28 траўня Белы дом нагадаў, што з 3 чэрвеня пачнуць дзейнічаць новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў.
Як заявіла прэсавы сакратар адміністрацыі Джо Байдэна Джэн Псакі, санкцыі закрануць дзевяць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў.
Адміністрацыя ЗША разам з Эўрапейскім Зьвязам таксама распрацоўвае санкцыі на адрас ключавых членаў ураду Беларусі.
- ЗША асудзілі падзеі, зьвязаныя з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair 23 траўня — разам з ААН, АБСЭ, Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ICAO), краінамі Вялікай сямёркі і NATO.
«Мы працягнем заклікаць гэтыя структуры да крокаў супраць рэжыму Лукашэнкі за парушэньне міжнародных нормаў і падрыў дэмакратыі правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве Белага дому.
- ЗША прыпыняюць выкананьне пагадненьня зь Беларусьсю аб паветраных зносінах, падпісанага ў 2019 годзе
- Фэдэральная ўправа грамадзянскай авіяцыі 28 траўня выпусьціла паведамленьне для пілётаў, у якім «рэкамэндуецца праяўляць надзвычайную асьцярожнасьць, вырашаючы, ці ляцець паветранай прасторай Беларусі».
- 3 чэрвеня ЗША зноў цалкам заблякуюць санкцыямі дзевяць беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, якія ўжо былі ў санкцыйным сьпісе, але атрымалі палёгкі. Цяпер грамадзянам ЗША будзе нельга складаць угоды з гэтымі арганізацыямі і іхнай уласнасьцю. Гаворка пра «Белнафтахім», «Белнафтахім ЗША», «Нафтан», «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белшына», «Гродна Азот», «Гроднахімвалакно», ААТ «Лякафарба», ААТ «Полацак-Шкловалакно».
- ЗША разам з ЭЗ, партнэрамі і саюзьнікамі распрацоўваюць сьпіс адрасных санкцый супраць ключавых членаў рэжыму Лукашэнкі, зьвязаных з парушэньнямі правоў чалавека і карупцыяй, фальсыфікацыяй выбараў 2020 году і сёлетнімі падзяемі 23 траўня. Джо Байдэну падрыхтуюць указ, які дасьць Злучаным Штатам дадатковыя паўнамоцтвы для ўвядзеньня санкцый супраць элемэнтаў рэжыму Лукашэнкі, сыстэмы ягонай падтрымкі і тых, хто падтрымлівае карупцыю, парушэньні правоў чалавека і напады на дэмакратыю.
- Грамадзянам ЗША не рэкамэндуюць езьдзіць у Беларусь.
«Мы прымаем гэтыя меры разам з нашымі партнэрамі і саюзьнікамі, каб рэжым зазнаў адказнасьць за свае дзеяньні і каб прадэманстраваць нашу прыхільнасьць спадзяваньням народу Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
«Мы заклікаем Лукашэнку
- дазволіць вартае даверу міжнароднае расьсьледаваньне падзей 23 траўня,
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных,
- пачаць усёабдымны і сапраўдны палітычны дыялёг зь лідэрамі дэмакратычнай апазыцыі і групаў грамадзянскай супольнасьці, які прывядзе да правядзеньня свабодных і сумленных прэзыдэнцкіх выбараў пад эгідай і кантролем АБСЭ», — заявіла Джэн Псакі.