Тэлеграм-канал Tut.by падсумаваў зьмест інтэрвію.
- Пратасевіч заявіў, што цалкам прызнаў сваю віну па артыкуле 342 КК (ён не ўказаў, пра якую частку артыкула ідзе гаворка, але калі гаварыць у цэлым пра 342-ы артыкул, то размова аб арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пратасевіч распавёў пра нейкі чат, які нібыта кіраваў пратэстнай актыўнасьцю. Ён пералічыў, хто нібыта удзельнічаў у гэтым чаце. Паводле слоў Пратасевіча, гэта ў тым ліку Сьцяпан Пуціла, Франак Вячорка, Антон Матолька.
- Затрыманы сказаў у інтэрвію, што Ціханоўская — галоўны беларускі палітык для ўсяго Захаду. Ён таксама заявіў, што паважае Лукашэнку.
- На пытаньне, чаму Пратасевіч і Сапега ня выдалілі інфармацыю з тэлефонаў, калі зразумелі, што самалёт пасадзілі ў Менску, сказаў: «Мы абодва знаходзіліся ў стане стрэсу, таму мозг практычна не працаваў. Было не да гэтага. Першарадная задача была проста супакоіцца».
- Пратасевіч выказваў шмат здагадак і інфармацыі «з кулюараў», у тым ліку аб жыльлёвых умовах і матэрыяльным становішчы некаторых апазыцыйных дзеячаў. Пры гэтым ён неаднаразова са шкадаваньнем адзначаў, кажучы пра працу ў розных праектах, што яго «адсунулі ў бок», «абіраліся звольніць» і г.д.
Пратасевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ягоныя бацькі заяўлялі пра сьляды зьбіцьця на ягоным твары. Свабодзе невядома, у якім стане рэальна знаходзіцца Раман Пратасавіч, якія спосабы фізычнага і псыхалягічнага ўзьдзеяньня да яго прымяняюцца, як і немагчыма атрымаць камэнтар самога палітвязьня.
Палітвязьні, якія прайшлі праз СІЗА КДБ у мінулым, прыгадваюць пра розныя формы катаваньняў.