Гарадзкі суд Менску адхіліў скаргу абароны Соф'і Сапегі на ўтрыманьне пад вартай, паведамляе ТАСС.
Сёньня ў другой палове дня чакаецца прад’яўленьне ёй абвінавачаньня Галоўным сьледчым упраўленьнем Сьледчага камітэту Беларусі, паведаміў Бі-Бі-Сі адвакат Аляксандар Філановіч.
Каля 16-й ён паведаміў, што затрыманай Соф'і Сапезе абвінавачаньне не прад'яўленае, сьледчыя дзеяньні працягнуцца 1 чэрвеня.
Адносна стану Соф'і адвакат паведаміў: «Зь яе слоў, адчувае сябе нармальна, разумее, дзе знаходзіцца. Часам здараюцца панічныя атакі, але ў цэлым яна зь імі спраўляецца. Скаргаў не выказвае».
Паводле крыніцы, знаёмай з матэрыяламі справы, Соф’ю Сапегу затрымалі на два месяцы ў рамках крымінальнай справы «аб распальваньні сацыяльнай варожасьці» (арт. 130 КК Беларусі). Пры гэтым непасрэдна ў момант затрыманьня ў менскім аэрапорце 23 траўня пратакол і пастанова не афармляліся, хоць яе і зьмясьцілі ў СІЗА.
У судзе, дзе адвакат Соф’і Сапегі абскардзіў яе зьняцьце з рэйсу кампаніі Ryanair, дакумэнтаў аб затрыманьні дзяўчыны таксама не было. Прынамсі, адвакат іх ня бачыў.
Меркавалася, што 31 траўня Сьледчы камітэт прад’явіць абвінавачаньне грамадзянцы Расеі.
Абарона Соф’і Сапегі абскарджвае ў гарадзкім судзе Менску рашэньне райсуду аб адмове прызнаць яе затрыманьне незаконным. Калі суд прызнае, што яе затрымалі без аніякіх на тое падставаў, незаконным становіцца і выбар ёй меры стрыманьня, пасьля чаго студэнтку павінны неадкладна вызваліць.