«Вядома, чыста па-чалавечы зразумела і сумна, што пасажыры названага рэйсу сутыкнуліся з пэўнымі нязручнасьцямі. Аднак правілы авіяцыйнай бясьпекі — гэта абсалютны прыярытэт, прытым усюды і для ўсіх. У гэтай сувязі дзеяньні экіпажу самалёта, які адказвае за жыцьці сваіх пасажыраў, уяўляюцца цалкам апраўданымі. Вось з гэтага пункту гледжаньня, з пункту гледжаньня бясьпекі, якая была цалкам забясьпечана сумеснымі намаганьнямі, і трэба, перш за ўсё, глядзець на гэты інцыдэнт.
Няма ніякіх сумневаў, што дзеяньні нашых кампэтэнтных улад таксама цалкам адпавядалі вызначаным міжнародным правілам. Беларускі бок заўсёды адказна падыходзіў і падыходзіць да іх выкананьня. Гэта прызнаецца і адпаведнымі рэгулятарамі ў авіяцыйнай сфэры. Больш за тое, упэўнены, што ў гэтым пытаньні мы ў стане гарантаваць поўную транспарэнтнасьць, у выпадку неабходнасьці прыняць экспэртаў і прадэманстраваць усе матэрыялы, каб выключыць інсынуацыі.
На гэтым фоне, вядома, дзівіць пасьпешлівасьць адкрыта ваяўнічых заяў з боку шэрагу краін і эўрапейскіх структур. Сытуацыя прама і відавочна нагнятаецца. Адбываецца яе наўмысная палітызацыя, гучаць нічым не пацьверджаныя абвінавачаньні, лепяцца ярлыкі. Пры гэтым няма ніякага бачнага жаданьня ў ёй аб’ектыўна разабрацца. Замест гэтага неадкладна зноў загучалі лёзунгі пра санкцыі», — заявіў Анатоль Глаз у адказ на рэакцыю ў заходніх краінах на спыненьне самалёта Ryanair над тэрыторыяй Беларусі і захоп у менскім аэрапорце блогера Рамана Пратасевіча.