Агенцтва авіяцыйнай бясьпекі Эўразьвязу (EASA) выпусьціла дырэктыву, у якой заклікала ўлады дзяржаваў EASA абавязаць нацыянальных авіяперавозчыкаў пазьбягаць паветранай прасторы Беларусі.
Мэта дырэктывы, якую прынялі пасьля кансультацый з асобнымі краінамі і Эўракамісіяй, — «зьменшыць патэнцыйную рызыку для пасажыраў і экіпажаў, якая можа паўстаць у выніку дзеяньняў у гэтай паветранай прасторы».
Нацыянальныя авіяцыйныя ўлады маюць цягам двух дзён прыняць адпаведныя меры і паведаміць пра іх у EASA.
Тлумачыцца, што дырэктыва выклікана інцыдэнтам з прымусовай пасадкай у Менску самалёта ірляндзкай авіякампаніі Ryanair 23 траўня.
«Пакуль міжнароднае расьсьледаваньне ня высьветліць усіх абставінаў, EASA мае асьцярогі датычна таго, ці можа беларуская паветраная прастора лічыцца бясьпечнай для цывільных палётаў міжнароднай супольнасьці, бо няма поўнай упэўненасьці ў здольнасьці цяперашніх беларускіх уладаў кіраваць паветранай прасторай у адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі», — гаворыцца ў дырэктыве.
EASA таксама паведамляе, што будзе пераглядаць гэтую дырэктыву «калі гэтага запатрабуюць абставіны, але ў любым выпадку з інтэрвалам ня больш за месяц».