Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» лічыць, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
Пра гэта заявіў намесьнік генэральнага дырэктара беларускага дзяржпрадпрыемства Алег Казючыц, супраць якога пададзены пазоў.
«Па тых публікацыях, якія я прачытаў, я пакуль не разумею, наколькі гэта ўсё афіцыйна, рэальна; можа, чыстай вады ціск ці правакацыя. Ніхто мяне афіцыйна не інфармаваў. Калі б з раніцы не паглядзеў навіны, можа, пра гэта і ня ведаў бы», — сказаў «РИА Новости» Алег Казючыц.
Ён таксама назваў абвінавачаньні «поўнай лухтой». Паводле яго , іх выстаўленьне «непрыгожае, несамавітае, некарэктнае, пераходзіць рамкі здаровага сэнсу».
У чым вінавацяць кіраўнікоў Белаэранавігацыі
У ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва — вынік леташняга інцыдэнту з пасадкай пасажырскага самалёта RyanAir у Менску. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі ЗША.
Абвінаваўчае заключэньне супраць чатырох грамадзянаў Беларусі, якім пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня, пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку 20 студзеня.
Мінюст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала Nexta.
Паводле кіраўніка нью-ёрскага офісу ФБР Майкла Дрыскала, «абвінавачаныя ажыцьцявілі старанна распрацаваную схему інсцэніроўкі пагрозы выбуху, якая прымусіла самалёт зьдзейсьніць экстраную пасадку ў іх краіне, каб яны маглі арыштаваць журналіста-дысідэнта».
У тлумачэньні Мінюстыцыі ЗША адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя органы «сфабрыкавалі пагрозу для ажыцьцяўленьня кантролю над рэйсам і прымусу яго адхіліцца ад курсу да першапачатковага пункта прызначэньня — Вільні, і замест гэтага прызямліцца ў Менску». Паводле дакумэнта, мэтай змовы быў арышт апазыцыйнага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Соф’і Сапегі.
Паводле абвінавачаньня, кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро «асабіста перадаў ілжывую пагрозу выбуху супрацоўнікам менскага цэнтру кіраваньня паветраным рухам яшчэ да таго, як рэйс вылецеў з Атэнаў, і даў указаньне менскаму цэнтру кіраваньня паветраным рухам скіраваць рэйс у Менск у адказ на ўяўную пагрозу».
Ягоны намесьнік Алег Казючыц адказваў за «фальсыфікацыю справаздачы аб інцыдэнтах, зьвязаных з перанакіраваньнем рэйса, каб схаваць фабрыкацыю пагрозы выбуху».
У абвінавачаньні фігуруюць і два супрацоўнікі КДБ Беларусі — Андрэй Анатольевіч (бяз прозьвішча) і яго безыменны калега. Апошні ўдзельнічаў разам з Чуро ў перадачы ілжывай пагрозы выбуху на менскую вежу кіраваньня паветраным рухам, асабіста кіраваў радыёперамовамі зь менскай вежы, каб прымусіць рэйс скіравацца ў Менск, і перадаваў бягучую інфармацыю аб адхіленьні рэйса і ходзе змовы Андрэю Анатольевічу.