7 краін Эўразьвязу, Вялікая Брытанія і ЗША выступілі з супольнай заявай аб здарэньні з самалётам у Менску

Прызямленьне самалёту з Атэнаў у Вільні 23 траўня. Рэжым Лукашэнкі паўдня трымаў самалёт у Менску
Прызямленьне самалёту з Атэнаў у Вільні 23 траўня. Рэжым Лукашэнкі паўдня трымаў самалёт у Менску

Палітыкі Чэхіі, Нямеччыны, Латвіі, Польшчы, ЗША, Эстоніі, Ірляндыі, Літвы і Вялікай Брытаніі патрабуюць адрэагаваць санкцыямі за інцыдэнт з самалётам Ryanair Атэны — Вільня, які прымусова пасадзілі ў Менску.

Супольную заяву падпісалі старшыні парлямэнцкіх камітэтаў замежных справаў сваіх дзяржаў: Павэл Фішэр (Чэхія), Норбэрт Ротген (Нямеччына), Рыхардс Колс (Латвія), Богдан Кліх (Польшча), Боб Мэнэндэс (ЗША), Марка Міхкельсан (Эстонія), Чарлі Фланаган (Ірляндыя), Жыгімантас Павілёніс (Літва), Том Тугендгат (Вялікая Брытанія).

Яны лічаць, што міжнароднай супольнасьці нельга заставацца ў баку ад сытуацыі з пасадкай самалёта ў Менску і затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча. Яны заклікалі дзяржавы NATO і Эўрапейскага Зьвязу ўвесьці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і пазбавіць нелегітымныя ўлады права выкарыстоўваць Інтэрпол і іншыя міжнародныя арганізацыі для далейшага нападу на дэмакратыю ў Эўропе.

Палітыкі заклікалі да правядзеньня свабодных выбараў пад наглядам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтве ў Эўропе і да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня Рамана Пратасевіча і ўсіх іншых палітычных зьняволеных.

«Тыраніі ня месца ні ў Беларусі, ні ў Эўропе. Яна пагражае ня толькі сваім грамадзянам, але і мільёнам іншых людзей па ўсім сьвеце».

23 траўня ў Менску ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, пілёты падалі аварыйны сыгнал, бо ім паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. На распараджэньне Лукашэнкі дзеля суправаджэньня гэтага самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29.

Улады Беларусі затрымалі двух пасажыраў рэйсу — журналіста Рамана Пратасевіча, які ўваходзіць у так званы «тэрарыстычны сьпіс», і ягоную дзяўчыну. Дагэтуль нічога невядома, у якім яны стане і дзе іх утрымліваюць улады.

​
XS
SM
MD
LG