СМІ: Польскі ўрад загадае нацыянальнай авіякампаніі LOT абмінаць Беларусь

Урад Польшчы хоча забараніць нацыянальнай авіякампаніі LOT Polish Airlines уваход у паветраную прастору Беларусі.

Пра гэта 24 траўня паведаміў польскі радыёканал RMF FM. Рашэньне ў гэтым пытаньні магчымае сёньня або заўтра.

Як адзначае радыёканал, цяпер толькі два маршруты LOT закранаюць беларускую прастору, таму маштаб зьменаў будзе невялікі: яны будуць датычыць рэйсаў у Менск і Маскву. На практыцы рашэньне аб забароне ўваходу машын LOT у беларускую прастору азначае, што рэйсы з Польшчы ў Менск будуць адмененыя, а рэйсы ў Маскву будуць ісьці іншым, больш доўгім маршрутам.

Польскі ўрад вырашыў зрабіць такі крок, падкрэсьліваюць журналісты RMF FM, паколькі баіцца, што «рэжым Аляксандра Лукашэнкі можа неўзабаве захапіць яшчэ адзін польскі самалёт з пасажырамі». Журналісты дадаюць, што Міністэрства замежных спраў Польшчы папярэдзіла тых, хто публічна крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, каб пазьбягалі паездак у Беларусь.

Рашэньне абмінаць паветраную прастору Беларусі ўжо прыняў латвійскі авіяперавозчык airBaltic.

​
XS
SM
MD
LG