Міністэрства замежных спраў Беларусі праводзіць у Нацыянальным прэс-цэнтры брыфінг для прадстаўнікоў СМІ, а таксама акрэдытаваных у Беларусі замежных амбасадаў і міжнародных арганізацый.
Акрамя супрацоўнікаў МЗС, былі запрошаныя кіраўнікі Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, Сьледчага камітэту, Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэту, упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў ды іншыя чыноўнікі.
Сярод удзельнікаў брыфінгу ў апошнюю хвіліну зьявіўся палітвязень Раман Пратасевіч. Свабода не цытуе заяваў Рамана Пратасевіча на брыфінгу, бо ён зьняволены.
Прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз панаракаў, што шэраг рашэньняў з боку заходніх партнэраў базуецца на неправеранай і хлусьлівай інфармацыі, таму насьпеў час расказаць усю праўду.
У 15.40 некаторыя дыпляматы і іншыя замежныя госьці пачалі пакідаць залю, агулам сышло каля паловы замежных гасьцей.
«Мы толькі што выйшлі. Ня ўдзельнічаем у гэтым, калі ён (Раман Пратасевіч. — РС) відавочна пад прымусам», — напісаў ў Твітэры карэспандэнт ВВС Джона Фішэр. У камэнтарах пад твітам іншай карэпандэнкі ВВС, Сары Рэйнсфард, удзельнікі выказваюць здагадкі наконт Рамана Пратасевіча: «Яны прымусяць яго сказаць, што ён утрымліваецца па ўласным жаданьні і вінаваты ў злачынствах супраць дзяржавы», — на што Сара рэагуе: «Так, яны могуць».
Што сказаў прадстаўнік Мінтрансу
Дырэктар дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту Арцём Сікорскі запэўніў, што беларускі бок ад першага дня быў адкрыты да перамоваў адносна інцыдэнту з пасадкай самалёта Ryanair, аднак Эўропа «скацілася ў беззаконьне», праігнараваўшы голас Менску.
Ён сказаў, што Эўразьвяз і Ўкраіна нібыта паводле дыскрымінацыйнага прынцыпу ўвялі абмежаваньні на выкарыстаньне замежных лётнішчаў, і запэўніў, што ніякага прымусу да пасадкі самалёта не было. Пасьля гэтага быў уключаны запіс перамоваў дыспэтчараў у Менску і Вільні. З гутаркі вынікае, што ў Літве нібыта не знайшлі спосабу прыняць самалёт з «бомбай», у выніку чаго пілёты вырашылі прызямляцца ў Менску.
Што сказаў прадстаўнік Мінабароны
У сваю чаргу, прадстаўнік Міністэрства абароны Ігар Голуб аспрэчыў факт «паветранага тэрарызму», бо «перахопу» судна зьнішчальнікам Міг-29, які ўзьняўся з аэрадрому ў Баранавічах, нібыта не было. Па яго словах, гаворка выключна пра суправаджэньне, а ня спробу паўплываць на курс «Боінгу». Ён пацьвердзіў, што недалёка знаходзіўся вайсковы верталёт, які займаўся аховай дзяржаўнай мяжы. Але той ніякім чынам паўплываць на сытуацыю ня мог з прычыны розных вышыняў і хуткасьцяў.
Ён сказаў, што мае да камандзіра пасажырскага лайнэра шэраг пытаньняў, якія ня можа задаць наўпрост. Чаму самалёт не пачаў зьніжацца, калі зьбіраўся загадзя зьніжацца? Нарэшце, чаму за 2 хвіліны да перасячэньня мяжы зь Літвой прыняў рашэньне на разварот і пасадку ў аэрапорце «Менск», хоць, паводле ягоных словаў, гэта быў не загад, а толькі рэкамэндацыя менскага дыспэтчара?
Што сказаў прадстаўнік СК
Старшыня Сьледчага камітэту Дзьмітры Гара паведаміў, што паводле факту пасадкі самалёта заведзеная крымінальная справа, але паскардзіўся, што Швайцарыя ігнаруе запыты наконт дапамогі — нібыта менавіта з тамтэйшага сэрвэру адпраўлена ілжывая пагроза пра бомбу на борце.
Пакуль што ніякіх істотных зрухаў у сьледзтве няма. Ці былі гэта «салдаты ХАМАС», як сьцьвярджалася раней, кіраўнік ведамства не ўдакладніў.
Як удакладніў Дзьмітры Гара, Раман Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах КК: арт. 342 (удзел у масавых беспарадках), арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), арт. 130 (распальваньне варажнечы).
Іншая затрыманая на борце Ryanair Соф’я Сапега затрыманая праз падазрэньне ў злачынстве паводле арт. 342 КК (удзел у масавых беспарадках) і ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варажнечы).
Паводле сьледзтва, яна зьяўляецца адміністратарам розных тэлеграм-каналаў, перадусім «Чорная кніга Беларусі», дзе публікаваліся дадзеныя дзяржаўных службоўцаў. Яшчэ паводле аднаго артыкулу – арганізацыя групавых дзеяньняў, якія граба парушаюць грамадзкі парадак, яна падазраваная.
СК выклаў сваю вэрсію, як вывозілі зь Беларусі польскіх актывістак
Таксама Дзьмітры Гара расказаў пра польскіх актывістак, вывезеных у Польшчу. Па яго словах, у адносінах да трох чалавек скасаваная мера стрыманьня, і ім дазволілі пакінуць тэрыторыю краіны пасьля кансультацый з прадстаўнікамі МЗС Польшчы. І хоць, паводле словаў чыноўніка, усё павінна было адбывацца без інфармацыйнага розгаласу, Варшава ўсё «перакруціла на сваю карысьць». Былі паказаныя відэакадры, зьнятыя схаванай камэрай — размова прадстаўніка кансуляту з затрыманымі жанчынамі.
Дзьмітры Гара заявіў, што нібыта за жанчын заступіўся экс-прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў. Жанчыны застаюцца абвінавачанымі ў крымінальнай справе, якая пры пэўным раскладзе мае судовы працяг, сказаў ён.