Міністры замежных спраў 27 траўня абмеркавалі магчымыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair. Пакуль канкрэтных захадаў не абвяшчалі, шэраг краін толькі спыняюць авіязносіны і палёты над Беларусьсю, але гучаць прапановы, каб санкцыі закранулі калійную прамысловасьць, нафтахімічныя кампаніі і фінансавы сэктар Беларусі.
Наколькі эфэктыўнымі могуць быць падобныя санкцыі і ці могуць яны паўплываць на палітыку Лукашэнкі, разважае беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.
Ці можа Эўразьвяз паўплываць на Беларусь эканамічна
— Эўразьвяз спрабуе ўплываць. Тыя абмежаваньні, якія мы сёньня маем, гэта ўпершыню такія значныя санкцыі, якія ўжываюцца ў дачыненьні да Беларусі. Усё астатняе пакуль на ўзроўні размоваў.
Упершыню загаварылі пра калійныя ўгнаеньні, нафтапрадукты, хімічныя тавары — тут удар будзе ўжо сьмяротны
Тут можна адзначыць мяккі сцэнар, то бок абмежаваньні тычацца камэрцыйных, пасажырскіх і авіяцыйных зносін, адмены або замарожваньня інвэстыцыйных праектаў, і тады страты беларускай эканомікі будуць дзесьці 2–2,5% ВУП. Так, балюча, адчувальна, але не сьмяротна.
Калі ўпершыню мы загаварылі пра калійныя ўгнаеньні, нафтапрадукты, хімічныя тавары — тут удар будзе ўжо сьмяротны, таму што бязь зьнешняй падтрымкі беларуская мадэль абрынецца. Ведаеце, калісьці Беларусь была нафтавымі і калійнымі Эміратамі. Вось гэтага Эмірату, уласна, ня стала.
Ці можна будзе гэтыя тавары прадаваць праз Расею ў краіны Эўразьвязу
— Калі будуць дзейнічаць санкцыі, якія амэрыканцы з 2 чэрвеня ўводзяць у дачыненьні да васьмі беларускіх прадпрыемстваў, то там нават тыя арганізацыі, якія маюць справу зь беларускімі санкцыйнымі прадпрыемствамі, таксама падпадуць пад санкцыі. І тады магчымасьць гандляваць праз расейскія структуры будзе рэзка абмежаваная. Але Беларусь ужо пачынае крэатывіць, і вось адна з арганізацый, якая трапіла ў санкцыйны сьпіс, ужо зьмяніла склад уласьнікаў, зьмяніла назву, і беларускія ўлады думаюць, што гэта і ёсьць спосаб пераадолець санкцыі Амэрыкі і, адпаведна, Эўрапейскага Зьвязу, якіх яшчэ няма.
Кантэкст сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі
Але пагроза прымяненьня санкцый у Беларусі — гэта цудоўны кантэкст, у якім сустракаюцца Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, і Лукашэнка, я думаю, папросіць і кампэнсацыю, і грошы на барацьбу з Захадам. Думаю, будзе агучана парадку 5–5,5 мільярда даляраў. Частка гэтых грошай была выдзелена фармальна на будаўніцтва БелАЭС, частка — каля 2 мільярдаў — на рамонт дарогі Берасьце — Масква. Так што адзінай крыніцай фінансаваньня беларускага экспэрымэнту была і застаецца Масква.
Чаго будзе каштаваць Расеі ратаваньне Лукашэнкі
— З аднаго боку, гэта ня вельмі шмат, калі разумець, якую функцыю і ролю адыгрывае Аляксандар Лукашэнка. І тыя грошы, якія фармальна вылучаюцца на Беларусь, — ільвіная іх доля асвойваецца расейскімі кампаніямі. Гэта ня тое што датацыі прыйшлі — бюджэт робіць трансфэр. Таму тут, напрыклад, калі выдзеляць 2 мільярды даляраў на дарогу, то генпадрадчыкам будзе якая-небудзь структура Ратэнбэрга. Адпаведна, іншыя нацыянальныя праекты, у іх удзельнічаюць расейцы, а на падхваце будуць беларускія кампаніі.
І, нарэшце, самае галоўнае. Сёньня цудоўны час для таго, каб нават, напрыклад, калі санкцыі будуць тычыцца «Беларуськалію», то гэта залаты час для «Ўралкалію» — альбо ўвайсьці ў капітал «Беларуськалію», альбо проста заняць нішы, якія сёньня займае «Беларуськалій» на зьнешніх рынках.