Адвакат Аляксандар Філановіч падаў скаргу ў Сьледчы камітэт на яе затрыманьне, паведаміла агенцтва ТАСС. Адвакат таксама расказаў, што ня змог сустрэцца з падабароннай і што зробіць наступную спробу заўтра.
Раней стала вядома, што Соф'ю Сапегу, сяброўку Рамана Пратасевіча, арыштавалі на 2 месяцы.
Прадстаўнік амбасады РФ сустрэўся з Соф'яй, паведамілі РИА Новости ў дыпмісіі. Паводле яго, дзяўчына адчувае сябе нармальна, скаргаў на некарэктнае абыходжаньне не выказвала.
Учора расейскі консул сустрэўся з бацькамі Сапегі.
Софʼю Сапегу, грамадзянку Расеі, затрымалі разам з Пратасевічам пры экстранай пасадцы ў Менску самалёта Ryanair. Пазьней паведамілі, што яе затрымалі праз падазрэньне ў зьдзяйсьненьні цягам жніўня і верасьня 2020 году злачынстваў, за якія прадугледжаная адказнасьць згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі. Якое абвінавачаньне ёй выставілі, пакуль невядома.