Эўразьвяз забараніў палёты беларускіх авіякампаній у паветранай прасторы ЭЗ

Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям. Пра гэта паведамляецца на сайце Эўрапейскай рады.

У заяве Эўрапейскай рады тлумачыцца, што гэтае рашэньне вынікае з ранейшых высноваў, калі кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў ЭЗ «жорстка асудзілі незаконнае прымусовае прызямленьне 23 траўня ў Менску рэйсу Ryanair, што паставіла пад пагрозу авіяцыйную бясьпеку». У высновах таксама асуджалася затрыманьне журналіста Рамана Пратасевіча і Соф'і Сапегі, якія ляцелі гэтым рэйсам.

Як паведамілі Радыё Свабода крыніцы ў Эўразьвязе, ёсьць папярэдняя дамова, што ў сераду прадстаўнікі ЭЗ увядуць забарону на ўезд і замарожваньне актываў для 7 чалавек і адной кампаніі ў сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair. Так званы «чацьверты пакет» санкцый чакаецца пазьней – ён мае ўключаць каля 70 чалавек і кампаній, а таксама сэктаральныя эканамічныя санкцыі.

2 чэрвеня Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.

Міжнародная асацыяцыя паветранага транспарту (IATA), якая раней асудзіла дзеяньні кіраўніцтва Беларусі ў інцыдэнце з самалётам Ryanair і заклікала да правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня, скрытыкавала і дырэктыву EASA, назваўшы яе «палітызацыяй авіяцыйнай бясьпекі».

«EASA павінна адмяніць сваю забарону і дазволіць авіякампаніям кіраваць бясьпекай, як яны гэта робяць кожны дзень — з дапамогай нармальных ацэнак апэрацыйных рызыкаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту.

«Палітыка ніколі не павінна ўмешвацца ў бясьпечную эксплюатацыю самалётаў, а палітыкі не павінны выкарыстоўваць авіяцыйную бясьпеку як прыкрыцьцё для рэалізацыі палітычных ці дыпляматычных праграм», — заявіў Уілі Ўолш, генэральны дырэктар IATA.

Мэта дырэктывы EASA, якую прынялі пасьля кансультацый з асобнымі краінамі і Эўракамісіяй, — «зьменшыць патэнцыйную рызыку для пасажыраў і экіпажаў, якая можа паўстаць у выніку дзеяньняў у гэтай паветранай прасторы».

Тады было абвешчана, што нацыянальныя авіяцыйныя ўлады маюць цягам двух дзён прыняць адпаведныя меры і паведаміць пра іх у EASA.

Сярод авіякампаніяў, якія ўжо абвясьцілі пра спыненьне палётаў у Беларусь, — Lufthansa, SAS, Air France, LOT, Finnair і airBaltic.

Тлумачылася, што дырэктыва выклікана інцыдэнтам з прымусовай пасадкай у Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair 23 траўня.

«Пакуль міжнароднае расьсьледаваньне ня высьветліць усіх абставінаў, EASA мае асьцярогі датычна таго, ці можа беларуская паветраная прастора лічыцца бясьпечнай для цывільных палётаў міжнароднай супольнасьці, бо няма поўнай упэўненасьці ў здольнасьці цяперашніх беларускіх уладаў кіраваць паветранай прасторай у адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі», — гаворылася ў дырэктыве.

​
XS
SM
MD
LG