На Соф’ю Сапегу завялі новую справу, ёй пагражае да 15 гадоў турмы

абноўлена
Соф’я Сапега
Соф’я Сапега

Падрабязнасьці справы невядомыя, паколькі адвакат пад падпіскай аб неразгалошваньні. 14 чэрвеня суд адхіліў скаргу Сапегі на затрыманьне.

Адвакат палітзьняволенай Соф’і Сапегі Аляксандар Філановіч расказаў, што ў Сьледчым камітэце яму далі азнаёміцца з дакумэнтамі аб затрыманьні і завядзеньні 23 траўня яшчэ адной крымінальнай справы супраць ягонай падабароннай, інфармуе ТАСС.

Адвакат кажа, што Сапега пачуваецца добра і падала скаргу ў суд на сваё затрыманьне. 14 чэрвеня прайшоў закрыты разгляд скаргі ў судзе Партызанскага раёну Менску. Прэтэнзіі Сапегі адхілілі, яна застанецца пад вартай, піша РИА Новости.

Паводле «Вясны», палітзьняволеная Соф'я Сапега праходзіць падазраванай паводле трох крымінальных артыкулаў: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак», «Арганізацыя масавых беспарадкаў» і «Распальваньне варожасьці». Агулам Сапезе можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Софʼю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з Раманам Пратасевічам падчас захопу беларускімі ўладамі самалёта кампаніі Ryanair, які ляцеў з Атэнаў у Вільню. Сапега — грамадзянка Расеі. Цяпер яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Пасьля затрыманьня абаіх зьявіліся відэазапісы зь іх «прызнаньнямі». У прыватнасьці, Сапега сказала, што рэдагавала тэлеграм-канал пра беларускіх сілавікоў «Чорная кніга Беларусі», што назвалі не падобным да праўды яе сябры і сваякі.

​
XS
SM
MD
LG