночней, празь Беларусь. І другі момант — тое, што „Белавія“ зараз спрабуе пабудаваць хаб, і паколькі гэты хаб у кірунку Усход — Захад, то пры ўвядзеньні абмежаваньняў „Белавія“ вельмі моцна пацярпіць», — ня выключыў Дзяніс Антанюк.
«Схаваць рэальную мэту перахопу самалёта немагчыма»
Андрэй Гук
Андрэй Гук, экспэрт у міжнародным авіяцыйным праве, падкрэсьліў, што для перахопу самалёта мусілі існаваць разумныя падставы, якія б сьведчылі аб выкарыстаньні паветранага судна ў мэтах, не сумяшчальных з прынцыпамі Канвэнцыі аб міжнароднай цывільнай авіяцыі, так званай Чыкагаўскай канвэнцыі.
«Паведамленьне аб мінаваньні не пацьвердзілася. Але наколькі яно было такім, што давала разумныя падставы, невядома. Малаімаверна, што гэта магло быць сур’ёзнае паведамленьне. Схаваць рэальную мэту перахопу самалёта будзе немагчыма», — напісаў Андрэй Гук у сваім камэнтары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кангрэсмэн ЗША лічыць затрыманьне Пратасевіча «брыдкім» учынкамПаводле яго, у выпадку перахопу не павінны стварацца пагрозы жыцьцю асобам, якія знаходзіліся на борце самалёта.
«У выпадку з рэйсам Ryanair быў бліжэйшы аэрапорт для вымушанай пасадкі — не на тэрыторыі Беларусі. То бок дзеяньні перахопу самалёту ўяўлялі пагрозу для жыцьця тым асобам, якія знаходзіліся на борце, і бясьпецы паветранага судна, калі лічыць пагрозу рэальнай. Апроч таго, перахоп зьнішчальнікам — гэта крайняя мера, якой мусіў папярэднічаць пэўны радыёабмен і іншае (дадатак 2 да Чыкагаўскай канвэнцыі — Правілы выкарыстаньня паветранай прасторы, Інструкцыя па выкарыстаньні паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь). Тут жа адразу паднялі зьнішчальнік», — піша экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Сытуацыя прама і відавочна нагнятаецца». МЗС Беларусі пракамэнтаваў рэакцыю заходніх краін на захоп ПратасевічаАндрэй Гук таксама зьвярнуў увагу на тое, што, згодна з правілам дадатку 2 да Чыкагаўскай канвэнцыі, перахоп, калі ўжо ён адбыўся, можа выкарыстоўвацца толькі з мэтай ідэнтыфікацыі самалёта або ягонага накіраваньня на правільны маршрут ці папярэджаньне рэальных пагроз. «Гэтую мяжу перайшлі. Ці магла авіякампанія не выконваць указаньні дыспэтчараў і зьнішчальнікаў? Не, не магла, бо знаходзілася ў паветранай прасторы Беларусі і мусіла выконваць гэтыя ўказаньні», — пераконвае экспэрт.
«Цяпер больш цікавае пытаньне, хто і што можа з гэтым зрабіць. І тут, як заўсёды, міжнароднае права зводзіцца да палітычнай волі. Авіякампанія можа патрабаваць кампэнсацый. І, напэўна, іх атрымае. Эўразьвяз можа патрабаваць ад Беларусі кампэнсацый. Можа нават падаць у ІСАО спрэчку. Можа закрыць прастору Беларусі для сваіх самалётаў. Зь цягам часу можа нават зьвярнуцца супраць Беларусі да Міжнароднага суду ААН», — мяркуе Андрэй Гук.