ХАМАС зьняпраўдзіў датычнасьць да інцыдэнту з самалётам, які ляцеў над Беларусьсю

Ваяўнік ХАМАСу. Ілюстрацыйнае фота
Ваяўнік ХАМАСу. Ілюстрацыйнае фота

Палестынскі рух ісламскага супраціву ХАМАС, шмат дзе ў сьвеце прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй, адмовіў сваю датычнасьць да інцыдэнту з самалётам Ryanair. Беларускія ўлады сёньня заявілі, што паведамленьне пра бомбу на борце прыйшло па электроннай пошце ад «салдатаў ХАМАСу».

«Мы, салдаты ХАМАС, патрабуем, каб Ізраіль спыніў агонь у сэктары Газа. Эўрапейскі Зьвяз мусіць адмовіцца ад падтрымкі Ізраіля ў гэтай вайне... Вядома, што ўдзельнікі Delfi Economic Forum вяртаюцца дадому рэйсам 4978. У гэты самалёт закладзена бомба. Калі вы ня выканаеце нашы патрабаваньні, бомба выбухне 23 траўня над Вільняй», — зачытаў сёньня ананімны ліст дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі.

Прэс-сакратар ХАМАСу Фаўзі Бархум заявіў, што яго арганізацыя «ня мае да гэтага ніякага дачыненьня». Яго словы цытуе Reuters.

Палестынскія баевікі і Ізраіль ужо чацьвёрты дзень захоўваюць рэжым спыненьня агню пасьля 11-дзённых ваенных дзеяньняў — найгоршай эскаляцыі канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАСам за апошнія гады.

«Мы не ўжываем такіх мэтадаў, гэта маглі быць дзеяньні нейкіх падазроных сілаў, якія імкнуцца дэманізаваць ХАМАС і падарваць сусьветную сымпатыю да нашага палестынскага народу і яго законнага супраціву», — заявіў прадстаўнік ХАМАСу.

​
XS
SM
MD
LG