Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заявіў, што не аддасьць Соф’ю Сапегу для суду ў Расеі


Соф’я Сапега

Справу арыштаванай разам са сваім хлопцам Раманам Пратасевічам грамадзянкі Расеі будзе разглядаць беларускі суд, сказаў Лукашэнка.

1 чэрвеня на нарадзе ў Менску Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сьледзтва ў справе грамадзянкі Расеі Соф’і Сапегі, як і беларуса Рамана Пратасевіча, будзе праходзіць у самой Беларусі, інфармуе БелТА.

Раней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў ня выключыў, што расейскі бок падыме пытаньне аб яе пераводзе для суду ў Расею. Па словах Лукашэнкі, на гэтую тэму ён з Уладзімірам Пуціным у Сочы патрацілі няшмат часу.

Сапезе выставілі падазрэньне ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.

Па словах Лукашэнкі, ён запэўніў Пуціна, «што ніякіх ня будзе пытаньняў з доступам консулаў».

Соф’я Сапега — студэнтка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і дзяўчына журналіста Рамана Пратасевіча, уключанага ў Беларусі ў «сьпіс тэрарыстаў» і затрыманага разам зь ёй у аэрапорце Менску пасьля скандальнай пасадкі самалёту рэйсу Атэны — Вільня. Кіраўнік кампаніі Ryanair Майкл О’Ліры назваў інцыдэнт з самалётам «актам фундаванага дзяржавай пірацтва».

Некалькі дзён да Соф’і не пускалі адваката. Па словах юрыста, дзяўчына адчувае сябе нармальна, але зрэдку ў яе здараюцца панічныя атакі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG